Space Exploration Technologies Corporation (SpaceX) — амерыканская кампанія, якая займаецца вытворчасцю касмічнай тэхнікі, тэлекамунікацыйным бізнесам і стварэннем праграм са штучным інтэлектам. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў горадзе Старбэйз (Тэхас, ЗША).
Заснавана ў 2002 годзе ранейшым уладальнікам PayPal і CEO Tesla Motors Іланам Маскам з мэтай скараціць выдаткі на палёты ў космас, адкрываючы шлях да каланізацыі Марса. Кампанія распрацавала ракеты-носьбіты Falcon 1 і Falcon 9, з самага пачатку маючы на мэце зрабіць іх шматразовымі, і касмічны карабель Dragon (выводзіцца на арбіту Falcon 9), прызначаны для папаўнення запасаў на Міжнароднай касмічнай станцыі. З 2015 года ўдзельнічае таксама ў рэалізацыі праекта вакуумнага цягніка Hyperloop. У 2020 годзе SpaceX пачала выкарыстоўваць свае караблі Dragon 2 для пілатуемых місій NASA.
З мэтай кантролю над якасцю і коштам, распрацоўка, вытворчасць і тэставанне большасці кампанентаў прадукцыі праводзіцца з апорай на ўнутраныя рэсурсы, уключаючы ракетныя рухавікі Merlin, Kestrel, Draco і SuperDraco, якія выкарыстоўваюцца на ракетах-носьбітах Falcon і карабле Dragon. Гэта дазваляе SpaceX прапаноўваць самыя нізкія цэны на рынку, а таксама прыкметна зніжае час вытворчасці.
У 2019 годзе SpaceX пачала запускаць спадарожнікі Starlink для стварэння якаснага спадарожнікавага інтэрнет-сэрвіса. У 2025 годзе бізнес Starlink стаў найбольш прыбытковай часткай SpaceX, яго гадавы даход склаў 11,4 мільярда долараў, а аперацыйны прыбытак — 4,4 мільярда долараў. У 2026 годзе SpaceX набыла іншую кампанію Ілана Маска xAI.
Пачатковае публічнае размяшчэнне акцый (IPO) SpaceX 12 чэрвеня 2026 года прыцягнула 86 мільярдаў долараў, стала найбуйнейшым IPO ў гісторыі і зрабіла Маска першым трыльянерам у свеце.
Гісторыя
Заснаванне кампаніі Пасля сыходу з PayPal Ілан Маск зацікавіўся даследаваннямі космасу. Ён пачаў наведваць касмічныя канферэнцыі і фінансаваць прыватныя касмічныя праекты. У 2001 годзе ён пазнаёміўся з заснавальнікам марсіянскай супольнасці Робертам Зубрыным, вылучыў 100 000 долараў для яго кампаніі і увайшоў у яе Савет дырэктараў. Маск выступіў з прамовай на іх чацвёртым з’ездзе, дзе распавёў пра праект па стварэнні цяпліцы і вырошчванні раслін на Марсе Mars Oasis ().
Пазней журналіст Эшлі Вэнс пісаў у кнізе «Ілан Маск: Tesla, SpaceX і пошукі фантастычнай будучыні», што першапачаткова Ілан Маск планаваў купіць гатовую ракету, каб адправіць на ёй расліны на Марс. У кнізе паведамляецца, што ў кастрычніку 2001 і лютым 2002 года Маск ездзіў у Маскву, каб купіць ракету Дняпро. Але прапанаваны кошт ракеты здаваўся Маску празмерна вялікім. У выніку ён вырашыў стварыць уласную ракету.
У чэрвені 2002 года Маск заснаваў кампанію Space X. Ён заявіў, што адной з мэтаў SpaceX з’яўляецца павышэнне надзейнасці і зніжэння кошту як пілатуемых, так і беспілотных касмічных перавозак, у канчатковым выніку ў 10 разоў. Першапачаткова штаб-кватэра SpaceX размяшчалася на складзе ў Эль-Сегунда (Каліфорнія, ЗША). Да лістапада 2005 года ў кампаніі працавала 160 чалавек.
Falcon 1 і першыя арбітальныя запускі
Space X стварылі сваю першую арбітальную ракету-носьбіт Falcon 1 на ўласныя сродкі. Falcon 1 была аднаразовай двухступеньчатай ракетай-носьбітам з малой грузападымальнасцю. Кошт распрацоўкі Falcon 1 склаў прыблізна 90 — 100 мільёнаў долараў. Ракета была названая ў гонар касмічнага карабля «Тысячагадовы сокал» з «Зорных войнаў». Для яе Space X распрацавала асобныя жыдкапаліўныя ракетныя рухавікі Merlin 1A і Kestrel.
У 2004 годзе SpaceX падала пратэст супраць НАСА ў Падліковую палату ЗША праз кантракт з адзіным падрадчыкам Kistler Aerospace.
24 сакавіка 2006 года адбыўся першы для кампаніі запуск ракеты-носьбіта Falcon 1, які завяршыўся аварыяй.
Асноўныя дасягненні
Да самых прыкметных дасягненняў SpaceX адносяцца: Ракета-носьбіт з вадкаснымі рухавікамі (Falcon 1), якая 28 верасня 2008 года вывела карысную нагрузку на калязямную арбіту. Касмічны карабель (Dragon), паспяхова запушчаны, выведзены на арбіту і вернуты на Зямлю 8 снежня 2010 года; першы прыватны карабель, прыстыкаваны да МКС — 25 мая 2012 года. Запуск спадарожніка (SES-8) на геастацыянарную арбіту — 3 снежня 2013. Першая ў гісторыіFalcon 9 увайшоў у гісторыю за гадзіну, kommersant.ru, 22 снежня 2015 г. пасадка першай ступені на Зямлю пасля арбітальнага запуска ракеты-носьбіта Falcon 9 — 22 снежня 2015 года. Першая паспяховая пасадка першай ступені ракеты-носьбіта Falcon 9 на марскую платформу Autonomous Spaceport Drone Ship — 8 красавіка 2016 года. Кампанія SpaceX у супрацоўніцтве з NASA адправіла на МКС двух амерыканскіх астранаўтаў на караблі Crew Dragon. Упершыню на МКС людзі адправіліся на транспарце прыватнай кампаніі — 30 мая 2020nashaniva.by.
Спасылкі Афіцыйны сайт SpaceX
Катэгорыя:Касманаўтыка ЗША Катэгорыя:Камерцыйны касмічны палёт