Агнеса дэ Пуацье (; каля — , Рым) — імператрыца Свяшчэннай Рымскай імперыі, жонка імператара Генрыха III і маці імператара Генрыха IV, рэгент імперыі ў 1055—1061 гадах.
Біяграфія Агнеса дэ Пуацье была дачкой герцага Аквітаніі і графа Пуату Гільёма V і яго жонкі, Агнесы Бургундскай. У 1043 годзе ў Майнцы яна была каранавана як каралева Германіі, а 21 лістапада таго ж года заручана з Генрыхам III. Каранацыя іх абодвух імператарскай каронай адбылася ў Рыме 25 снежня 1046 года. Агнеса была другой жонкай Генрыха; першая яго жонка, Гунхільда Дацкая, сканала ад малярыі. Шлюб з Агнесай меў для Генрыха ў першую чаргу палітычную карысць — гэтым ён завязваў дружалюбныя і роднасныя адносіны з найбольш знатнымі французскімі фаміліямі, якія мелі ўплыў на французскага караля, а таксама ўмацоўваў свае пазіцыі ў памежнай Бургундыі, радзіме Агнесы па маці.
Агнеса была адукаванай і набожнай дзяўчынай, якая мела цесныя сувязі з Клюнійскім абацтвам. Як і яе мужу, ёй былі не даспадобы распушчанасць і разгульнасць прыдворнага жыцця. Так, на вяселлі Генрыха і Агнесы былі адменены звычайныя ў такіх выпадках выступлення блазнаў і акрабатаў, вандроўных фігляраў. Яна таксама падтрымала спробы мужа ўвесці ў Германіі звычаі Божага міру (treuga dei), спыніць звычайныя для краіны бясконцыя звады і крэўную помсту. Зрэшты, пры жыцці Генрыха III Агнеса, якая нарадзіла шасцярых дзяцей, адкрыта не выступала на палітычнай сцэне.
Пасля смерці мужа 5 кастрычніка 1056 года Агнеса бярэ на сябе, у якасці рэгенткі пры малалетнім, але ўжо каранаваным спадчынніку Генрыху IV, уладу над краінай. У пачатку свайго кіравання Агнесе дапамагаюць у правядзенні палітыкі, распачатай яе мужам, хросны спадчынніка, клюнійскі абат Гуга Клюнійскі і Рымскі Папа Віктар II. Асноўным клопатам Агнесы было падтрыманне міру ў імперыі. Віктар II, якому ў свой час Генрых III дапамог стаць папам, цяпер клапаціўся аб падтрыманні раўнавагі паміж каронай, дваранствам Імперыі і яе епіскапатам.
З часам Агнеса паспрабавала зацвердзіцца сярод германскай знаці, раздорваючы буйныя лены. Так, у 1056 годзе яна перадала герцагства Карынтыя Конраду III, у 1057 годзе — Швабію — Рудольфу Швабскаму, які атрымаў таксама ў кіраванне і Бургундыю. Герцагства Баварыя яна перадала ў 1061 годзе вопытнаму военачальніку, саксонскаму графу Атону Нордгаймскаму — таму што ў сувязі з абвастрэннем адносін з Венгрыяй ёй патрэбна была трывалая граніца на паўднёвым усходзе імперыі. Атону Нордгаймскаму ўдалося пасадзіць на венгерскі трон Саламона з дынастыі Арпадаў, які ажаніўся ў 1063 годзе з дачкой Агнесы, Юдытай. Агнеса карысталася ў краіне выключнай павагай і аўтарытэтам. У той жа час усе гэтыя зямельныя падараванні аб'ектыўна спрыялі аслабленню цэнтральнай улады і самой Салічнай дынастыі.
