Веляці́н (, ) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.

Гісторыя Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае

Ці не ўпершыню Веляцін згаданы ў дакуменце ад 6 кастрычніка 1541 года з запісам аб узаемных саступках грунтоў у Брагінскім маёнтку князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага і ў Астраглядаўскім маёнтку князя Дзмітрыя Раманавіча Відыніцкага (Любецкага) з жонкай Феннай Палазовічаўнай. Належаў князю ВішнявецкамуArchiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 1. S. 3, 4. Месціўся ў Кіеўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, з сярэдзіны 1569 года — Каралеўства Польскага.

Згодна з актам аб раздзеле маёнтку Брагін 1574 года паміж князямі-братамі Міхаілам і Аляксандрам Аляксандравічамі Вішнявецкімі «Село Велетин з бояры путными, з людми заседелыми и незаседелыми, з даню грошовою и медовою, з кгрунты, дубровами, чертежами, полями и сеножатми» дасталося князю Аляксандруhttp://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. — Мінск, 2000. С. 188. З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі 1581 года вядома, што Веляцін належаў удаве княгіні Аляксандры з дому Капустаў Вішнявецкай і было ў ім восем двароў сялян-агароднікаў, з якіх выбіралася па 4-6 грошаўŹródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38. Працягвалі тут жыць і баяры путныя.

Потым да 1622 года часткай Брагінскіх добраў з вёскай Веляцін валодаў князь Адам Аляксандравіч Вішнявецкі, у якога ў 1603 годзе знаходзіўся на службе будучы самазванец на расійскім пасадзе Ілжэдзмітрый I. З 1641 года Веляцін перайшоў ва ўласнасць князя Іераміі Міхала, які зноў аб’яднаў Брагінскі маёнтак малодшай галіны роду Вішнявецкіх у адных руках. Пасля яго смерці ў 1651 годзе вёска пэўны час была ўладаннем сына, будучага караля Міхала Карыбута, але апошні саступіў яе маці княгіні Грызельдзе Канстанцыі з роду Замойскіх Вішнявецкай. Каля 1672 года Брагінскія добра дасталіся пляменніку княгіні пану Станіславу Канецпольскаму, а ў 1682 годзе, паводле тэстамэнта, — яго родзічу пану Яну Аляксандру Канецпольскаму, ваяводзічу бэлзскаму. Пад 1687 годам у справе Оўруцкага гродскага суда Веляцін названы сярод паселішчаў, зруйнаваных шматмесяцовым пастоем казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. У кожным з чатырох двароў тут карміўся адзін казак са сваім канёмАрхив Юго-Западной России. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 152

Пасля смерці ў 1719 годзе серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага і працяглага (яшчэ і пры жыцці дзедзіча) знаходжання ў заставе ў паноў СілічаўТарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285, каля 1733 года Веляцін стаў уласнасцю князя Міхала Сервацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта тады ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485. Праз дзесяць гадоў як спачыў князь Міхал, у 1754 годзе, Брагінскі маёнтак (у тым ліку Веляцін) быў куплены ў яго дачкі княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францам Антоніем Ракіцкім, ашмянскім войскім. Нашчадкі апошняга валодалі ім яшчэ і ў другой палове XIX стагоддзя.

У 1754 годзе з 23 двароў (×6 — каля 138 жыхароў) вёскі Веляцін Брагінскага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 3 злотых, 17 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 14 злотых, 10 грошаўТариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190; гл. таксама: С. 13-15, 20-22.

Перапісы яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі пражыванне ў Веляціне адпаведна 11, 4 чалавек (głow), прыналежных да Брагінскага кагала, і хрысціяніна (пагалоўшчыне не падлягаў)Архив Юго-Западной России. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 302, 391, 711. Магмыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе паўплываў на колькасць яўрэяў у вёсцы, роўна як і на прыняцце адным з іх (напэўна, галавой сямейства) хрысціянства.

Расійская імперыя Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Веляцін — у межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыіНасевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, сказана што вёска Веляцін была ў заставе ад Людвіка Прозара ў пана суддзі оўруцкага Міхала Паўшы, хоць уласнікамі яго з’яўляліся графы РакіцкіяПетреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72; гэткая падвойная застава, надта пашыраная ў Рэчы Паспалітай і ў дарэформавай Расійскай імперыі.

Згодна з «Фармулярнай ведамасцю» сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1822 года, вёска Веляцін з 83 душамі мужчынскага і 69 душамі жаночага полу належала пану Міхалу РакіцкамуНГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 285 жыхароў вёскі Веляцін з'яўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, 5 мужчын і 3 жанчыны былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны МарыіРасійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 681.

У парэформенны перыяд Веляцін – у Мікуліцкай воласці. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Веляцін заставаўся ў прыходзе Мікуліцкай царквыМинские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 97. 29 мая 1881 года ў выніку пажару згарэла 57 двароў. На 1909 год у вёсцы Веляцін налічвалася 80 двароў 602 жыхарыСписок населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 25.

Найноўшы час 9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міра з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Веляцін у складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85.

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасля другога ўзбуйнення БССР, з 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года Веляцін — цэнтр сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі. У пачатку 1930 года тут створаны калгас «Бальшавік», працавалі вятрак, кузня. У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 99 вяскоўцаў. Паводле перапісу 1959 года 862 жыхары, цэнтр калгаса «Бальшавік». Існавалі 9-гадовая школа, дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы садок, аддзяленне сувязі, крама, швейная майстэрня.

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Czamańska I. Wiśniowieccy. Monografia rodu. — Poznań, 2007 Мацук А. Брагін // Князі Вишневецькі. — Київ, 2016(2017). С. 213—215 Pamiętniki o Koniecpolskich. Przyczynek do dziejów polskich XVII wieku. / Wydał Stanisław Przyłęcki. — Lwów, 1842. S. 375—389 Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 4 — 7, 12 — 15, 23 — 27

Спасылкі

Катэгорыя:Паселіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Хойніцкага раёна