Лу́тчына (трансліт.: Lutčyna, руск.: Лутчино) — вёска ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Валосавіцкага сельсавета.
Геаграфія Вёска знаходзіцца за 22 км на паўднёвы ўсход ад горада Лепель, за 134 км ад Віцебска. Транспартныя сувязі ажыццяўляюцца па мясцовай дарозе праз вёску Малыя Таронкавічы і далей па аўтадарозе Лепель—Халопенічы.
Гісторыя У XVII стагоддзі згадваецца як вёска ў Полацкім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У 1772 годзе была ў складзе маёнтка Гілі, з’яўлялася шляхецкай уласнасцю.
У пачатку XX стагоддзя — засценак у Лукомскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 годзе ў засценку было 12 двароў, 132 жыхары; з’яўляўся ўласнасцю памешчыка Кандратовіча, якому належала 520 дзесяцін зямлі.
З 1 студзеня 1919 года сяло ў складзе БССР, аднак ужо 2 лютага перададзена ў склад РСФСР. 11 ліпеня 1919 года ў складзе Сенненскага павета вёска была ўключана ў Віцебскую губерню РСФСР. У 1923 годзе Сенненскі павет быў скасаваны.
20 жніўня 1924 года маёнтак увайшоў у склад Ляхавіцкага сельсавета (цэнтр з 1927 года — вёска Грыгаравічы) Лепельскага раёна Барысаўскай акругі (з 9 чэрвеня 1927 па 26 ліпеня 1930 — Полацкай акругі, з 21 чэрвеня 1935 — Лепельскай акругі). З 20 лютага 1938 года ў складзе Віцебскай вобласці.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны з ліпеня 1941 года па 27 чэрвеня 1944 года вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У баях на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 12 аднавяскоўцаў.
21 лістапада 1959 года вёска ўвайшла ў склад Валосавіцкага сельсавета. У 1996 годзе ўваходзіла ў склад саўгаса «Валосавічы» (цэнтр — вёска Новыя Валосавічы). З 1 чэрвеня 2017 года ў складзе сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» (цэнтр — вёска Юркоўшчына).
Насельніцтва XX стагоддзе: 1909—132 чал.; 1926—126 чал.; 1996 — 55 чал. XXI стагоддзе: 2018 — 11 чал.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Населеныя пункты Лепельскага раёна