Бразі́лія (), Федэраты́ўная Рэспу́бліка Бразі́лія (, ) — найбуйнейшая краіна Паўднёвай Амерыкі і Лацінскай Амерыкі; пятая краіна свету па плошчы, шостая па колькасці насельніцтва.

Бразілія мяжуе з усімі краінамі Паўднёвай Амерыкі за выключэннем Эквадора і Чылі. Сталіца — горад Бразіліа, найбуйнейшы горад — Сан-Паўлу. Дзяржаўная мова — партугальская. Гэта адзіная партугаламоўная краіна на амерыканскім кантыненце і найбуйнейшая лузафонная краіна свету.

Для Бразіліі характэрны надзвычайная разнастайнасць прыродных умоваў і багацце прыродных рэсурсаў (мінеральных, водных, лясных, агракліматычных). Гіганцкая экасістэма экватарыяльных лясоў Амазоніі робіць Бразілію сусветным лідарам па біяразнастайнасці. Зрэшты, тэмпы абязлесення тут таксама адныя з найвышэйшых у свеце.

Бразілія была калоніяй Каралеўства Партугалія ад высадкі Педру Кабрала ў 1500 годзе да пачатку XIX стагоддзя. Каланіяльная залежнасць была фактычна скасавана ў 1808 годзе, калі Напалеон напаў на Партугалію і сталіца была перанесена з Лісабона ў Рыа-дэ-Жанэйра. У 1822-1889 гадах была імперыяй, з 1889 — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка, якой застаецца і сёння. Складаецца з 26 штатаў і адной федэральнай акругі. Стагоддзі іміграцыі з розных частак свету ператварылі Бразілію ў адну з найбольш этнічна стракатых краін свету.

Бразільская эканоміка лічыцца восьмай у свеце і па намінальным ВУП і па ВУП паводле пакупніцкай здольнасці. Краіна адносіцца да групы ключавых краін, што развіваюцца. Грашовая адзінка — бразільскі рэал. Бразілія — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Ключавое значэнне ў эканоміцы маюць такія галіны прамысловасці як машынабудаванне (аўтамабілі, самалёты), гідраэнергетыка, металургія. Важную ролю працягвае адыгрываць сельская гаспадарка: краіна з’яўляецца адным з галоўных збожжавых раёнаў Амерыкі; займае першае месца ў свеце па сборы кавы, цукровага трыснягу, апельсінаў; пагалоўю прадукцыйнай буйной рагатай жывёлы.

Бразілія — дзяржава-заснавальніца ААН, Арганізацыі ібера-амерыканскіх дзяржаў, Меркасур, Саюза паўднёваамерыканскіх нацый, а таксама адна з дзяржаў BRICS.

Этымалогія Першапачаткова, пасля адкрыцця гэтай паўднёваамерыканскай краіны ў 1500 годзе партугальскім мараплаўцам Педру Кабралам, яна называлася Terra da Vera Cruz, што азначае «Зямля Сапраўднага Крыжа».

У далейшым, калі адсюль у Еўропу сталі вывозіць велізарную колькасць дарагога чырвонага дрэва pau-brasil (), краіну сталі называць Terra do BrasilПочему Бразилию назвали Бразилией? .

Геаграфічнае становішча

Бразілія займае амаль што палову Паўднёваамерыканскага кантынента (калі дакладна, 47,3 %). Аточаная Атлантычным акіянам з усходу, Бразілія мае берагавую лінію працягласцю 7,5 тыс. км. Менавіта ў Бразіліі знаходзіцца крайні ўсходні пункт мацерыка — мыс Кабу-Бранку. Бразілія мяжуе з усімі краінамі Паўднёвай Амерыкі (за выключэннем Эквадора і Чылі) — з Венесуэлай, Гаянай, Сурынамам і Французскай Гвіянай на поўначы, з Калумбіяй на паўночным захадзе, з Балівіяй і Перу на захадзе, з Аргенцінай і Парагваем на паўднёвым захадзе і з Уругваем на поўдні.

