Міхайла Грамы́ка, поўнае імя Міхаіл Аляксандравіч Грамыка (, в. Чорнае Рэчыцкі павет, Мінская губерня, цяпер , Гомельская вобласць — , , Маскоўская вобласць) — беларускі паэт і драматург, навуковец-геолаг, педагог.

Біяграфія З роду спадчынных дваран, бацька — Аляксандр Гаўрылавіч Грамыка, фельдфебель 63-га пяхотнага Угліцкага палка, праваслаўны. Маці — Яўгенія Георгіеўна, каталічка. Ахрышчаны ў Рэчыцкай павятовай саборнай царкве. Сям’я жыла ва ўласным доме ў Магілёве на Жандармскай вуліцы.

У 1905 годзе скончыў Магілёўскую гімназію, у час вучобы ўдзельнічаў у рабоце нелегальнага гуртка, які быў пад уплывам магілёўскай арганізацыі РСДРП. У 1905 годзе паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт, у 1906 годзе перавёўся на фізіка-матэматычны, на эксперыментальнае аддзяленне «геалогія». Удзельнічаў у маскоўскім снежаньскім паўстанні (1905). У 1906—1907 гадах уваходзіў у сялянскую арганізацыю пры Магілёўскім акруговым камітэце РСДРП. Атрымаў 27 мая 1911 года дыплом 1-й ступені. Пасля заканчэння ўніверсітэта настаўнічаў у Адэсе, у прыватным камерцыйным вучылішчы Файга, жаночых гімназіях.

З 1917 года ўдзельнічаў у рабоце культурна-асветніцкай арганізацыі беларускіх бежанцаў «Беларускі гай», у 1920 годзе быў загадчыкам школы-інтэрната для беларусаў-бежанцаў. У 1921—1930 гадах працаваў у Інбелкульце (член прэзідыума Прыродазнаўчай секцыі, распрацоўнік геалагічнай тэрміналогіі), выкладаў геалогію ў Белпедтэхнікуме, быў дацэнтам кафедры геалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Арыштаваны ДПУ БССР 13.7.1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; паводле пастановы Калегіі ДПУ БССР ад 10.4.1931 высланы ў Іванава-Вазнясенск на 5 гадоў. Пасля сканчэння тэрміна высылкі ў 1936 выехаў з сям’ёй у Мурманскую вобласць (Кіраўск, затым у 1941—1945 — Чусаў Гарадок). У 1945—1948 жыў у Іжэўску, працаваў у Запалярным горным тэхнікуме. Потым жыў у Пермскай вобласці і Удмурціі. Рэабілітаваны 15.11.1957. Апошнія гады жыў у Хімках.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць Распрацоўваў беларускую навуковую тэрміналогію у галіне геаграфіі, геалогіі, грунтоў і хіміі (з М. Азбукіным). Апублікаваў на беларускай мове падручнікі «Пачатковая геаграфія» (1923, 4 выданні), «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе» (ч. 1 — Крышталаграфія, ч. 2 — Мінералогія, 1926).

Адным з першых браў удзел у пошуках нафты на Палессі.

Літаратурная творчасць Літаратурную дзейнасць пачаў у 1907 годзе (пісаў спачатку на рускай мове, з 1914 — на беларускай мове). У 1922 годзе апублікаваў у часопісе «Полымя» эксперыментальную паэму «Гвалт над формай», у 1927 выйшлі кнігі паэзіі «Плынь» (вершы і паэмы) і «Дзве паэмы». Аўтар п’ес «Змітрок з Высокай Буды» (1918) пра рэвалюцыйныя падзеі на Беларусі, «Скарынін сын з Полацка» (паст. 1926, рукапіс не знойдзены), гісторыка-рэвалюцыйнай п’есы «Каля тэрасы» (1929, паст. 1927, у новай рэдакцыі выйшла ў 1975), «Віно бушуе» (1929), героіка-рамантычнай драмы «Над Нёманам» (паст. 1927), дзе адлюстраваў рэвалюцыйныя выступленні працоўных Заходняй Беларусі, «Воўк» (1930).

Выступаў як крытык з артыкуламі пра творчасць М. Багдановіча, пра пастаноўку «Цара Максімільяна» і інш.

Перакладаў творы Л. Талстога, У. Сасюры.

Член СП БССР з 1965. П’есы М. Грамыкі ставіліся ў тэатрах. У 1967 годзе выдадзена «Выбранае», у 1987 — «Родная пушча» (п’есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты).

Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча, пра свой удзел у рэвалюцыйных падзеях («Нас натхняў подых рэвалюцыі», 1965, апубл. 1987), «Старонак сямейнай хронікі» (1962—69, не законч., апубл. 1987).

Псеўданімы і крыптанімы Псеўданімы і крыптанімы: М. Абданк, Мих. Абданк, Михаил Абданк, М. Г., Міх. Г..

Выбраная бібліяграфія Пачатковая геаграфія. Мн., 1923 (2 выд. Мн., 1925; 3 выд. Мн., 1927; 4 выд. Мн., 1928); Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе: Ч. 1. Крышталаграфія; Ч. 2. Мінералогія. Мн., 1926; Дзве паэмы. Мн., 1927; Плынь: Лірычныя паэмы і вершы. Мн., 1927; Каля тэрасы: Драмы. Мн., 1929 (2 выд. Мн., 1975); Выбр. Мн., 1967; Родная пушча: П’есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты. Мн., 1987.

Ушанаванне памяці У 2017 годзе ў в. Чорнае (Рэчыцкі раён) адкрыта памятная дошка Міхайлу ГрамыкуГалковский С. Геолог и поэт, который нашел под Речицей нефть / Станислав Галковский // Советская Белоруссия. — 2017. — 10 ноября. — С. 10.

Літаратура Шушкевіч С. След на зямлі // Полымя. 1965, № 11. Казека Я. Міхайла Грамыка // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.

Яцухна В. І. Повязь геалогіі, геаграфіі і філалогіі (жыццё і дзейнасць Міхайлы Грамыкі) / В. І. Яцухна // Непрерывное географическое образование: новые технологии в системе высшей и средней школы: материалы IV Международной научно-практической конференции (Гомель, 25―26 апреля 2013 г.) / [редколлегия: Г. Н. Каропа (главный редактор) и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013 — С. 162—165.

Спасылкі

Людмила Рублевская Автор первой пьесы о Скорине — поэт-геолог Михайла Громыко // СБ. Беларусь сегодня. № 3 (24885). Субота, 9 студзеня 2016. «Да слаўнай плеяды пісьменнікаў». Міхайла Грамыка. 130 год. // Маглёўскі гарадскі даведачна-інфармацыйны партал

Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Драматургі Беларусі Катэгорыя:Драматургі СССР Катэгорыя:Паэты СССР Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Пісьменнікі СССР Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Педагогі СССР Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Геолагі СССР Катэгорыя:Геолагі Беларусі Катэгорыя:Географы СССР Катэгорыя:Географы Беларусі Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Нарадзіліся ў Рэчыцкім раёне Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР