Шанха́й Ма́стэрс 2016 (, таксама вядомы як Bank of Communications Shanghai Masters 2016 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 19 па 25 верасня 2016 года на Шанхайскай гранд-сцэне, у Шанхаі, Кітай. Турнір стаў дзясятым розыгрышам Шанхай Мастэрс, які быў заснаваны ў 2007 годзе. Bank of Communications у шосты раз запар спансіраваў Шанхай Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £465,200, з якіх £85,000 атрымаў пераможца.

Турнір уключаў у сябе чатыры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзілі на працягу чатырох дзён з 30 жніўня па 2 верасня 2016 года на арэне Метрадром у Барнслі, Англія, і ў якіх гулялі 112 удзельнікаў (106 прафесійных снукерыстаў і 6 аматараў). 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда трапілі ў асноўную стадыю, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных ігракоў і 8 уладальнікаў уайлдкард, якія гулялі ў папярэднім раўндзе супраць васьмярых ігракоў, якія прайшлі кваліфікацыю. Пасля гэтага, 32 снукерысты гулялі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу. У ўайлдкард раўндзе і першых двух раўндах асноўнай сетцы на Шанхайскай гранд-сцэне выкарыстоўвалася чатыры гульнявыя сталы, у чвэрцьфіналах — два, а ў паўфіналах і фінале — адзін.

З васьмі ўладальнікаў уайлдкард у 1/16 фіналу прайшоў толькі 16-гадовы Юань Сыцзюнь, які разграміў Мартына Гоўлда ў першым матчы з лікам 5:0. Стывен Магуайр з Шатландыі выканаў максімальны брэйк у матчы ўайлдкард-раўнда супраць Сюя Ічэня, за што атрымаў узнагароду ў £2000 за найвышэйшую серыю на турніры і дадатковыя £5000 паводле правілаў пераходнага максімуму на рэйтынгавых турнірах. Гэты максімум стаў трэцім у кар'еры Магуайра, 120-м у гісторыі снукера, другім — у сезоне, чацвёртым — у 2016 годзе і трэцім максімальным брэйкам на Шанхай Мастэрс. Леташні пераможца Кайрэн Уілсан саступіў у першым раўндзе Майклу Холту з лікам 2:5, а леташні фіналіст Джад Трамп прайграў Майклу Уайту ў 1/8 фіналу з лікам 3:5. Лідар сусветнага рэйтынгу Марк Сэлбі, які перамог на Шанхай Мастэрс 2011 года, павялічыў свае рэкорды па колькасці выхадаў у чвэрцьфіналы (у сёмы раз) і па колькасці выхадаў у паўфіналы (у шосты раз) шанхайскага турніру, а ў паўфінальным матчы ён перайграў другога нумара рэйтынгу Сцюарта Бінэма, які ў трэці раз запар дайшоў да паўфіналу гэтага спаборніцтва, з лікам 6:5 і выйшаў у другі фінал Шанхай Мастэрс. Другім фіналістам стаў пераможца Шанхай Мастэрс 2013 года Дзін Цзюньхуэй, які ў чацвёрты раз запар дайшоў да чвэрцьфінальнай стадыі спаборніцтва ў Шанхаі і перамог у паўфінале Стывена Магуайра з лікам 6:3. Такім чынам, фінал стаў паўтарэннем апошняга фінальнага паядынку чэмпіянату свету, дзе Сэлбі перамог Дзіна з лікам 18:14.

Першым двухразовым пераможцам турніру стаў Дзін Цзюньхуэй, які перайграў на сваім шляху да тытула Скота Дональдсана (5:4), Марка Алена (5:2), Майкла Холта ў чвэрцьфінале (5:3), Стывена Магуайра з Шатландыі ў паўфінальным матчы (6:3) і чэмпіёна свету Марка Сэлбі ў фінальным паядынку (10:6). Такім чынам, 29-гадовы кітаец выйграў свой 12-ы рэйтынгавы тытул, другі снукерны турнір запар (пасля перамогі на чэмпіянаце свету па снукеры з шасцю чырвонымі шарамі ў пачатку верасня) і першы рэйтынгавы тытул за два з паловай года (пасля перамогі на адкрытым чэмпіянаце Кітая 2014 года). Апроч таго, гэтая перамога паспрыяла яго ўздыму ў рэйтынгу на 3 пазіцыі — з дзявятай на шостую.

Турнір

Шанхай Мастэрс 2016 года стаў дзясятым розыгрышам Шанхай Мастэрс (), які праходзіць штогод з 2007 года на шанхайскай гранд-сцэне, у Шанхаі, Кітай.

Шанхай Мастэрс 2016 праходзіў пад эгідай сусветнай асацыяцыі прафесійнага більярда і снукера () і ўваходзіў у каляндар мэйн-тура, а таксама быў пятым рэйтынгавым турнірам снукернага сезона 2016/2017.

Матчы асноўнай стадыі турніру (39 паядынкаў) гуляліся за чатырма сталамі на Шанхайскай гранд-сцэне ў шанхайскім раёне Сюйхой, а кваліфікацыя спаборніцтва праходзіла менш чым за месяц да гэтага на арэне Метрадром у Барнслі, Англія.