Найбольш значныя астравы: Маражо ў дэльце Амазонкі; ў Атлантычным акіяне: Фернанду-ды-Наронья, Рокас, Сан-Педру-і-Сан-Паўлу, Санта-Катарына, Абральёс і інш.

Прырода

Бразілія знаходзіцца ў тэктанічна спакойнай усходняй частцы Паўднёвай Амерыкі, на Паўднёва-Амерыканскай літасфернай пліце. Паўночная частка пліты ўкрыта магутным асадкавым покрывам, ёй адпавядае найвялікшая ў свеце Амазонская нізіна. У высока ўзнятых цэнтральнай і паўднёвай частках пліты крышталічныя пароды фундамента выходзяць на паверхню, ствараючы непаўторны рэльеф Бразільскага пласкагор’я, з вышынямі да 3 км над у.м.. З поўдня да пласкагор’я прымыкае невысокае лававае плато Параны. Бразільскія нетры надзвычай багатыя на рудныя рэсурсы: краіна ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па запасах ніобію, жалезных руд, баксітаў.

Бразілія цалкам ляжыць у гарачым тэмпературным поясе Зямлі, сярэднегадавая тэмпература паўсюль (акрамя найвышэйшых пунктаў пласкагор’я) вышэй за 15°. Перавага вятроў з усходу і адсутнасць горных перашкод абумоўліваюць вялікую колькасць ападкаў на ўсёй тэрыторыі Бразіліі. Толькі на крайнім паўночным усходзе, у дажджавым ценю, размясцілася адносна засушлівая вобласць Каатынга. Амазонская нізіна ляжыць у экватарыяльным кліматычным поясе, гарачым і звышвільготным. Бразільскае пласкагор'е падзелена паміж субэкватарыяльным і трапічным паясамі: абодва гарачыя і вільготныя, з летнім максімумам ападкаў.

Большая частка Бразіліі адносіцца да басейна ракі Амазонка, прытокі якой дрэнуюць усю Амазонскую нізіну і паўночную частку пласкагор’я, і кожны з асноўных прытокаў — Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажас — магутнейшы за любую раку Еўропы. На поўдні Бразіліі цякуць Парана і яе прытокі, на адным з якіх, Ігуасу — на мяжы з Аргенцінай — знаходзяцца неймавернай прыгажосці вадаспады Ігуасу. Буйных азёр у Бразіліі няма, за выключэннем лагун (Патус, Лагоа-Мірын) на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы.

Відавая разнастайнасць бразільскай фаўны і флоры ўразіла яшчэ Мікалая Вавілава, які адзначаў, што нідзе ў свеце няма такога багацця пальмаў. Басейн Амазонкі заняты вільготнымі экватарыяльнымі лясамі (сельвай) — найвялікшым трапічным лесам на Зямлі. Самыя знакамітыя расліны сельвы: вікторыя рэгія, каўчуканос гевея, бразільскі арэх. Бразільскае пласкагор’е пакрыта пераменна-вільготнымі лясамі і саваннамі (мясцовая назва — кампас). У вобласці Каатынга, дзе сухі сезон больш працяглы, саванны набываюць ксерафітнае аблічча. На мяжы з Балівіяй у даліне ракі Парагвай разлеглася самая незвычайная балотная экасістэма тропікаў — Пантанал. Візітоўкамі бразільскай фаўны з’яўляюцца ягуар, браняносец, капібара, тукан, калібры і інш.

