Царква ў гонар Адсячэння галавы Іаана Прадцечы — праваслаўны храм у в. Була (Івацэвіцкі раён). Размешчана ў баку ад вёскі, у полі. Узор народнага драўлянага дойлідства. Адзначана ў 1871 гЦерковные ведомости. 1903. № 44. С. 1728..
Архітэктура Царква вырашана прамавугольным у плане працяглым зрубам, накрытым двухсхільным дахам, пераходзячым над трохграннай апсідай у вальмавы. З боку франтальнага фасада ў дах урэзана чатырохгранная шатровая званіца з макаўкай, над апсідай узведзены цыбулепадобны купалок на васьмігранным барабане. Арачны ўваходны праём аформлены чатырохслуповым ганкам пад двухсхільным пакрыццём; над ім у цэнтры трапецападобнага фігурнага зашытага шчыта круглая люкарна. Гарызантальна ашаляваныя фасады апяразаны разным падзорам, рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў простых дашчаных ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
Інтэр’ер У інтэр’еры мастацкую каштоўнасць уяўляе алтарны абраз-фератрон «Маці Божая з дзіцем» і «Апостал Фама» (мяжа XVIII—XIX стст., палатно на дошцы, драўляная шата), абраз «Укрыжаванне з прадстаячымі» (мяжа XVIII—XIX стст., палатно, алей).
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
Спасылкі
Катэгорыя:Була (Івацэвіцкі раён) Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Івацэвіцкага раёна Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Храмы Пінскай і Лунінецкай епархіі Катэгорыя:1849 год у Беларусі