Бро́жа (, ) — пасёлак у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Брожскага сельсавета.
Геаграфія Пасёлак знаходзіцца за 22 км на поўдзень ад Бабруйска, 132 км на паўднёвы захад ад Магілёва, на рацэ Брожка (правы прыток ракі Бярэзіны, басейн Дняпра), пры аўтамабільнай дарозе Вішнёўка-Рэдкі Рог. Прыпыначны пункт Брожа на чыгуначнай лініі Бабруйск—Рабкор.
Ландшафт мясцовасці плоскі з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Бабруйскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18 °C. Сярэднегадавая норма ападкаў складае каля 600 мм, у сярэднім выпадае 586 мм ападкаў у год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 193 дні. Пераважаюць вятры заходніх і паўднёва-заходніх напрамкаў. Прыпяцкі артэзіянскі басейн. За 3,5 км на паўночны ўсход ад вёскі радовішча пяскоў (перспектыўныя запасы 8,2 млн м³).
Гісторыя
Вядомы з 17 ст. як Брожскі двор і фальварак. Заснаваны ваяводам парнаўскім Пятром Рыгоравічам Трызнам, верагодна ў 1-й трэці 17 ст. У 2-й палове 18 ст. дзяржаўная ўласнасць у складзе Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Рэчы Паспалітай, дзейнічае ўніяцкая царква. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. З 1797 года цэнтр Брожскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1804 годзе пабудавана драўляная царква. У 1849 годзе пабудавана новая Пакроўская царква (будынак царквы драўляны). У 1864 годзе — 1149 прыхаджан, за прыходам 59 дзесяцін зямлі сядзібнай, ворыва і сенажаці. У 1865 годзе адкрыта аднакласнае народнае вучылішча, была крама.
На пачатку 20 ст. — сяло, цэнтр Брожскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, 22 жыхары, дзейнічаюць валасное праўленне, народнае вучылішча, царква, крама, хлебазапасны магазін, лясніцтва (загадчык Міхаіл Мікалаевіч Кошалеў, 1903 год). У 1916 годзе заснаваны лесапільны завод і чыгуначная станцыя «Брожа». У 1917 годзе 12 двароў, 74 жыхары, на чыгуначнай станцыі 3 двары, 24 жыхары.
У час грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі дзейнічаў валасны рэвалюцыйны камітэт. У 1923 годзе дзейнічаюць працоўная школа 1-й ступені (89 вучняў, пры школе бібліятэка), хата-чытальня, аддзяленне сувязі (загадчык Іван Фёдаравіч Грынь з 1923 да 1936 і з 1944 да 1956 гадоў), у лесе працуе смалакурня. З 20.08.1924 года да 20.02.1938 года цэнтр Брожскага сельсавета. Паводле перапісу 1926 года — сяло Брожа, 11 двароў, 38 жыхароў. У 1928 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Кастрычнік».
У час Вялікай Айчыннай вайны са жніўня 1941 года да чэрвеня 1942 года ў пасёлку дзейнічала падпольная антыфашысцкая група, у якую ўваходзіла больш за 10 чалавек (кіраўнік В. А. Шчэрбіч). Падпольшчыкі мелі радыёпрыёмнік, прымалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Савінфармбюро, псавалі ваенную тэхніку, у студзені 1942 года вывелі са строю майстэрню. Калі нямецкія акупацыйныя ўлады напалі на след групы, падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. У час вайны партызаны разграмілі гарнізон, які размяшчаўся ў пасёлку. 6 снежня 1942 года акупанты расстралялі 9 мірных жыхароў пасёлка і разрабавалі іх маёмасць. У баях каля пасёлка загінулі 380 савецкіх воінаў (пахаваны ў брацкай магіле).
З 16.07.1954 года пасёлак Брожа — цэнтр Брожскага сельсавета Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1980 годзе ў Брожы створаны Бабруйскі лясны гадавальнік для вырошчвання сеянцаў і саджанцаў. У 1986 годзе — 196 гаспадарак, цэнтр саўгаса «імя Ленінскага камсамола», працуюць рамонтная майстэрня, лесапільня, хлебапякарня, лесаўчастак Бабруйскага леспрамгаса, чыгуначная станцыя, лясніцтва, сярэдняя школа, краязнаўчы музей, дзіцячы сад-яслі, клуб-бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленні ашчаднага банка і сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аптэка, сталовая, 4 магазіны, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Брожскі двор і фальварак Паводле інвентара 1639 года сядзіба складалася з панскага двара і фальварка.