Гісторыя

Чалавек засяліў тэрыторыю сучаснай Бразіліі не менш як 11 000 гадоў таму, прынамсі, столькі даюць археолагі Лузіі — самым старым чалавечым парэшткам, знойдзеным у штаце Мінас-Жэрайс. Узрост керамікі, адшуканай у Амазоніі, складае 8000 гадоў — найстаражытнейшыя ўзоры ў Амерыцы — і гэта сведчыць пра тое, што ў Сельве ўжо тады існавала развітая культура. На момант прыбыцця еўрапейцаў — усходняе ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі было адкрыта партугальскім мараплаўцам Педру Кабралам у 1500 — тэрыторыя сучаснай Бразіліі была заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (групы тупі, гуарані, жэ) агульнай колькасцю каля 7 млн чалавек. Асноўнымі заняткамі індзейцаў былі паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства, падсечнае земляробства. Паміж плямёнамі ішлі пастаянныя войны.

Педру Кабрал абвясціў адкрыты бераг партугальскімі ўладаннямі і на тры стагоддзі велізарная краіна стала калоніяй невялічкай Партугаліі. Аднак першае паселішча было заснавана толькі ў 1532 годзе, а сур’ёзна за каланізацыю Бразіліі партугальцы ўзяліся ў 1534, калі кароль Жуан III падзяліў узбярэжжа на 15 капітанстваў. Для зручнейшага кіравання калоніяй у 1549 капітанствы былі аб’яднаны ў адзінае генерал-губернатарства.

Каланізатары напачатку асвоілі ўзбярэжжа, пасля перадавыя атрады (бандэйранты) пачалі прасоўвацца ўглыб мацерыка і ўрэшце зайшлі далёка на захад ад «папскага мерыдыяна», што быў праведзены паміж партугальскімі і іспанскімі ўладаннямі ў Амерыцы. Нягледзячы на тое, што першыя два стагоддзі каланізацыі былі адзначаны бесперапыннай вайной з тубыльцамі, разрозненыя індзейскія плямёны не здолелі аказаць еўрапейцам сур’ёзнага супраціву.

У сярэдзіне XVI стагоддзя акрэслілася міжнародная цукровая спецыялізацыя Бразіліі, на плантацыі трыснягу сталі завозіць афрыканскіх неграў з партугальскіх калоній (Ангола, Мазамбік) і не толькі. У канцы XVII пасля адкрыцця бандэйрантамі радовішчаў золата, на змену цукроваму буму прыйшла залатая ліхаманка, што прыцягнула яшчэ больш мігрантаў з Партугаліі і яе калоній.

Адукаваныя пласты насельніцтва калоніі ўсё больш натхняліся ідэямі, якія атрымалі адлюстраванне ў Дэкларацыі незалежнасці ЗША 1776 года, і лозунгамі Французскай рэвалюцыі XVIII ст. – першай сур’ёзнай спробай дамагчыся незалежнасці стала «змова ў Мінас-Жэрайсе» 1788 года, хутка раскрытая ўладамі.

Каталізатарам дэкаланізацыі сталі напалеонаўскія войны ў Еўропе: у 1808 годзе партугальскі каралеўскі двор уцёк з акупаванага французамі Лісабона ў Рыа-дэ-Жанейра. У 1815 годзе статус краіны быў узняты да Аб’яднанага каралеўства з Партугаліяй.

У 1822 годзе Бразілія стала незалежнай дзяржавай і абвясціла сябе імперыяй. Калі Бразільская імперыя перамагла Аргенціну ў Лаплацкай вайне ў 1852 годзе, яна стала самай уплывовай дзяржавай кантыненту. У 1888 годзе ў краіне было адменена рабства. У выніку ваеннага перавароту 1889 года імператар Пэдру II быў зрынуты, а краіна была абвешчана прэзідэнцкай рэспублікай.

У 1894-1930 гадах ва ўладзе знаходзіліся цывільныя. У гэты час Бразілія развіла вытворчасць каўчуку, перамагла Балівію ў вайне за Акры ў 1903 годзе, паўдзельнічала на баку Антанты ў Першай Сусветнай вайне, паспрабавала мець адметную ролю ў Лізе Нацый.

