Ку́піск. Сустракаецца таксама варыянт Ку́пісак, Ку́піцак (, ) — вёска ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Любчанскага сельсавета. Купіск стаіць на беразе Нёмана. Вясковая вуліца цягнецца ўздоўж ракі прыкладна на 4 км.

Сведчанні мясцовых старажылаў пераказаў у сваёй кнізе «Быў у пана верабейка гаварушчы…» Зміцер Бартосік.

Гісторыя Падчас Першай сусветнай вайны тут тры гады, ад восені 1915, стаяў фронт. З’явіліся нямецкія доты, склады. У міжваеннай Польшчы ўсе гэтыя абарончыя збудаванні захоўвалі.

У колішніх складах да наступнай нямецкай акупацыі была крама. Партызаны прыехалі і спалілі яе. Нямецкія ўлады адрамантавалі будынак і зрабілі ў ім камендатуру. Тут размяшчаўся гарнізон мясцовай самааховы.

Напярэдадні аперацыі «Баграціён» сюды падышоў партызанскі атрад «Кастрычнік», які базаваўся ў Ліпічанскай пушчы. Ноччу на 16 ліпеня 1944 года, пасля таго як мясцовы гарнізон адмовіўся здацца, пачаўся штурм. Камендатура была абнесеная радамі дроту. Партызаны зайшлі з адваротнага боку і ўзарвалі сцяну, далі па амбразурах, закідалі ўсіх гранатамі. Камендант застрэліўся. Частку забілі, а частку забралі. Рукі пазакручвалі калючым дротам, калолі штыкамі і нажамі. Некаторыя з палонных, калі дайшлі да павароту ракі, самі пакідаліся ў Нёман. А астатніх завялі ў лес і павесілі.

У баі загінуў камсамолец-партызан Міхаіл Белуш. Паводле савецкай афіцыйнай версіі, становішча партызан ускладнялася тым, што на іх шляху быў варожы дзот, з двух амбразур якога білі кулямёты. Міхаіл Белуш са звязкай гранат прарваўся на перадавую і змог абясшкодзіць адну амбразуру, аднак другая працягвала страляць. Тады Міхаіл накрыў сваім целам амбразуру, дазволіўшы свайму атраду прарвацца на пазіцыі ворага.

Паводле сведчанняў мясцовага старажыла Віктара Карабача, якія пераказаў Зміцер Бартосік, Міхаіла Белуша і яго таварыша забіў з аўтамата паліцай. Існуе таксама версія, што закрыў грудзьмі амбразуру Мікалай Кадура, пахаваны затым на мясцовых могілках, а Белуша прызначылі героем таму, што быў камсамольцамЗ. Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы… — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2016. — С. 193—198.

Уся вёска была спаленая партызанамі яшчэ да прыходу рэгулярных частак Чырвонай арміі.

У савецкі час па Нёмне сплаўлялі лес, і тут працавалі плытагоны. Дзейнічалі школа і Дом культуры. У 1940—1960 гадах цэнтр Купіскага сельсавета.

Славутасці Свята-Георгіеўская царква. Помнік у гонар камсамольца-партызана Міхаіла Белуша.

Вядомыя асобы Міхаіл Аляксеевіч Моўчан (нар. 1925) — беларускі графік, жывапісец. Павел Навара (1927—1983) — беларускі грамадскі дзеяч у Вялікабрытаніі. Міхаіл Дзмітрыевіч Ханевіч (нар. 1954) — расійскі хірург, анколаг і трансфузіёлаг.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Любчанскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Навагрудскага раёна