У 1057 годзе сканаў Папа Віктар II, і ў палітыку Агнесы з рымскай курыяй пачаліся змены. Новы Папа Мікалай II выдаў дэкрэт, які вызначыў новы парадак абрання пап, а менавіта толькі пасродкам галасавання кардыналаў — што ішло ў супярэчнасць як з інтарэсамі імперыі, так і рымскага набілітэту. Адносіны паміж Рымам і Імперыяй пачалі хутка пагаршацца. Пасля смерці Мікалая II 19 ліпеня 1061 года, кардыналы абіраюць новым Папам біскупа Лукі Ансельма (папа Аляксандр II). У адказ на гэта Агнеса высоўвае свайго кандыдата — біскупа Пармы Кадалуса (антыпапа Ганорый II). Так пачалася працяглая схізма, якая скончылася толькі на саборы ў 1064 годзе звяржэннем Ганорыя II. Паражэнне ў гэтай рэлігійнай барацьбе нанесла імператрыцы вельмі адчувальны ўдар, яна таксама вымушана была падзяліць віну за раскол у імперскай царкве, выкліканы ўсімі гэтымі падзеямі.
Лічачы сябе адказнай за крызіс у царкве і паражэнне ў палітыцы, якую яна праводзіла ў дачыненні да Рыма, Агнеса адыходзіць ад свецкая жыцця і актыўнай палітычнай дзейнасці, рыхтуючы сябе да духоўнага жыцця (меркавана ў лістападзе 1061 года). Як «субрэгент» ёю быў прызначаны біскуп Генрых Аўгсбургскі. Гэта прызначэнне Генрыха не знайшло паразумення ў многіх знатных людзей Германіі, якія лічылі, што ў яго аснове ляжыць ганебная любоўная сувязь паміж ім і імператрыцай. Выхаванне ж юнага Генрыха IV міністэрыяламі, гэта значыць людзьмі несвабоднымі, «які не маюць паходжання», прывяло да змовы і адкрытага выступлення ў 1062 годзе, калі юны імператар быў выкрадзены групай дваран на чале з архібіскупам кёльнскім Ана II, і дастаўлены ў дзюсельдорфскій бург Кайзерверт, дзе далей выхоўваўся.
Пасля падзей у Кайзерверце Агнеса вядзе рэлігійнае, духоўнае жыццё. У той жа час яна не сыходзіць, як яна жадала, у манастыр, да дасягнення яе сынам паўналецця — як адзіны гарант яго ўзыходжання на трон і працягу Салічнай дынастыі ў імперыі. Толькі пасля атрымання Генрыхам IV яго суверэнных правоў у сакавіку 1065 года яго маці змагла ажыццявіць даўно задуманае ёю падарожжа ў Італію. Тут Агнеса падоўгу жыве ў манастыры Фрутуарыя, падтрымлівае манастыры Монтэкасіна і Суб'яка. Выступала таксама саветнікам Папаў Аляксандра II і Грыгорыя VII, абараняючы пры гэтым інтарэсы свайго сына Генрыха IV. Памерла ў 1077 годзе ў Рыме, пахавана ў Саборы Святога Пятра.
Дзеці Адэльгейда II (1045—1096), абатыса Гандэрсгеймская і Кведлінбургская; Гізела (1047—1053); Мацільда Швабская (1048—1060), з 1059 у шлюбе з Рудольфам Швабскім, герцагам Швабскім, з 1077 антыкаралём Германіі; Генрых IV (1050—1106), з 1056 кароль, у 1084—1106 імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі; Конрад II, (1052—1055) герцаг Баварыі; Юдыт (1054—1092/1096), у першым шлюбе з Саламонам (пам. 1087), каралём Венгрыі (з 1063); у другім — з 1089 за Уладзіславам I Германам, (пам. 1102), князем польскім.
Літаратура Bruno, Sachsenkriege, (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 12) Darmstadt 1963. Das Leben Kaiser Heinrichs IV., (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 12) Darmstadt 1963. Lampert von Hersfeld, Annalen, (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 13) Darmstadt 1973. Berthold von Reichenau: Chronik, (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 14) Darmstadt 2002. Frutolf von Michelsberg: Chronik, (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 15) Darmstadt 1972. Mechthild Black-Veldtrup: Kaiserin Agnes (1043—1077). Quellenkritische Studien. Böhlau Verlag, Köln 1995, ISBN 3-412-02695-6. Marie-Luise Bulst-Thiele: Kaiserin Agnes, Gerstenberg, Hildesheim 1972 (Repr. d. Ausg. Leipzig 1933), ISBN 3-8067-0149-0.
Катэгорыя:Імператрыцы Свяшчэннай Рымскай імперыі Катэгорыя:Жонкі кіраўнікоў XI стагоддзя Катэгорыя:Рэгенткі