У 1930 годзе, пасля ваеннага перавароту, да ўлады прыйшоў Жытуліу Варгас, які ўсталяваў дыктатарскі рэжым. У 1942 годзе Бразілія, пацярпелая ад нямецкіх падводных лодак, абвясціла вайну дзяржавам Восі і нават даслала экспедыцыйны корпус у Італію. Тым цікавей, што параза фашысцкіх рэжымаў стала адной з прычын падзення рэжыму Варгаса (у 1951-54 ён яшчэ пакіраваў краінай у якасці дэмакратычна абранага прэзідэнта, але быў зрынуты і скончыў жыццё самагубствам).

У канцы 1950-х гадоў, пры прэзідэнце Кубічэку, быў спраектаваны, збудаваны і адкрыты горад Бразіліа — новая сталіца краіны.

У 1964 годзе чарговая ваенная хунта ажыццявіла чарговы пераварот і кіравала Бразіліяй да 1985 года, калі ўлада вярнулася да цывільнага ўрада, в 1988 годзе пабачыла свет сённяшняя канстытуцыя Бразіліі.

Першае дэмакратычнае дзесяцігоддзе было прайшло ў няўдалых спробах пераадолець крызіс і пераняць інфляцыю. Прыняцце ў 1994 Плана Рэал і яго далейшае ажыццяўленне вылекавалі эканоміку Бразіліі. У 2002 пасаду прэзідэнта заняў сацыяліст Лула да Сілва, у 2006 ён быў пераабраны.

У 2010 выбары выйграла Дылма Русеф — паплечніца Сілвы па Партыі працоўных. Здавалася, Бразілія трывала стала на дэмакратычныя рэйкі. Але бясконцая карупцыя, паліцэйскае беззаконне — усё гэта нікуды не знікла і пакрысе збіралася, каб прагрымець у сярэдзіне 2010-х вулічнымі пратэстамі, што ўрэшце прывяло да імпічменту Дылмы Русеф у 2016.

Імпічмент Русеф супаў з вострым крызісам бразільскай эканомікі 2014-2017 гг. Прэзідэнт Мішэл Тэмер працягнуў палітыку жорсткай эканоміі, прымаў меры, накіраваныя на ліквідацыю бюджэтнага дэфіцыту, памяншэнне інфляцыі і прыцягненне замежных інвестыцый. Урад наступнага прэзідэнта Жаіра Балсанару запусціў праграму прыватызацыі, што таксама было вымушанай мерай па скарачэнні дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту.

1 студзеня 2023 года Лула да Сілва 3-і раз уступіў на пасаду прэзідэнта Бразіліі.

Дзяржаўны лад

Палітычная сістэма

Паводле Канстытуцыі 1988 года Бразілія ёсць прэзідэнцкай рэспублікай, дзе прэзідэнт – гэта лідэр дзяржавы і кіраўнік урада. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт выбіраюцца разам на 4 гады, з магчымасцю перавыбараў. Парламент — дзвюхпалатны Нацыянальны кангрэс: федэральны сенат (81 месца) і палата дэпутатаў (513 месцаў). Згодна з індэксам дэмакратыі (2017), Бразілія можа пахваліцца дэмакратычным палітычным рэжымам.

Замежная палітыка Традыцыйна Бразілія была лідарам у лацінаамерыканскай супольнасці і мела вельмі паважную ролю ў сістэме калектыўнай бяспекі, а таксама эканамічнай кааперацыі паўднёвага паўшар’я. Сёння Бразілія ёсць сябрам Міжамерыканскага дагавора ўзаемнай дапамогі, а таксама сябрам Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў. Не так даўно Бразілія пачала надаваць высокі прыярытэт адносінам са сваімі паўднёва-амерыканскімі суседзямі і ўвайшла ў Амазонскі пакт, Асацыяцыю лацінаамерыканскай інтэграцыі і Меркасур. Адкрытым пытаннем бразільскай замежнай палітыкі з'яўляюцца некалькі неўрэгуляваных памежных спраў з Уругваем.

Адносіны з Беларуссю