Царква Святога Дзмітрыя Растоўскага — праваслаўны храм у в. Выдранка, Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. У цэнтры вёскі.

Гісторыя

Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя з дрэва.

У 2007 годзе занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Архітэктура Помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю мадэрн. Храм падоўжна-восевай чатырохчасткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асноўны аб’ём і пяцігранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынку дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі галоўкамі васьміграннага барабана асноўнага аб’ёму і двух’яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Стракатасць агульнай кампазіцыі ўзбагачаюць рознавялікія дзвюхгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах з разнымі падаконнікамі і прафіляванымі сандрыкамі з замковым каменем (імітацыя элементаў мураванай архітэктуры). Галоўны і два бакавыя ўваходы вылучаныя бочкападобнымі пакрыццямі на фігурных разных слупах, умацаваныя бэлечнымі перавязкамі, дэкарыраваныя авальнымі медальёнамі з абразамі.

Інтэр’ер

У інтэр’еры дамінуе прастора сяродкрыжжа, перакрытая шатровым скляпеннем на ветразях, пакрытых выявамі евангелістаў, і асветленая верхнімі вокнамі барабану. Бакавыя прытворы, бабінец і апсіда адкрываюцца шырокімі прасветамі. Дзве галерэі хораў арыгінальна ўбудаваныя ў бакавых прыдзелах, асветленыя парамі арачных акон у шчытах. Апсіда вылучана 3-ярусным іканастасам. Сцены пакрыты арнаментальна-арабескавай размалёўкай.

Літаратура — С. 136 — С. 255 Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Краснапольскага раёна Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі мадэрн Катэгорыя:Выдранка (Краснапольскі раён) Катэгорыя:Храмы Магілёўскай і Мсціслаўскай епархіі Катэгорыя:1905 год у Беларусі