Урочышча Гай — мемарыяльны комплекс у Баранавічах на ўшанаванне памяці 3 тыс. чэхаславацкіх грамадзян (у т.л. 1 тыс. яўрэяў з гета Тэрэзіенштата) — ахвяр фашысцкага тэрору ў Другую Сусветную вайну.
Створаны на заходняй ускраіне г. Баранавічы ў 1972 г. (скульптар М. Альтшулер, арх. М. Мілавідаў, А. Марэніч, А. Макараў). На месцы, дзе стаяў кулямёт, з якога расстрэльвалі ахвяр у чэрвені 1942 г., устаноўлены цэнтральны манумент: дзве бетонныя пліты (вышіня 13 і 14 м), злучаныя аркай у цэнтры. Яны нагадваюць слупы агароджы канцлагера. Уверсе да іх прымацаваны бронзавы звон, унізе — медны рэльеф з выявай мноства рук, узнятых і сціснутых у пратэсце, болі і адчаі. У комплекс уваходзяць дзве брацкія магілы, аб’яднаныя бетоннай плітой з надпісам-прысвячэннем, сімвалічны «Парог жыцця і смерці» — бетонны брус, пакладзены ўпоперак палявой дарогі, «Сцяна загінуўшых» з трох тысяч камянёў, на якой прымацаваная мемарыяльная мармуровая дошка з выявамі цярновай галінкі і надпісам на рускай і чэшскай мовах: «Светлай памяці чэхаславацкіх братоў». Лаканічнае вырашэнне тэмы, выразнасць помніка, журботныя гукі звона ствараюць вялікае эмацыянальнае ўражанне.
Літаратура
Урочышча Гай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 589. — ISBN 985-11-0214-8.
Катэгорыя:Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі Катэгорыя:Славутасці Баранавічаў Катэгорыя:Мемарыяльныя комплексы Беларусі Катэгорыя:Чэхі ў Беларусі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Анатоля Марэніча Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Адольфа Макарава Катэгорыя:Творы Майсея Альтшулера