Pseudoscaphirhynchus kaufmanni — прэснаводная рыба сямейства асятровых.

Апісанне Максімальная даўжыня рыбіны (уключаючы хваставую нітку — выцягнутую верхнюю лопасць хваставога плаўніка) да 75 см і вага да 2 кг.

Рыла шырокае, плоскае. На канцы яго размешчана ад 1 да 9 вострых шыпоў. Паміж вачыма і на патыліцы маецца па 2 вострыя шыпы. Рот вялікі, вусікі гладкія. Вочы вельмі дробныя, часта амаль зацягнутыя скурай. Верхняя лопасць хваставога плаўніка заканчваецца доўгай ніткай.

У спінным плаўніку 29-34 прамянёў; у анальным 16-23; спінных жучак 10-15, бакавых — 28-40, брушных — 5-11; жаберных тычынак 16.

Афарбоўка дарсальнай паверхні ад цёмна-бурай да чорна-бурай, жывот шэра-белы.

Распаўсюджанне

Гістарычна жыў ад вусця Амудар’і да Пянджа. У моры не выходзіў, але адзінкавыя асобіны сустракаліся ў саланаватых водах дэльты Амудар’і і ў перадвусцевай прасторы. Пасля зарэгулявання сцёку Амудар’і і яе прытокаў арэал віду рэзка скараціўся. У канцы XX стагоддзя засталося толькі дзве малалікія папуляцыі ў Вахшы і сярэднім цячэнні Амудар’і вышэй Туркменабада. Не здзяйсняе далёкіх міграцый.

Біялогія Прэснаводная рыба. Сустракаецца толькі ў рэчышчы ракі, у месцах з пясчаным, цвёрдым гліністым, радзей камяністым дном. Не заходзіць у стаячую ваду. Існуюць дзве экалагічныя формы — буйная і дробная.

Дарослыя асобіны сілкуюцца пераважна рыбай (гальцы, вусач), але ядуць і насякомых. У 1911 годзе спрабавалі акліматызаваць від у Мургабе, але рыбы не прыжыліся. Харчовыя канкурэнты малявак — гальцы і маляўкі вусача, дарослых рыб — сом.

Размнажэнне Палавая сталасць надыходзіць на 6-7-м годзе пры даўжыні цела больш за 45 см. Нерастуе ў красавіку пры тэмпературы 16 °C. Пладавітасць пры даўжыні 26-50 см (без хваставога плаўніка) ад 3100 да 36000 ікрынак. Лічынкі прыстасаваныя да жыцця ў струменях моцнай доннай плыні каламутнай ракі.

Ікра донная, клейкая, чорнага колеру, ікрынкі дыяметрам 1,5—2,7 мм. У чэрвені даўжыня малявак складае каля 3,5 см, шып на канцы лыча і хваставая нітка адсутнічаюць. Хваставая нітка з’яўляецца пры даўжыні 6,5 см.

Узаемадзеянне з чалавекам Каштоўная прамысловая рыба, цяпер рэдкая. Спажываецца ў месцах лоўлі. Магчыма развядзенне ў штучных умовах. У цяперашні час від уключаны ў чырвоныя кнігі Узбекістана і Таджыкістана. Рыбін гэтага віду прамышляюць плаўнай двухсценнай і трохсценнай сеткай, а таксама невадам і подпускамі, з прынадай мядзведкай або дробнай рыбай. Асноўны промысел вядзецца пры нізкай вадзе: восенню, зімой і вясной, летам амаль спыняецца. Мяса ўжываюць у смажаным, салёным і вэнджаным выглядзе. Міжнародны саюз аховы прыроды прысвоіў віду ахоўны статус «Віды на мяжы знікнення».

Катэгорыя:Асятровыя