Псалтыр («Псалътырь или песни с[ве]т[о]го пророка божия давыда царя ёрусалимъска о христе») — віленскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет каля 1522 года і якое ўваходзіць у склад «Малой падарожнай кніжкі»

Змест кнігі На тытульным лісце чырвоным колерам змешчана назва кнігі. На 1 — 3-ім аркушах знаходзіцца «Предъъсловие во псалтырь», якое з'яўляецца скарочанай версіяй прадмовы Псалтыра 1517 года, у прадмове адсутнічае тэкст з прыёмамі выдання, сістэму спасылак і глосы на палях, якія тлумачаць чытачам незнаёмыя словы. На аркушах 4-128 даецца тэкст уласна кнігі Псалтыр, які амаль не адрозніваецца ад пражскага выдання. На апошнім аркушы — пасляслоўе: «Доконана ес[ть] псалтырь сия з Божией помощию повелениемъ працею и великою пилностью в лекарстве доктора Франциска Скорины из славнаго града Полоцька». Час і месца выдання ў кнізе не пазначаны.

Знаходка 2025 года Напрыканцы 2025 года знойдзены невядомы дагэтуль асобнік «Псалтыра», надрукаваны Ф. Скарынам у Вільні ў 1522 годзе. Знаходка выяўлена ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі (г. Веймар). Веймарскі асобнік стаў пятым з падобных асобнікаў «Псалтыра» выдання 1522 года, астатнія чатыры з раней вядомых у краінах Заходняй Еўропы захоўваюцца ў Капенгагене (Каралеўская бібліятэка Даніі), Кембрыджы (Універсітэцкая бібліятэка), Лондане (Брытанская бібліятэка) і Любляне (Нацыянальная і ўніверсітэцкая бібліятэка Славеніі).

Склад «Псалтыра» не адрозніваецца ад ужо вядомых асобнікаў. Надрукаваны ў фармаце ін-актава (у 8°): памер ліста 160 х 100, памер паласы набора 103 х 65, памер з калантытулам 110 х 65 мм. Об’ём кнігі 140 аркушаў, прапушчаных або памылкова пранумараваных аркушаў не мае. Фаліяцыя змешчана на верхнім боку аркуша ўверсе справа. Сігнатура адсутнічае. Маргіналій у дадзеным экзэмпляры няма.

Выданне змяшчае 75 заставак і 164 ініцыяла, якія адрозніваюцца трыма памерамі. На апошней старонке «Псалтыра» змешчана канцоўка, ідэнтычная капенгагенскаму асобніку.

Веймарскі асобнік з’яўляецца найбольш поўным сярод усіх знойдзеных у Заходняй Еўропе. У 2004 годзе быў некалькі пашкоджаны вадой пры пажары ў бібліятэцы. У 2009 годзе была праведзена рэстаўрацыя, у тым ліку і скураной вокладкі.

З улікам знойдзенага ў 2025 годзе, захавалася 11 экзэмпляраў кнігі «Псалтыр» выдання 1522 года.

Літаратура Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3

Спасылкі

Катэгорыя:Францыск Скарына Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта