Нясві́жскі за́мак — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў. Закладзены князем М. К. Радзівілам Сіроткам у 1583 г. на паўднёвым захадзе ад Нясвіжа, на месцы драўлянага замка (1533). На пачатку (да 1599 г.) у будаўніцтве ўдзельнічаў італьянскі архітэктар Дж. Бернардоні. У XVI—XX стагоддзях — рэзідэнцыя князёў Радзівілаў. Уключае ў сябе ўласна замак, замкавыя ўмацаванні, а таксама вялікі ландшафтна-пейзажны парк.
Нясвіжскі замак з'яўляецца родапачынальнікам новага тыпу бастыённых умацаванняў у Беларусі — так званай новаітальянскай сістэмы. На момант пабудовы замак лічыўся адным з самых магутных і дасканалых збудаванняў падобнага тыпу. У замку не было недахопу ў артылерыі, ручной агнястрэльнай зброі і вайсковай амуніцыі. Замак меў важнае ваеннае значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў, быў месцам сканцэнтравання атрадаў прыватнай арміі Радзівілаў.
У агульнай планіроўцы і пабудове Нясвіжскага замка прыкметная тэндэнцыя да сіметрычнасці. Цэнтральны корпус, значна перабудаваны ў XVIII стагоддзі, вылучаецца сваім архітэктурна-мастацкім рашэннем. Пілястры, рэльефныя дэкарацыі, скульптурныя застаўкі надаюць фасаду пластычнасць, багатая ляпніна высокага франтона з гербам — шыкоўнасць і ўрачыстасць.
3 тыльнага боку цэнтральнага корпуса знаходзіцца двухпавярховая прыбудова з тэрасай і дзвюма вуглавымі вежамі, а ва ўсходняй васьміграннай вежы на другім паверсе — каплічка князя, перакрытая купалком з ляпнінай.
Вежа з аркай уезду ў замак вынесена наперад да моста і выканана ў выглядзе параднай брамы, характэрнай для беларускага дойлідства. Арка пераходзіць у тунэль са скляпеннямі, які праразае насыпны вал і выводзіць у двор насупраць цэнтральнага корпуса. Такі прыём стварае цікавую глыбінную перспектыву.
Вонкава палац выглядаў заўсёды вельмі рамантычна: манументальнае збудаванне з гарманічнымі вежамі рознай велічыні, узнятае над вадой, патанае ў зеляніне дрэў.
Сярэднявечны феадальны замак пасля некалькіх перабудоў ператварыўся ў палацава-замкавы ансамбль з вялікім адкрытым дваром, акружаным манументальнымі будынкамі. У ім пераплялося мноства розных стыляў, што сведчыць аб выкарыстанні мастацкіх дасягненняў розных гістарычных эпох. Упрыгожаны стройнымі вежамі і вежкамі, комплекс набыў рамантычную прывабнасць, а вада ў сажалках і яркая зеляніна ландшафтнага парку завяршылі фарміраванне палацава-замкавага комплексу, аднаго з лепшых ва Усходняй Еўропе.
Увесь комплекс занесены ў Сусветную спадчыну ЮНЕСКА з 2005 года. thumb|280px|Нясвіжскі палац мае вельмі рамантычны від — манументальнае збудаванне з гарманічнымі вежамі рознай велічыні, узнятае над вадой, патанае ў зеляніне дрэў…
У дарадзівілаўскую эпоху
З XIX ст. пэўны час першай згадкай пра Нясвіж лічылі ўпамінанне пад 1223 годам князя Юрыя Нясвежскага (Юрья Несвежъского), аднаго з удзельнікаў бітвы на Калцы, забітага татарамі сярод іншых князёў, у т.л. «…Святаслава Шумьскаго, Мсціслава Чернеговського з сынам,…». Пры гэтым «Спісам рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст. гарады «Шумьскыи і Несвежьскыи» згадваюцца ў Уладзіміра-Суздальскай зямлі. Вядомы ў XIV—XVI ст. і князі Несвіцкія на Валыні, чыім родавым уладаннем напэўна быў Несвіч (цяпер у Луцкім раёне Валынскай вобл. Украіны), а нашчадкамі князі Збаражскія, ніяк з Нясвіжам не звязаныя.