Прызавыя грошы

Bank of Communications у шосты раз запар спансаваў Шанхай Мастэрс. Прызавы фонд турніру не змяніўся ў параўнанні з мінулым годам і склаў £465,200. Першы прыз таксама застаўся на тым жа ўзроўні, што і год таму — £85,000.

Згодна з рэйтынгавай сістэмай, якая прыняла статус афіцыйнай з сезона 2014/2015, прызавыя грошы сталі эквівалентнымі рэйтынгавым ачкам. Такім чынам, рэйтынг снукерыста адлюстроўвае суму прызавых грошай, якія ён зарабіў на рэйтынгавых турнірах за апошнія два гады. Пры гэтым, снукерыст, які прайграваў у першым жа матчы на турніры, увогуле не атрымліваў рэйтынгавых ачкоў.

ДасягненнеПрызавыяПераможца£85000Фіналіст£35000Паўфіналісты£19500Чвэрцьфіналісты£120001/8 фіналу£80001/16 фіналу£60001/24 фіналу£30001/32 фіналу£20001/48 фіналу£500Найвышэйшы брэйк у кваліфікацыі£200Найвышэйшы брэйк у асноўнай стадыі£2000 Агульны прызавы фонд £465200 Максімальны брэйк £5000 Максімальны брэйк у кваліфікацыі £10500

Фармат турніру

На Шанхай Мастэрс 2016 прыняло ўдзел 136 гульцоў, з якіх 122 — удзельнікі мэйн-тура і 14 — аматары. 64 удзельнікі — гульцы з нумарамі пасеву з 65 па 107, 15 снукерыстаў, якія не мелі рэйтынгавых ачкоў і адпаведна не мелі нумара пасеву, а таксама 6 аматараў — пачалі турнір з першага кваліфікацыйнага раўнда ў фармаце матча на выбыванне (32 гульні), які праходзіў 30 жніўня 2016 года (менш чым за месяц да асноўнай стадыі). У ім снукерысты з нумарамі пасеву з 65 па 96 гулялі супраць астатніх снукерыстаў. 32 пераможцы матчаў першага раўнда выходзілі ў другі кваліфікацыйны раўнд, у якім гулялі супраць удзельнікаў з нумарамі пасеву з 33 па 64 (32 гульні). Другі круг праходзіў 31 жніўня 2016 года. Усе 32 пераможцы матчаў другога раўнда гулялі паміж сабой у трэцім кваліфікацыйным раўндзе (16 гульняў), які праходзіў 1 верасня 2016 года. Затым 16 пераможцаў матчаў трэцяга раўнда выходзілі ў заключны чацвёрты кваліфікацыйны раўнд, дзе гулялі супраць удзельнікаў з нумарамі пасеву з 17 па 32 (16 гульняў). Чацвёрты круг кваліфікацыі праходзіў 2 верасня 2016 года. Кваліфікацыя Шанхай Мастэрс праходзіла на арэне Метрадром у Барнслі, Англія. Такім чынам, у асноўную стадыю спаборніцтва выйшлі 16 ігракоў, якія далучыліся да 16 снукерыстаў з нумарамі пасеву з 1 па 16 і 8 уладальнікаў уайлдкард. Васьмёра ўладальнікаў уайлдкард гулялі ў папярэднім уайлдкард раўндзе супраць васьмярых выпадковых гульцоў з тых, якія прайшлі кваліфікацыю.

Такім чынам, 8 пераможцаў чацвёртага кваліфікацыйнага раўнда, якія не гулялі ў уайлдкард раўндзе, 8 пераможцаў матчаў уайлдкард раўнда і 16 ігракоў, якія трапілі на чэмпіянат без кваліфікацыі, гулялі ў асноўнай стадыі на выбыванне, пачынаючы з 1/16 фіналу, дзе топ-16 сеяных гульцоў сустракаліся з астатнімі гульцамі. Лёсаванне турніру прадвызначала немагчымасць сустрэчы ігракоў топ-16 раней за 1/8 фіналу, ігракоў топ-8 раней чвэрцьфіналаў, ігракоў з першай чацвёркі сеяных раней паўфіналу і двух першых сеяных раней фіналу Шанхай Мастэрс. Пяць раўндаў асноўнай стадыі (а таксама ўайлдкард раўнд) праходзілі на працягу сямі дзён (гульні ўайлдкард раўнда і 1/16 фіналу расцягнутыя на тры дні) на шанхайскай гранд-сцэне ў Шанхаі, Кітай.

Стадыя Тэрміны Першы кваліфікацыйны раўнд 30 жніўня 9 5 Другі кваліфікацыйны раўнд 31 жніўня 9 5 Трэці кваліфікацыйны раўнд 1 верасня 9 5 Чацвёрты кваліфікацыйны раўнд 2 верасня 9 5 Уайлдкард раўнд 19–20 верасня 9 5 1/16 фіналу 19–21 верасня 9 5 1/8 фіналу 22 верасня 9 5 1/4 фіналу 23 верасня 9 5 1/2 фіналу 24 верасня 11 6 Фінал 25 верасня 19 10

Кваліфікацыя

Пасеў гульцоў на Шанхай Мастэрс 2016 быў утвораны паводле афiцыйнага рэйтынгу на 1 жніўня 2016 года (пасля World Open 2016 года). Першы нумар пасеву атрымаў леташні пераможца турніру Кайрэн Уілсан, які займаў 14-ы радок у рэйтынгу, а другі — чэмпіён свету Марк Сэлбі, які быў лідарам рэйтынгу.

