Свята-Ушэсцеўская царква — праваслаўны храм у в. Забычанне Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчана ў цэнтры вёскі, на плошчы.
Гісторыя Першая драўляная царква ў імя апосталаў Пятра і Паўла згадваецца ў 1511 годзе. У пачатку XVII стагоддзя мясцовы шляхціч збудаваў у Забычанні новую драўляную царкву Святога Духа. Калі ў ёй перастала хапаць месца, было вырашана ўзвесці каменны храм.
Будоўля пачалася ў 1893 годзе і вялася за кошт сродкаў памешчыка Аркадзя Астанкевіча і тутэйшых жыхароў нямецкім архітэктарам Зімбергам, запрошаным з Пецярбурга. Будаўнікамі былі запрошаныя спецыялісты з Магілёўскай губерні. Абразы для храма пісаліся афонскімі майстрамі на кіпарысавых дошках, пакрытых разьбой, аконныя рашоткі каваліся ў Пецярбургу і дастаўляліся ў Забычанне абозамі. У 1897 годзе да дня Ушэсця Гасподняга будаўніцтва царквы скончылася. Аднак, зрабіць роспіс інтэр’еру да рэвалюцыі не паспелі.
У савецкія часы храм дзейнічаў да 1932 года, калі быў рэпрэсаваны святар Віктар Барташэвіч. З храма былі скінуты крыжы і званы, спалены абразы і царкоўныя рэчы. Будынак перадалі калгасу, які ўладкаваў у ім зернесховішча. Падчас Другой сусветнай вайны царква значна пацярпела: калі ішоў бой за вызваленне вёскі, на званіцы схаваліся 3 нямецкія снайперы.
У пасляваенны час пабудова выкарыстоўвалася для захоўвання гною, заняпала і стаяла без даха. У 1990-я гады пачаліся працы па аднаўленні храма, і 23 верасня 2018 года адрэстаўрваная царква была паўторна асвечана ў гонар Ушэсця Гасподняга.
Настаяцель царквы — айцец Міхаіл Салабуцін, па сумяшчальніцтве святар храма ў Фёдараўцы.
Архітэктура
Помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю і неаготыкі. Чатырохчасткавая падоўжна-восевая кампазіцыя будынка складаецца з прытвора, трапезнай, малітоўнай залы і пяціграннай апсіды. Вертыкальнымі дамінантамі з’яўляюцца васьмігранныя шатровыя барабаны надбудаванай над прытворам званіцы і цэнтральнага кубападобнага аб’ёму.
Фасады крапаваны вуглавымі трохчвэртнымі калонкамі, зубчастымі фрызамі, аркатурнымі паясамі, прарэзаны падвойнымі арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах. Вокны падвойныя, з паўцыркульнымі завяршэннямі. Асаблівасцю пластычнага вырашэння будынка з’яўляюцца шчытавыя завяршэнні сцен аб’ёмаў і барабанаў, абрысы якіх паўтараюць шматсхільны дах. У якасці гідраізаляцыі была выкарыстана бярозавая кара — с. 217.
Унутры ў малітоўную залу адкрываецца светлавы барабан з самкнутым скляпеннем, абапёрты праз парусы на шырокія аркі прыдзелаў, апсіды і прытвора; апсіда перакрыта конхай. Арыгінальнае дэкаратыўнае ўбранне не захавалася. Ад першапачаковых рэліквій захаваўся драўляны вынасны запрастольны крыж, пакрыты разьбой, які сёстры Федарыставы, пеўчыя храма, паспелі схаваць, калі зачынялі царкву.
Вышыня будынка — 23–25 м, таўшчыня вонкавых сценаў — да 2 м. Для гідраізаляцыі ў падмурку пакладзены пласт бяросты.
Першапачаткова храм быў абнесены мураванай агароджай, у левым вуглу якой знаходзілася вартоўня.
Літаратура — С. 217 Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
Катэгорыя:Храмы паводле алфавіта Катэгорыя:1897 год у Беларусі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Касцюковіцкага раёна Катэгорыя:Забычанне Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Храмы Магілёўскай і Мсціслаўскай епархіі