Паспяванне пладоў — сукупнасць змен у пладах, у выніку якіх насенне ператвараецца ў парнавартасныя дыяспоры, а каляплоднік становіцца здольным выконваць функцыі па абароне і распаўсюджванню насення.

Ахоўныя ўласцівасці плоду Пакуль насенне яшчэ не гатовае да распаўсюджвання, плод абараняе яго ад высыхання, механічных пашкоджанняў і іншых небяспек. Для тых раслін, насенне якіх распаўсюджваюцца, праходзячы праз страўнік жывел, характэрна ўтрыманне ў каляплодніку (перыкарпіі) недаспелых пладоў такіх рэчываў, якія з’яўляюцца для жывел нясмачнымі (напрыклад, з-за кіслага або звязальнага смаку), неядомымі ці нават атрутнымі. Пры паспяванні ж пладоў іх хімічны склад змяняецца і гэтыя ахоўныя ўласцівасці знікаюць.

Змены пладоў у працэсе паспявання Пасля таго, як у расліны адбываецца апладненне (альбо пачынаецца працэс апаміксісу — развіцця зародка без апладнення), завязь пачынае інтэнсіўна расці, унутры яе фармуецца і спее насенне. У працэсе паспявання пладоў з ім адбываюцца розныя змены.

Вылучаюць два асноўных перыяды развіцця плоду: ад апладнення яйкаклеткі да паспявання насення і заканчэння росту каляплодніка — і, другі перыяд, да поўнага паспявання каляплодніка.

Па сваёй працягласці перыяд паспявання пладоў можа быць кароткім (у большасці ягад) і доўгім (у цытрусавых, зімовых сартоў яблыкаў). У лімона, да прыкладу, звычайны тэрмін паспявання плоду — 9 месяцаў, пры гэтым плод можа знаходзіцца на дрэве да двух гадоў.

Марфалагічныя змены Змены, якія адбываюцца ўнутры завязі, суправаджаюцца ростам і зменамі каляплодніка. Маецца два асноўных тыпы змены каляплодніка: працэс зменаў прыводзіць да абязводжвання тканак (плод з такім тыпам змены каляплодніка называецца сухім) — ці каляплоднік разрастаецца (звычайна за кошт тканін завязі або кветаложы), што звязана з павелічэннем колькасці клетак, іх памерам і ўтварэннем міжклеткавых прастор (у гэтым выпадку плод называецца сакавітым).

Біяхімічныя змены Для працэсу паспявання характэрна зніжэнне ў пладах утрымання крухмалу, арганічных кіслот і дубільных рэчываў — і, адначасова, павелічэнне ўтрымання азоцістых злучэнняў і растваральных цукроў.

Яшчэ адно змяненне, характэрнае для многіх спеючых пладоў, — іх размякчэнне. Яно звязана са зменай суадносін і стану поліцукрыдаў, асабліва пектінавых рэчываў, у сценках клетак.

Склад пігментаў, якія ўваходзяць у склад паверхневых тканак плоду, а таксама яго мякаці і клеткавага соку, пры паспяванні плоду таксама мяняецца. У многіх раслін хларафіл тканак руйнуецца, у той час як антацыяны, караціноіды і іншыя пігменты сінтэзуюцца, у сувязі з чым афарбоўка паверхні плоду нярэдка змяняецца з зяленай на жоўтую, аранжавую або чырвоную.

У працэсе паспявання плоду ў яго тканках адбываецца сінтэз спіртоў, альдэгідаў, складаных эфіраў, тэрпенаў і іншых лятучых рэчываў, у выніку ён набывае ўласцівы яму водар.

Функцыянальныя змены У выніку паспявання пладоў каляплоднік звычайна прымае на сябе новыя функцыі — абароны пладоў, іх распаўсюджвання і інш

Даспельванне

Працэс давядзення знятых недаспелы[ пладоў у сховішчах, складах або спецыяльна абсталяваных камерах да стану спажывецкай спеласці называецца даспельваннем.

Літаратура

Левина Р. Е. Морфология и экология плодов. — Л., 1987. Лотова Л. И. Морфология и анатомия высших растений. — М., 2000. Метлицкий Л. В. Биохимия плодов и овощей. — М., 1970. Сапожникова Е. В. Пектиновые вещества и пектолитические ферменты. — М., 1971. Церевитинов Ф. В. Химия и товароведение свежих плодов и овощей. — 3 изд., т. 1. — М., 1949.

Катэгорыя:Біялогія развіцця Катэгорыя:Марфалогія раслін Катэгорыя:Плод