Першая пэўная згадка Нясвіжа паходзіць з Літоўскай метрыкі, калі вялікі князь Казімір Ягелончык у 1445 годзе даў яго Мікалаю Няміравічу, ад гэтага надання захаваўся толькі паслушны ліст: «Ѡт великог(о) кн(я)зя Казимира королевича ко всим людемъ Несвижаномъ, [ш]то Клавко дѣржалъ. Дали есмо | Несвижь паноу Миколаю Немировичоу со всим, по тому ж, какъ Клавко дѣржалъ. И вы бы его были | послушни. Псан оу Меречи сентяб(ря) 17 день, индик(т) оу 9»Ліцкевіч А. Яшчэ раз пра «Пачаткі Нясвіжа»: першая пісьмовая згадка і асоба нобіля Клаўкі // Герольд Litherland, № 19. — Горадня-Менск, 2013. — С. 44-53.. У дакуменце Нясвіж не называецца ні замкам, ні горадам, ні дваром.
Наступная згадка Нясвіжа тычыцца падзей 1495—1505 гадоў, з яе зразумела, што ў канцы XV ст. «двор Нясвіж» належаў маршалку гападарскаму і намесніку бельскаму Солтану Аляксандравічу. 10 лістапада 1492 г. новаабраны вялікі князь літоўскі Аляксандр надае Нясвіж маршалку земскаму і троцкаму ваяводзе Пятру Янавічу Мантыгірдавічу. У 1502 годзе Нясвіж згадваецца ў Хроніцы Быхаўца ў сувязі з набегам крымскіх татараў: «Татарове ж пошли в загоны в землю и шедши воевали около Клецка и Несвижа и зажгли город Клецк…». Як цэнтр воласці Нясвіж выступае і ў грамаце 1509 годзе, якая паказвае, каго і куды кароль адправіў перапісваць землі.
Такім чынам, шэраг крыніц сярэдзіны XV — пачатку XVI ст. сведчыць, што Нясвіж тады ўжо існаваў, аднак быў не горадам, а «дваром», цэнтрам невялікай воласці. thumb|справа|300px|Магчымае першапачатковае знаходжанне «двара Нясвіжа» на месцы гарадзішча Замкавішча за 3 км на ўсход ад сучаснага замка Археалагічныя даследаванні на месцы сучаснага замка сведчаць, што замак і паселішча з’явіліся тут не раней за XVI ст. Знаходкі на тэрыторыі замка адносяцца да канца XVI — пачатку XIX ст., блізкія да матэрыялаў з раскопак Мірскага замка, які з 1568 года належаў Радзівілам. На думку А. Мяцельскага, першапачатковы «двор Нясвіж» размяшчаўся на гарадзішчы правабярэжжа Ушы, паміж сучаснымі вёскамі Слаўкава, Качановічы і Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна, за 3—4 км на ўсход ад сучаснага горада. Гарадзішча вядома пад мясцовымі назвамі Замкавішча і Багумілле. Функцыянаванне гарадзішча спынілася ў асноўным на мяжы XV—XVI ст..
Уладальнік Нясвіжа канца XV ст. троцкі ваявода Пётр Янавіч Мантыгердавіч загінуў у 1494 годзе не пакінуўшы сыноў, яго вялікія ўладанні былі падзелены, Нясвіж адышоў да дачкі Соф’і, якая была замужам са смаленскім ваяводам Станіславам Кішкам — такім чынам Нясвіж аказаўся сярод уладанняў Кішак.
