На́рач, Нарача́нка, Нароча — рака ў Мядзельскім і Вілейскім раёнах Беларусі, правы прыток Віліі. Даўжыня 75 км. Вадазбор 1650 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Назва Назва ракі Нарач (Нарачанка) найімаверней вытворная ад назвы возера Нарач, балцка-літоўскага паходжання. Нарач (значэнні).
Агульнае Выцякае на поўдзень з возера Нарач у Мядзельскім раёне, цячэ ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, упадае ў Вілію за 1,2 км на паўднёвы захад ад в. Красніца (Вілейскі раён).
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім трапецападобная, шырынёй 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова аблесеная, у верхнім і сярэднім цячэнні забалочаная (шырыня 300—600 м), ніжэй в. Нарач перарывістая, вузкая, адкрытая.
Азёрнасць 6 % (найбольшыя азёры ў вярхоўі ракі — Нарач, Мястра, Баторына, Бледнае). Каля вытоку ракі паблізу ад былога хутара Скок сажалкі.
Рэчышча звілістае, яго шырыня 8—16 м, ад в. Слабада на працягу 5 км каналізаванае. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, на астатнім працягу стромкія.
Асноўныя прытокі: Панурка, Вузлянка, Спягліца, Груздзеніца, Ганутка.
Рака замярзае ў пачатку снежня, крыгалом пачынаецца ў сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход працягваецца каля 9 сутак.
Фаўна Водзяцца сіг, шчупак, лешч, вугор рачны, ялец, верхаводка, гусцяра, язь, плотка, мянтуз, краснапёрка, акунь, джгір звычайны.
Турызм Рака папулярная сярод турыстаў-воднікаў. На маляўнічых берагах рэк Нарач і Вузлянка размешчана зона адпачынку Вузлянка. На працягу паўкіламетра перад вусцем Нарачанкі на яе левым беразе пабудаваны турыстычныя стаянкі.
У міжрэччы Нарачы і Вузлянкі ўтвораны гідралагічны заказнік «Чарэмшыцы».
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Рака Нарач ў даведніку "Водныя рэсурсы Нацыянальнага парка «Нарачанскі» Рака Нарач на карце Мядзелскага раёна
'«Ля заснежанай Нарачанкі»' // «Рэгіянальная газета»
Катэгорыя:Прытокі Віліі Катэгорыя:Рэкі Мядзельскага раёна Катэгорыя:Рэкі Вілейскага раёна