Сямё́н Пятро́віч Ге́рус () — беларускі мастак-графік.
Біяграфія Нарадзіўся ў вёсцы Кунічна Наваградскага павета тагачаснай Польскай Рэспублікі (Заходняя Беларусь) у сялянскай сям’і. Цяпер у складзе вёскі Прымень Навагрудскага раёна.
Скончыў Навагрудскае педагагічнае вучылішча (1945), Віленскі мастацкі інстытут (1952). У 1953 годзе па запрашэнні Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута пераехаў з Вільні ў Мінск для стварэння кафедры графікі і эстампнай майстэрні. Сямён Герус быў першым выкладчыкам графічнага аддзялення мастацкага факультэта, навучаў тэхнікам графічнага мастацтва — лінарыту, дрэварыту, літаграфіі, афорту, сухой іголцы, акватынце і інш., заахвочваў звяртацца да гістарычнай тэматыкі. Працаваў у інстытуце да 1967 года. Сярод вучняў Сямёна Геруса — Арлен Кашкурэвіч, Наталля Паплаўская, Людвіг Асецкі, Рыгор Віткоўскі.
Творчасць Працаваў у станковай графіцы. Першым сярод беларускіх мастакоў у паваенныя гады ўзняў гістарычную тэматыку ў выяўленчым мастацтве. Цыкл графічных твораў Сямёна Геруса, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму і Францыску Скарыну, быў заўважаны. Графічны твор «Кастусь Каліноўскі» (1953), выкананы вугалем, адзін з найбольш удалых і лепшых у гэтай серыі. Постаць Каліноўскага паказана на фоне паўстанцаў-касінераў, у вобразе падкрэслены моц, воля, рашучасць і мужнасць. Удала выкарыстаны на аркушы эфект асвятлення, які надае малюнку трывожны настрой. У 1965 годзе Сямён Герус паўтарае гэтую работу з адпаведнымі дапаўненнямі і перапрацоўкай у лінагравюры, а ў 1985 — у аўталітаграфііКастусь Каліноўскі і Студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі. — Мн., 1989. — С. 8;. Графічны партрэт Францыска Скарыны, створаны вугалем у 1954 годзе вылучаецца дакладнасцю перадачы і глыбінёй псіхалагічнага вобраза асветніка, паказвае яго засяроджаным у час працы ў друкарні. У другім партрэце Францыска Скарыны (1967), зробленым у той жа тэхніцы, мастак хаця і засяроджвае ўвагу на іканаграфічным падабенстве, але стварае свой вобраз друкараФранцішак Скарына і яго час. — Мн., 1989. — С. 14-15;.
У розных тэхніках (лінагравюра, літаграфія, афорт, малюнак) выканаў партрэты Яўгена Цікоцкага (1957), Петруся Броўкі (1967), Адама Русака (1971), Максіма Танка (1975), Адама Міцкевіча (1977), Максіма Багдановіча (1981), Якуба Коласа (1982), Андрэя Бембеля (1983), Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Сяргея Грахоўскага (усе 1996), дэлегатаў 6-га Сусветнага фестываля студэнтаў і моладзі ў Маскве (1957, серыя), пейзажы «Плошча Перамогі» (1972), «Стары Мінск» (1995-96, серыя), тэматычныя кампазіцыі «Мы — беларусы» (1968), «Янка Купала ў Вязынцы» (1982) і інш.
Крыніцы
Літаратура
Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998. — Мн., 1998. — С. 124.
Катэгорыя:Выпускнікі Вільнюскай мастацкай акадэміі Катэгорыя:Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі СССР Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі паводле алфавіта Катэгорыя:Дэканы мастацкага факультэта БДАМ