Гео́ргій Няфё́давіч Заха́раў (,  — ) — ваенны лётчык, генерал-маёр авіяцыі. Герой Савецкага Саюза (1945).

Біяграфія Г. Н. Захараў нарадзіўся ў сяле Старое Сямёнкіна Самарскай губерні (зараз у Клявінскім раёне Самарскай вобласці Расіі). У 1930 годзе скончыў Разанаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум ва Ульянаўскай вобласці. Працаваў у саўгасе. У Чырвонай Арміі з 1930 года. У 1933 годзе скончыў 7-ю ваенную школу лётчыкаў у Сталінградзе, у 1934 годзе курсы камандзіраў звенняў пры Качынскай ваеннай школе лётчыкаў. Праходзіў службу старшым лётчыкам, камандзірам звяна 109-й эскадрыллі 36-й знішчальнай авіяцыйнай брыгады ў Кіеўскай ваеннай акрузе. З кастрычніка 1936 па красавік 1937 г. удзельнічаў у баявых дзеяннях Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. З чэрвеня 1937 года камандзір эскадрыллі ў Кіеўскай ваеннай акрузе і камандзір авіяатрада ў Ленінградскай ваеннай акрузе. З верасня 1938 года камандзір ВПС Сібірскай ваеннай акругі. У 1940 годзе скончыў курсы ўдасканалення камсаставу пры Акадэміі генеральнага штаба РСЧА. З лістапада 1940 года Г. Н. Захараў у Заходняй Асобай ваеннай акрузе — камандзір 43-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі.

У час Вялікай Айчыннай вайны з 22 чэрвеня 1941 г. на Заходнім, 3-м Беларускім франтах. Удзельнік абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі, абароны Смаленска і Масквы. У лістападзе 1941 г. прызначаны начальнікам Забайкальскай ваеннай авіяцыйнай школы пілотаў у горадзе Улан-Удэ, з красавіка 1942 г. начальнік школы стралкоў-бамбардзіраў у Ташкенце. Са снежня 1942 года Г. Н. Захараў зноў на фронце, камандзір 303-й знішчальнай авіядывізіі. Удзельнік Арлоўскай, Невельска-Гарадоцкай, Смаленскай, Беларускай, Прыбалтыйскай і Усходне-Прускай аперацый. Да красавіка 1945 г. выканаў 153 баявыя вылеты, удзельнічаў у 48 паветраных баях, збіў 10 самалётаў праціўніка.

Пасля вайны Г. Н. Захараў працягваў службу у Савецкай Арміі. У 1950 годзе скончыў Вышэйшую ваенную акадэмію імя К. Я. Варашылава. З кастрычніка 1960 г. генерал-маёр Захараў у запасе. жыў у Маскве. Памёр 6 студзеня 1996 г. і пахаваны на Кунцаўскіх могілках.

Літаратурныя творы Г. Н. Захараў — аўтар кніг «Аповесць аб знішчальніках» (1977), «Я — знішчальнік» (1985) і інш.

Узнагароды Медаль «Залатая зорка» 2 ордэны Леніна 4 ордэны Чырвонага Сцяга ордэн Кутузава 2-й ступені ордэн Аляксандра Неўскага ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені 2 ордэны Чырвонай Зоркі медаль «За баявыя заслугі» медаль «За ўзяцце Кёнігсберга» медаль «За ўзяцце Берліна» афіцэрскі крыж Ордэна ганаровага легіёна (Францыя) Ваенны крыж 1939—1945 гг. (Францыя) крыж «За лётныя баявыя заслугі» і іншыя ўзнагароды.

Г. Н. Захараў — ганаровы грамадзянін Парыжа.

Памяць Імем Героя названая вуліца ў сяле Старое Сямёнкіна. Бюст на Алеі герояў у горадзе Дзімітраўград ульянаўскай вобласці. Мемарыяльная дошка ў Варонежы на доме, у якім жыў Г. Н. Захараў.

Літаратура

Спасылкі

Захаров Георгий Нефёдович командир 303-й ИАД // Победа — Витебск

Катэгорыя:Савецкія ваенныя спецыялісты ў Іспаніі Катэгорыя:Камандзіры дывізій у Вялікай Айчыннай вайне Катэгорыя:Ваенныя лётчыкі СССР Катэгорыя:Генерал-маёры СССР Катэгорыя:Нарадзіліся ў Самарскай вобласці