Алгол (скарачэнне ад ) — сямейства імператыўных камп’ютарных моў праграмавання. Першапачатковая распрацоўка адбывалася ў сярэдзіне 1950-х гадоў. Мова значна паўплывала на многія іншыя мовы і была стандартным метадам апісання алгарытмаў, які выкарыстоўваўся ў падручніках і навуковых крыніцах на працягу больш як трыццаці гадоў.

Хоць мова і не атрымала паўсюднага камерцыйнага прымянення, яна аказала велізарны ўплыў на развіццё вылічальнай тэхнікі і канструяванне моў праграмавання. Распрацаваная, каб пазбегнуць некаторых з праблем, выяўленых у FORTRAN, у канчатковым выніку яна спарадзіла мноства іншых моў праграмавання, сярод якіх BCPL, B, Pascal, PL/I, Сімула і C. У Алгол упершыню былі прадстаўлены блокі коду і пара ключавых словаў begin…end для іх размежавання. Таксама ў гэтай мове ўпершыню рэалізаваны ўкладзеныя вызначэнні функцый з лексічнай вобласцю бачнасці. Акрамя таго, гэта была першая мова праграмавання, якая надавала падрабязную ўвагу фармальнаму апісанню мовы, а ў справаздачы Алгол 60 была прадстаўлена , цяпер агульнаўжывальны спосаб запісу фармальнай граматыкі мовы.

Існуюць тры асноўныя спецыфікацыі: Алгол 58 — першапачаткова прапаноўвалася называць IAL (ад International Algebraic Language). Алгол 60 — упершыню рэалізавана ў выглядзе X1 ALGOL 60 у сярэдзіне 1960-х, перагледжана ў 1963. Алгол 68 (перагледжана ў 1973) — былі ўведзеныя новыя элементы, у тым ліку гнуткія масівы, слайсы, паралелізм, ідэнтыфікацыя аператара, а таксама розныя функцыі, якія пашыраюць магчымасці.

Афіцыйныя версіі Алгол утрымліваюць у назве лічбы года, у якім яны ўпершыню былі апублікаваны.

Алгол 68 істотна адрозніваецца ад Алгол 60 і быў не надта добра прыняты, такім чынам, абагульненая назва «Алгол» хутчэй азначае Алгол 60 і яго дыялекты. Фрагменты алголападобнага сінтаксісу часам і цяпер выкарыстоўваюцца ў якасці псеўдакоду.

Літаратура Савіцкі М. Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы / Мікола Савіцкі. — Мн.: Энцыклапедыкс. 2009. — ISBN 978-985-6742-83-8. АЛГОЛ // Терминологический слолварь по основам информатики и вычислительной техники / А. П. Ершов, Н. М. Шанский, А. П. Окунева, Н. В. Баско; Под общ. ред. А. П. Ершова, Н. М. Шанского. — М.: Просвещение, 1991. — С. 22. — 159 с., ил. — ISBN 5-09-0023797-8.