Во́лься — возера ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, у басейне ракі Мядзелка, за 8 кіламетраў на захад ад горада Паставы, каля вёскі Волься Вялікая.

Плошча паверхні 0,25 км², даўжыня 840 м (0,58 км), найбольшая шырыня 390 м (0,32 км). Найбольшая глыбіня 2,5 м, сярэдняя 1,3 м. Даўжыня берагавой лініі 2,6 км. Плошча вадазбору 43,2 км². Аб’ём вады ў возеры 0,43 млн м³. Мінералізацыя вады да 290 мг/л. Празрыстасць да 1,4 м.

Катлавіна возера рэшткавага тыпу, выцягнутая ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышынёй 3—4 м, на поўдні і паўднёвым усходзе 5—7 м, разараныя, месцамі пад лугамі. Берагавая лінія слабазвілістая, у паўночна-заходняй і паўднёва-ўсходняй частках утварае залівы. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя. Шырыня сплавіны да 15 м. Вакол возера тарфяністая і забалочаная пойма шырынёй 50—150 м. Дно возера плоскае, з невялікім паглыбленнем у сярэдзіне, укрытае гумусам і ажалезненай глінай. Глыбіні да 2 м займаюць каля 72 % плошчы возера. Возера эўтрофнае з прыкметамі дыстрафіравання. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шырынёй 5—250 м і распаўсюджваецца да глыбіні 1,4 м. Упадаюць 2 ручаі, у т.л. ручай Вінгра, які ўпадае ў Мядзелку пад назвай Альшанка.

У возеры водзяцца лінь, карась, шчупак звычайны, акунь, язь, плотка, гусцяра, мянтуз і іншыя віды рыб.

Літаратура

Ліст карты N-35-30. Выданне 1986 г. Стан мясцовасці на 1982 г.

Спасылкі Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»

Катэгорыя:Азёры Пастаўскага раёна Катэгорыя:Басейн Мядзелкі