У 1513 годзе князёўна Ганна з Кішак узяла шлюб з Янам Радзівілам (Барадатым), да якога перайшоў Нясвіж разам з замкам. Гэтую дату Радзівілы лічаць афіцыйнай датай пачатку свайго валодання Нясвіжам, таму ў 1913 годзе яны ўрачыста адзначылі 400-гадовыя ўгодкі валодання горадам.
Драўляны замак Лічыцца, што драўляны замак быў пабудаваны пры ўладальніках Кішках, перабудова замка прыпісваецца Мікалаю Радзівілу Чорнаму (згадваецца ў 1551 г.). Археалагічна замак ніколі не быў даследаваны і вядомы толькі дзякуючы гравюры Т. Макоўскага, дзе ён часткова праглядаецца ў ніжнім левым куце гравюры з выявай Нясвіжа і паказаны пад назвай «Domus capitanei» — «Дом старасты».
Размяшчаўся на ўзгорку на тэрыторыі сучаснага Старога парку. Гэта ўзвышша, верагодна, першапачаткова знаходзілася пасярод балот і было добра абаронена з усіх бакоў, а з паўднёвага боку яно фактычна замыкала мыс, на якім пасля быў пабудаваны замак Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Аб памерах гэтага ўзвышша можна меркаваць па плане Нясвіжа 1796, на якім гэта ўзвышша знаходзіцца на поўнач ад каменнага замка Мікалая Радзівіла Сіроткі, на гэтым узвышшы ў той час размяшчаліся стайні і карэтны двор Радзівілаў. Мяркуючы па плане, узвышша мела памеры каля 200х100 метраў і стаяла напачатку мыса паміж утвораным пазнейшым Дзікім возерам і багністай нізінай, размешчанай на паўночным захадзе ад замка. Узвышша яшчэ праглядаецца на плане горада 1796, але ўжо адсутнічае на плане горада 1810 года.
thumb|злева|400px|Domus capitanei на фрагменце гравюры Т. Макоўскага (глядач «стаіць» тварам на поўдзень) Мяркуючы па фрагменце гравюры, замак меў чатырохвугольную форму з чатырма трох'яруснымі вежамі па кутах і ўязной брамай з паўночна-ўсходняга боку. На гравюры выразна відаць два ўзроўні байніц, якія ўзвышаюцца над замкавымі сценамі, часткі веж.
Па сваёй планавай кампазіцыі замак уяўляў сабою тыповы замак-кастэль, характэрны для Заходняй Еўропы канца XV — першай паловы XVI ст. і меў найбліжэйшую планавую аналогію з Мірскім замкам. На тэрыторыі замка знаходзіліся: каля паўднёва-заходняй сцяны стаяў двухпавярховы княжацкі палац з двума рызалітамі і ганкам з аднасхільным дахам паміж імі. Каля ўсходняй сцяны замкавага падворка быў двухпавярховы будынак, а ў цэнтры — базіліка. Уздоўж заходняй сцяны замка стаялі яшчэ некалькі аднапавярховых будынкаў.
Вялікі будынак з двума рызалітамі (княжацкі палац) быў павернуты ва ўнутраную частку замка. Зыходзячы з прапорцый, будынак быў трохпавярховы, як і вежы. Паміж рызалітамі размяшчаўся ўваход у будынак, аформлены ў выглядзе аднасхільна крытага ганка. Мяркуючы па афармленні франтонаў, гэты будынак быў цагляным, хоць не выключана, што аўтар мог проста нарысаваць замак, а насамрэч ён быў драўляным.
Бліжэй да цэнтра замка, перпендыкулярна будынку палаца, паказаны іншы вялікі будынак. Гэты будынак мае закруглены франтон, што дазваляе разглядаць яго як культавае збудаванне, пабудаванае ў стылі гатычнай базілікі. На процілеглым фасадзе гэтага будынка праглядаецца крыж. Хутчэй за ўсё, улічваючы рэлігійныя погляды Мікалая Радзівіла Чорнага і яго брата Яна, гэты будынак з'яўляецца кальвінісцкім зборам.