Кваліфікацыйная сетка

Соценныя брэйкі

У 95 матчах кваліфікацыйнай стадыі было выканана 28 соценных брэйкаў. Па два сэнчуры выканалі Майкл Холт, Джэймі Кёртыс-Бэрэт, Сцюарт Кэрынгтан, Чжан Аньда, Джэймі Джонс, Тор Чуан Леонг і Мэй Сівэнь. У чацвёртым кваліфікацыйным раўндзе 28-ы сеяны турніру Майкл Холт у паядынку супраць Марка Кінга зрабіў серыю ў 136 балаў, які стаў найвышэйшым на стадыі кваліфікацыі. Такім чынам, англічанін атрымаў узнагароду ў £200 за вышэйшы брэйк у кваліфікацыі.

Ніжэй прадстаўленыя ўдзельнікі, упарадкаваныя па іх найвышэйшаму брэйку на турніры. Насупраць пералічаны ўсе соценныя серыі кожнага гульца.

Гулец Усе брэйкі Майкл Холт 2 136, 110 Джэймі Кёртыс-Бэрэт 2 134, 117 Сэм Крэйгі 1 134 Джэк Лісоўскі 1 130 Сцюарт Кэрынгтан 2 128, 118 Хамза Акбар 1 128 Чжан Аньда 2 127, 102 Курт Мэфлін 1 123 Джэймі Джонс 2 119, 102 Мэцью Сэлт 1 118 Тор Чуан Леонг 2 116, 103 Эндру Хігінсан 1 116 Робін Хал 1 115 Дамінік Дэйл 1 114 Мэй Сівэнь 2 108, 100 Ян Прыс 1 104 Рос М’юр 1 104 Стывен Магуайр 1 103 Джэймі Коўп 1 103 Адам Дафі 1 101 Чжаа Сіньтун 1 101 Увогуле 28 Найвышэйшы брэйк: 136 (Майкл Холт)

Удзельнікі

У асноўнай стадыі Шанхай Мастэрс 2016 прынялі ўдзел 16 гульцоў, якія мелі найвышэйшыя нумары пасеву, 16 снукерыстаў, якія перамаглі ў матчах чацвёртага кваліфікацыйнага раўнда, а таксама 8 уладальнікаў уайлдкард.

Пяць снукерыстаў: Ніл Робертсан, Шон Мёрфі, Сцюарт Бінэм, Дзін Цзюньхуэй і Раян Дэй прымалі ўдзел у дзясятым розыгрышы Шанхай Мастэрс запар, не прапусціўшы, такім чынам, ніводнага турніру з самога заснавання ў 2007 годзе.

8 кітайскіх аматараў атрымалі ўайлдкард ад арганізатараў турніру: Юань Сыцзюнь, які выступаў у ўайлдкард-раўндзе гэтага спаборніцтва ў чацвёрты раз запар, Чэнь Цзыфань і Ню Чжуан, якія ў трэці раз запар атрымалі гэты прывілей, Сюй Сы, які прымаў удзел у ўайлдкард-раўндзе Шанхай Мастэрс у 2014 годзе, а таксама навічкі турніру Ху Хаа, Сюй Ічэнь, Гуань Чжэнь і Ма Бін.

У 2016 годзе на шанхайскую гранд-сцэну патрапіла 9 дэбютантаў: Энтані Мак-Гіл (18), Бэн Вуластан (29), Курт Мэфлін (46), Сцюарт Кэрынгтан (59), Скот Дональдсан, Ху Хаа, Сюй Ічэнь, Гуань Чжэнь і Ма Бін.

Да гэтага ніводны гулец не здолеў выйграць тытул Шанхай Мастэрс два разы. Восем удзельнікаў розыгрышу 2016 года станавіліся пераможцамі спаборніцтва: Рыкі Уолдэн (2008), Роні О’Саліван (2009), Алістэр Картэр (2010), Марк Сэлбі (2011), Джон Хігінс (2012), Дзін Цзюньхуэй (2013), Сцюарт Бінэм (2014) і Кайрэн Уілсан (2015).

Самым узроставым удзельнікам асноўнай стадыі Шанхай Мастэрс 2016 года стаў 42-гадовы Джо Пэры. Марку Уільямсу і Джону Хігінсу падчас турніру было па 41 году, а Роні О’Салівану, Роберту Мілкінсу і Сцюарту Бінэму — па 40.

Ніжэй прадстаўлена табліца, якая дэманструе статыстыку выступленняў удзельнікаў спаборніцтва на ўсіх папярэдніх турнірах Шанхай Мастэрс.

Леташні пераможцаЧэмпіён светуДэбютант турніру