Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы — праваслаўны храм у аграгарадку Буховічах Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.
Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Гісторыя Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1674 годзе з цэглы і дрэва манахамі-дамініканцамі як касцёл Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі па фундацыі Пухальскіх. У 1832 годзе касцёл перададзены праваслаўным. Перабудоўваўся ў 1862 і 1870 гадах падрадчыкам Сідароўскім па даручэнні мітрапаліта Літоўскага і Віленскага, у 1877 годзе — архітэктарамі Мсціславам Барташэўскім і Канстанцінам Увядзенскім.
24 чэрвеня 1881 года царква асвечана пасля чарговага капітальнага рамонту.
Архітэктура Помнік архітэктуры барока. У 1889 годзе да прамавугольнага ў плане будынка пад вальмавым дахам прыбудавана трох’ярусная званіца (верхні ярус — драўляны шатровы васьмярык), адноўлены дах і надбудавана вежа з цыбулепадобным купалам над апсідай. Гэта прыўнесла ў архітэктуру барочнага храма рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. Трохчасткавую кампазіцыю храма складаюць прамавугольныя ў плане асноўны аб’ём і апсіда з рызніцай, накрытыя вальмавымі дахамі. Вуглы храма ўмацаваны контрафорсамі. Уваход фланкіруюць 2 магутныя пілоны з паўкруглымі нішамі-конхамі.
Інтэр’ер
Унутраная прастора перакрыта бэлечнай столлю з трохвугольнай формай па цэнтры, драўляным разным іканастасам (спраектаваны ў 1877 годзе архітэктарам Розенам) падзелена на малітоўную залу і апсіду ў агульных габарытах асноўнага аб’ёму. У апсідзе знаходзіцца абраз-таблетка XVIII стагоддзя «Спас з дзяржавай» і на адвароце «Маці Божая Адзігітрыя».
Літаратура
— С. 96 — С. 363 — С. 254 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна, ф. 97, воп. 97, воп. 1, спр. 276, арк. 1 −39. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі у г. Гродна, ф. 97, воп. 1, спр. 276, арк. 44. Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
Катэгорыя:Буховічы Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Кобрынскага раёна Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1674 год у Еўропе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:Дамініканскія кляштары Беларусі