Каля паўднёва-ўсходняй сцяны замка паказаны яшчэ адзін вялікі шматпавярховы будынак, а ўздоўж паўночна-заходняй сцяны быў невялікі аднапавярховы будынак. Другі будынак, які стаяў уздоўж паўночна-заходняй сцяны, — значна большы. Цэнтр замка паказаны як тэрыторыя, засаджаная дрэвамі, — магчыма, тут знаходзіўся невялікі замкавы парк, што ў цэлым было даволі распаўсюджанай з'явай у замках Заходняй Еўропы.
Ролю замку як буйнога ваеннага цэнтра пацвярджае і вялікі спіс ваеннага рыштунку, які быў вывезены з Нясвіжскага замка ў 1569 у Чарнаўчыцы пад Брэстам. Як доўга функцыянаваў гэты замак, дакладна невядома, хутчэй за ўсё пасля пабудовы новага каменнага замка Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам, верагодна, яго пабудовы паступова прыйшлі ў заняпад. У інвентары Нясвіжскага княства 1628—29 «Domus capitanei» ўжо не згадваецца, імаверна, к гэтаму часу яго будынкі былі разабраны.
Будаўніцтва мураванага замка thumb|злева|200px|Заснавальнік замка М. К. Радзівіл Сіротка. 17 ст. Невядомы мастак. Лічыцца, што першапачатковая распрацоўка праекта замка пачалася М. К. Радзівілам Сіроткам адразу ж пасля размеркавання былых уладанняў бацькі з братамі ў снежні 1577. На праектным плане палаца, знойдзеным у Кіеўскім архіве, напісана, што палац быў закладзены ў 1582, тады як на закладной дошцы, якая вісіць над уваходам у палац, надпіс паведамляе: «Мікалай Крыштоф Радзівіл, князь на Алыцы і ў Нясвіжы, граф у Шыдлаўцы, Міры і Крожах, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, іерусалімскі кавалер, пасля шматлікіх прац, якія ён вынес дзеля дзяржавы пры Жыгімонце Аўгусце, Генрыху і Стэфане, першых каралях, як у мірны час, так і на вайне, каб засведчыць сваю любоў роднаму дому падчас паломніцтва ў Святую зямлю, ажыццёўленага паводле зароку, сам будучы адсутным, заклаў першыя падмуркі гэтага замка, у год ад нараджэння Збавіцеля 1583, 7 мая». Таму, афіцыйнай датай пачатку будаўніцтва лічыцца 7 мая 1583 года.
Няясна, што прымусіла нясвіжскага князя Мікалая Радзівіла Сіротку ў маі 1583 года пачаць будаўніцтва сучаснай крэпасці на месцы старога драўлянага замка. Прычынай гэтага мог быць пажар, а магчыма на рашэнне князя паўплывала еўрапейская фартыфікацыйная практыка. Вядома, што зіму 1581 г. Радзівіл правёў у Італіі, дзе мог на ўласныя вочы бачыць і належным чынам ацаніць узоры італьянскага ваеннага дойлідства. Традыцыйна лічыцца, што новы замак было даручана пабудаваць італьянскаму архітэктару Джавані Бернардоні, вучню італьянскіх дойлідаў Джакама да Віньёла і Джакама Дэла Порта, які прымаў удзел у будаўніцтве славутай царквы Іль-Джэзу ў Рыме. Вера ў здольнасці і талент архітэктара была настолькі вялікая, што Мікалай Радзівіл паехаўшы у вандроўку ў Палесціну, дазволіў весці будаўнічыя працы без сябе. 16 красавіка 1583 г. князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка ўступіў на карабель, які плыў у Святую зямлю. Падчас вандравання Мікалая Радзівіла Сіроткі па Святой зямлі ў Нясвіжы будаўніцтва бастыённага замка працягвалася, а пасля вяртання князя і адыходу яго ад грамадскага жыцця ў 1584, пачаўся найбольш актыўны перыяд будаўніцтва замка, які працягваўся да 1600 года.