Ру́дкаўшчына (, ) — аграгарадок у Горацкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Саўскага сельсавета.
Геаграфія Знаходзіцца за 22 км у напрамку на паўночны захад ад горада Горкі, за 108 км ад Магілёва, за 22 км ад чыгуначнай станцыі Пагодзіна, на аўтамабільнай дарозе . Каля аграгарадка працякае рака Бася.
Гісторыя У 1775 годзе — сяльцо маёнтка Горы-Горкі, 7 жыхароў, уладанне Н. Л. Салагуба, у Аршанскім павеце. У 1844 годзе ў складзе фальварка Рудкаўшчына, меўся вінакураны завод, млын і карчма.
У 1875 годзе — маёнтак М. М. Іскры, працавала паштовая станцыя. У 1909 годзе была створана яўрэйская калонія. З 20 жніўня 1924 года — цэнтр Рудкаўшчынскага сельсавета Аршанскага раёна. У 1932 годзе быў створаны калгас «Чырвоная Рудкаўшчына». У 1940 годзе — 103 двары, 618 жыхароўПамяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Горацкі раён. — Мн.: 1996. — С. 80—81..
У час Вялікай Айчыннай вайны У ліпені 1941 года была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Фашысты спалілі 13 двароў, забілі 32 жыхара. Вызвалена 26 чэрвеня 1944 года.
У канцы лютага 1943 года фашысты вырашылі расстраляць яўрэяў вёскі. Настаўніца мясцовай школы Алена Чэрвінская, ураджэнка гэтай вёскі (яе бацька быў яўрэй, маці — беларуска) сама была сведкай гэтых падзей і ўсё жыццё збірала ўспаміны тых, хто бачыў гэтую трагедыю. Яна ўспамінала, што ў перадваенныя гады ў вёсцы Рудкаўшчына жыло некалькі яўрэйскіх сем’яў: Мільгоціны, Чарнамордзік (каваль, які жыў адзін), Іофэ, Алкіны, Додкіны і інш. Акрамя пастаянных жыхароў, пражывалі яшчэ яўрэі, якія прыехалі ў вёску ў пачатку вайны. «12 сакавіка 1943 года стаяў марозны, але бязветраны дзень», — успамінала А. Чэрвінская. — «Раніцай ўсіх яўрэяў вёскі сабралі ў адзін будынак. Нас, дзве сям’і, у каго былі маці беларускі, пад строгім наглядам пакінулі дома да асобага распараджэння (як было сказана старастай вёскі). Мужчын пагрузілі на сані і павезлі палявой дарогай, астатніх пагналі пешшу па прамой дарозе да лесу. Малодшую ўнучку Чарнамордзіка немец нёс за ногі (кажуць відавочцы)».
Адам Копашылаў, сведка расстрэлу, успамінаў: «Землякі ішлі ўслед амаль усёй вёскай, хто з цікаўнасці, хто з жалю. Але карціна расправы прывяла ўсіх у жах. Два першыя стрэлы патрапілі ў маці і дачку Алкіных. Яна паспела заспяваць „Інтэрнацыянал“, абхапіўшы сына. Немцы выхапілі з яе рук трохгадовую дачку, паставілі кучаравую, бялявую з вялікімі блакітнымі вачыма дзяўчынку на пень. Яна даверліва глядзела на вылюдка, які атрымліваў асалоду ад гэтай карціны, пакуль не ўпала як нежывая. Куля трапіла ёй у галаву. Людзі былі так запалоханы, што не супраціўляліся. Іх саджалі на калені і стралялі ім у патыліцу»Лившиц, Владимир. «Шло в бессмертье Горецкое гетто..» // http://berkovich-zametki.com/2013/Starina/Nomer1/VLivshic1.php.
Сучаснасць Да 2013 года Рудкаўшчына была цэнтрам Рудкаўшчынскага сельсаветаРешение Могилевского областного Совета депутатов от 20.11.2013 N 23-1 «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области» . Зараз аграгарадок, тут працуе паляводчая брыгада, дзве фермы, клуб, аддзяленне сувязі, фельдшарска-акушэрскі пункт.
Насельніцтва 1775 год — 7 жыхароў. 1940 год — 103 двары, 618 жыхароў. 2001 год — 352 жыхары, 152 двары.
Памятныя мясціны Брацкая магіла савецкіх воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Вядомыя асобы Анатоль Васільевіч Прохараў (нар. 1949) — беларускі паэт.
Крыніцы
Літаратура
В. М. Лившиц. «Умирая, пели „Интернационал“»… (о Холокосте в д. Рудковщина) / В. Лившиц // Горацкі веснік. — 2018. — № 71. 8 верасня. — С. 7.
Ліст карты N-36-50. Выданне 1986 года. Стан мясцовасці на 1981 год.
Спасылкі
Катэгорыя:Саўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Горацкага раёна