Бяла́ручы (, ) — вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Бяларуцкага сельсавета.

Геаграфія Знаходзіцца за 25 кіламетраў на паўднёвы захад ад Лагойска, 14 кіламетраў ад Мінска, на рацэ Вяча (прыток ракі Свіслач).

Гісторыя У 1551 і ў 1567 годзе маёнтак Бяларуч згадваецца ў попісе войска Вялікага Княства Літоўскага, у Менскім павеце Менскага ваяводства. У 1582 годзе двор Бяларуцкі, уласнасць Каленіцкай-Тышкевіч, князёўны Б. В. Саламярэцкай. Тут была пабудавана драўляная праваслаўная Успенская царква. У 1630 годзе фальварак ва ўладанні шляхціца Х. Кірсуны.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе ўласнасць мінскага крайчага Франца Аборскага, працаваў вадзяны млын. Пры маёнтку існавала драўляная ўніяцкая Успенская царква.

У 1870 годзе вёска, цэнтр Бяларуцкай воласці ў Мінскім павеце і губерні, 50 рэвізскіх душ мужчынскага полу, прыватная ўласнасць памешчыцы Лапушынскай. Тут размяшчаліся валасное праўленне, царкоўна-прыходская школа, Успенская праваслаўная царква, дробная крама. У 1870 годзе адкрыта Бяларуцкае народнае вучылішча, у якім у 1892 годзе навучаліся 39 хлопчыкаў; яго скончыў Янка Купала (1898).

У пачатку ХХ стагоддзя Бяларучы — цэнтр сельскай грамады. У 1907 годзе дзейнічала аднакласнае народнае вучылішча, у 1909 годзе адкрыта 2-класнае, для якога пабудаваны ўласны будынак. З лютага да снежня 1918 года вёска акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, з жніўня 1919 да ліпеня 1920 года — войскамі Польшчы.

З 1919 года ў БССР. У мястэчку адкрыта 7-гадовая школа, якую наведвалі дзеці з навакольных вёсак. У 1924 годзе ў ёй было 568 вучняў. З 20 жніўня 1924 года вёска, цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага раёна Мінскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 18 студзеня 1931 года Лагойскага раёна. З 20 лютага 1938 года ў Мінскай вобласці. У 1930 годзе створаны калгас «Іскра», працавалі кузня, вадзяны млын.

З пачатку ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года вёска акупіравана нацыстамі. У ліпені 1942 года гітлераўцы спалілі вёску (69 двароў), загубілі 13 жыхароў, 24 вывезлі ў Германію. 19 вяскоўцаў загінулі на фронце, 4 — у партызанскай барацьбе. У баях за вызваленне вёскі загінулі 2 савецкія воіны. Пасля вайны адноўлена.

Праваслаўны храм быў закрыты ў 1920-х гадах пад склад, потым — клуб, у пачатку вайны згарэў. У 2001 годзе пачата будаўніцтва мураванага храма, асвечана царква ў 2010 годзе.

Насельніцтва 1800 — 14 двароў, 153 жыхары. 1861 — 15 двароў, 139 жыхароў. 1886 — 15 двароў, 140 жыхароў. 1897 — 34 двары, 186 жыхароў (у мястэчку); 34 жыхары (у маёнтку). 1917 — 62 двары, 332 жыхары (у мястэчку); 1 двор, 47 жыхароў (у маёнтку). 1941 — 69 двароў, 353 жыхары. 1969 — 54 двары, 196 жыхароў. 2003 — 39 гаспадарак, 78 жыхароў. 2010 — 39 гаспадарак, 87 жыхароў.

Інфраструктура У вёсцы размешчаны Дом культуры, бібліятэка, базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.

Славутасці

Свята-Успенская царква На будынку базавай школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Янкі Купалы.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Бяларуцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Лагойскага раёна