Двор, абнесены астрогам, меў двое варот: галоўныя, уязныя, з форткай і з залай наверсе, і тыльныя, з веснічкамі. На тэрыторыі двара было 6 жылых дамоў, склеп, стайня і два свірны. Першы, галоўны «вялікі доўгі» дом складаўся з жылога і гаспадарчага карпусоў, злучаных дашчаным пераходам. У доме было 6 печаў, 25 вокнаў. Печы ў доме аздоблены зялёнай кафляй, коміны мураваныя. Другі дом трохпавярховы з ганкам, у доме 15 вакон, 2 мураваных коміны, 3 печы аздобленых зялёнай кафляй. Трэці дом з ганкам з печамі, комінамі, 8 вакон. Чацвёрты дом з комінамі, печамі, 7 вакон. Пяты дом пры ўязных варотах меў комін, печ, аздобленую простай кафляй, 1 акно ў жылой частцы, пры доме знаходзілася пякарня для выпечкі хлеба. Кухня з ганкам. 2 свірны, адзін з ганкам, другі без, абодва на падклеццях, 4 дзверы, збудаванні крыты дранкай, двор агароджаны. Шосты дом за варотамі, пры дарозе дагумна. У доме 7 вакон, печы, аздобленыя простай кафляй, з комінамі. Пад адным дахам з домам знаходзіўся бровар, дах крыты дранкай. Пякарня з саладоўняй мае простую печ, 3 акна, дах крыты дранкай.
Гаспадарчы комплекс размяшчаўся за тыльнымі варотамі двара. Фальварак не меў агароджы, уключаў 2 жылыя дамы, сырніцу на слупах, вінакурню пад стаўком, свінарнік. Абора, абнесеная жэрдкамі, уключала 6 хлявоў і мела двое варот: ад фальварачнага двара і з боку поля, адкуль прывозілі снапы. Тут размяшчаліся два крытыя такі, ёўня, два свірны, склеп для гародніны.
Двор, разам з фальваркам, займаў тэрыторыю больш за 200 гектараў. Дворныя сенажаці займалі тэрыторыю больш за 1500 гектараў і знаходзіліся ў Алышыне паміж рэкамі Продзвінка і Бярэзіна, у Глядзе за рэчкай Продзвінка, у Дуброве Тажылаўскай, Хусне, Валоцы, Падошнічах, Бардзінцы, у Перавалоцы за ракой Бярэзіна.
Спіс агароднікаў Брожскага двара станам на 1639 год Іван Беднаж Кузьма Цесла Лашко Аўсіевіч Фёдар Дзядзюшка Фёдар Паддубскі Янук Фурс Апанас Іван Валовіч удава Ліштвінава Мацей Півавар Андрэй Паковіч Мацвей Віннік Мельхіёр Албіновіч У абавязкі агароднікаў уваходзіла апрацоўка зямлі, выкананне пры неабходнасці рамесніцкіх работ (бондарства,цяслярства і іншыя), дастаўка лістоў ад двара.
Ахвяры палітычных рэпрэсій Корзун Віктар Іосіфавіч, нарадзіўся ў 1904 годзе, грузчык Брожскага леспрамгаса. Рэпрэсіраваны 16.12.1937 года, асуджаны 23.04.1938 года. Расстраляны. Рэабілітаваны 24.05.1961 года. Северны Рыгор Усцінавіч, нарадзіўся ў 1903 годзе, лесаруб Брожскага леспрамгаса. Рэпрэсіраваны 18.07.1937 года, асуджаны на 10 гадоў. Рэабілітаваны 19.11.1965 года.
Гістарычныя помнікі Адзіночны курган перыяду ранняга сярэдневечча (Х-ХІІІ стагоддзі), 0,8 км на паўднёвы захад ад пасёлка — . Брацкая магіла'' (1941—1944) — . Брацкая магіла савецкіх воінаў знаходзіцца на могілках. Пахаваны 380 воінаў, якія загінулі ў баях ці памерлі ад ран у ваенна-палявым шпіталі ў 1944—1945 гадах. У 1975 годзе на магіле пастаўлены абеліск. Магіла ахвяр фашызму знаходзіцца на могілках. Пахаваны 9 жыхароў пасёлка, якіх 6.12.1942 года расстралялі фашысцкія акупанты. У 1973 годзе на магіле пастаўлены абеліск. Мемарыяльная дошка падпольшчыкам на будынку выканкама сельсавета. Устаноўлена ў 1977 годзе ў памяць аб дзейнасці ў пасёлку ў Вялікую Айчынную вайну групы Бабруйскага камуністычнага падполля.
Гісторыя адукацыі Гісторыя мясцовай адукацыі бярэ пачатак у 1865 годзе з адкрыцця народнага вучылішча. Палітычная нестабільнасць ў губернях Паўночна-Заходняга краю ў 1863 годзе прымусіла урад больш актыўна дзейнічаць у кірунку русіфікацыі мясцовага насельніцтва і павелічэння ўплыву праваслаўя. Былі распрацаваны агульныя праграмы для аднакласных народных вучылішч, а таксама створаны дырэкцыі народных вучылішч, якія займаліся пытаннямі пачатковай адукацыі.
Асноўнымі прадметамі былі: закон Божы (кароткі катэхізіс і свяшчэнная гісторыя); руская мова, чытанне і пісьмо па кнігах грамадзянскай і царкоўнай граматы; першыя 4 дзеянні арыфметыкі; царкоўныя спевы. Усе прадметы павінны былі выкладацца па падручніках, зацверджаных Міністэрствам народнай асветы ці Духоўным ведамствам. Ужыванне беларускай мовы было цалкам забаронена, дзецям рымска-каталіцкага набажэнства закон Божы павінен быў выкладацца «на местном наречии».
Настаўнікі Брожскага народнага вучылішча канца XIX — пачатку XX ст. 1886 год — Надзея Пятроўна Бярнацкая 1890 год — Аляксандр Іванавіч Панамароў 1893 год — Сямён Антонавіч Яфімка 1911 год — Сяргей Нікалаевіч 1914 год — Сягрей Нікалаевіч і Ганна Гурбан
Сярод настаўнікаў і выпускнікоў школы шмат выдатных асоб беларускі паэт, празаік, перакладчык Мікалай Ігнатавіч Янчанка (настаўнічаў з 1956 года да 1961 года), галоўны мастак часопіса «Вожык» Іван Іванавіч Бокі (у 1956—1957 гады настаўнік гісторыі), Заслужаныя настаўнікі БССР Юлія Вікенцьеўна Васількова і Настасся Палікарпаўна Тоўсцік, Герой Савецкага Саюза Аляксандр Карпавіч Болбас, расійскі вучоны ў галіне магнетызму і магнітаоптыкі, прафесар МДУ імя Ламаносава Георгій Сяргеевіч Крынчык, рэктар Рэспубліканскага інстытута інавацыйных тэхналогій, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мацвеевіч Болбас, 1-ы прарэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Шамякіна Валеры Сяргеевіч Болбас, дацэнт Акадэміі МУС РБ Мікалай Ігнатавіч Ахраменка. Васількова Юлія Вікенцьеўна, нарадзілася ў 1897 годзе. Працавала настаўніцай Брожскай сямігадовай школы. Ганаровае званне Заслужаны настаўнік БССР прысвоена ў 1949 годзе. Памерла ў 1973 годзе. Тоўсцік Настасся Палікарпаўна, нарадзілася ў 1922 годзе ў вёсцы Брожа. У 1941 годзе скончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча. У 1944—1977 гадах настаўніца пачатковых класаў Брожскай сярэдняй школы. Ганаровае званне Заслужаны настаўнік БССР прысвоена ў 1968 годзе. Максім Фёдаравіч Болбас (1918-1997), доктар эканамічных навук (1984), прафесар (1985).
Сацыяльная інфраструктура У пасёлку працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленні паштовай сувязі і АСБ «Беларусбанк», клуб-бібліятэка. Пры сельскім клубе-бібліятэцы дзейнічае 4 гурткі: аматарскае аб’яднанне кветкаводаў «Глорыя» жаночы клуб «Гаспадыня» дзіцячы гурток «Рукодельницы» дзіцячы гурток «Юны культработнік».
Дынаміка развіцця Паказчык1897190719171926195919701986199720072014Колькасць двароў, адзінак261211няма звестакняма звестак196345315270Колькасць насельніцтва, чалавек15227438490641730721626544
Планіроўка Планіроўка квартальная. Галоўная вуліца Бабруйская — просталінейная, мерыдыянальная. У яе цэнтральнай частцы грамадскія будынкі. Пераважае драўляная забудова сядзібнага тыпу. На ўсходзе — адасобленая частка забудовы (былая вёска Слабодка). У 1977, 1978, 1980 гадах пасля далучэння чыгуначнай станцыі Брожа, хутара Брожа, вёскі Слабодка, пасёлка Смаласкіп значна пашырана вулічная сетка пасёлка Брожа.
Вядомыя асобы Марыя Міхайлаўна Вінакурава (нар. 1939) — беларускі інжынер і палітык. Мендзель Элькін (1874—1962) — тэатральны акцёр, рэжысёр. Сын млынара Гірша.
Крыніцы
Літаратура Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II. — Мн.: БелЭн, 2004 Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008 Памяць. Бабруйскі раён. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986 Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1887 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1886 Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1891 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1890 Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1894 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1893 Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1912 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1911 Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1915 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1914