Тэатральная (, ) — 28-я станцыя Кіеўскага метрапалітэна, размешчаная на Святошынска-Броварскай лініі, паміж станцыямі «Хрэшчатык» і «Універсітэт». Адкрыта 6 лістапада 1987 года пад назвай «Ленінская» (ад вуліцы Леніна, цяпер — Багдана Хмяльніцкага, дзе размешчаная станцыя). Цяперашняя назва — з 2 лютага 1993, ад размешчаных паблізу Рускага драматычнага тэатра імя Лесі Украінкі і Нацыянальнай оперы Украіны.
З’яўляецца часткай перасадачнага вузла паміж Святошынска-Броварскай і Сырэцка-Пячэрскай. Таксама побач са станцыяй знаходзяцца Цэнтральны ўнівермаг і Музей прыродазнаўства.
Гісторыя Станцыя ўбудаваная ў дзеючую лінію адмыслова як перасадачны пункт на Сырэцка-Пячэрскую лінію. На поўдзень ад старых тунэляў перагона «Універсітэт» — «Хрэшчатык» пачалі будаўніцтва станцыі і пад’язных тунэляў. На завяршальным этапе будаўніцтва новы вузел далучылі да існуючай лініі. Пры гэтым на працягу паўгода, з 31 сакавіка па 1 кастрычніка 1987 г., калі лінія апынулася разарванай напалам, паміж «Універсітэтам» і «Хрэшчатыкам» цягнікі не хадзілі. На гэты перыяд транспартныя зносіны паміж «Універсітэтам» і «Хрэшчатыкам» выконваў часовы тралейбусны маршрут нумар 32, рухам ад Кіева-Пячэрскай Лаўры да Чыгуначнага вакзала. Саму станцыю адкрылі крыху больш чым праз месяц пасля аднаўлення руху, прымеркаваўшы адкрыццё да 6 лістапада — напярэдадні 70-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. У той жа дзень быў закрыты тралейбусны маршрут нумар 32.
Старыя тунэлі, даўжынёй больш за 300 м кожны, знаходзяцца ў закансерваваным стане і часткова пераразаюцца зборам станцыі «Залатыя вароты». Для прафілактычных аглядаў да тунэляў маецца доступ праз службовыя праходы.
Канструкцыя Станцыя глыбокага залажэння. Мае тры падземныя залы — сярэднюю і дзве залы з пасадачнымі платформамі. Залы станцыі злучаныя паміж сабой шэрагам праходаў-парталаў, якія чаргуюцца з пілонамі. Сярэдняя зала пры дапамозе эскалатарнага тунэлю з чатырохстужачным аднамаршавым эскалатарам злучана з падземным вестыбюлем, сумешчаным з падземным пераходам на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Пушкінскай.
Архітэктура Па прычыне таго, што праектная назва станцыі была «Ленінская», архітэктарам паставілі мэту стварыць афармленне падземнага вестыбюля, прысвечанае Леніну. У першым праекце калектыў архітэктараў пастараўся зрабіць акцэнт на тым, што Ленін любіў як чалавек. Аднак гэты праект быў адхілены, і станцыя набыла інтэр’ер у афіцыёзным стылі.
У афармленні пераважае граніт чырвона-карычневых тонаў Лезнікоўскага радовішча ў Жытомірскай вобласці (з таго самага, адкуль у 1929 г. узяты камень для Маўзалея Леніна), якім аздобленыя пілоны і тарэц цэнтральнай залы. У нішах пілонаў з боку цэнтральнай залы былі ўсталяваныя металічныя гарэльефы ў выглядзе сцягоў з цытатамі з прац Леніна на рускай і ўкраінскай мовах (у лютым 2014 года падчас «Ленінападу» дэмантаваныя). У тарцы залы размешчаны бронзавы бюст Леніна. У 2014 годзе ён быў зачынены фальшсцяной, на якой у лістападзе 2014 г. выкананы каляровы малюнак глядзельнай залы Кіеўскай оперы. З боку пасадачных платформаў цэнтральная частка пілонаў аздобленая светла-шэрым мармурам.
Падсвятленне цэнтральнага і платформенных залаў — закарнізнае. Шляхавыя сцены аздоблены белым мармурам.
Верхні цыліндрычны падземны вестыбюль цалкам з’яўляецца кампазіцыяй «Спіраль часу», якая складаецца з гарэльефаў і барэльефаў. Яны ўвасабляюць адлюстраванне гістарычных падзей, якія ператвараюцца ў птушак і прамяні і нарэшце збягаюцца ў цэнтры зводу, дзе зманціравана вялікая жырандоля з мяккім белым святлом.
Перасадкі У сярэдзіне залы станцыі размешчаны чатыры галерэі-праходы над платформай другога шляху, вядучыя да чатырохстужачнага аднамаршавага эскалатара, па якім можна перайсці на станцыю «Залатыя Вароты».
Фотаздымкі
Расклад адпраўлення цягнікоў Адкрыццё — 05:43, закрыццё — 00:18.
Адпраўленне першага цягніка ў накірунку: ст. «Лясная» — 05:57 ст. «Акадэмгарадок» — 05:53
Адпраўленне апошняга цягніка ў накірунку: ст. «Лясная» — 0:25 ст. «Акадэмгарадок» — 00:22
Пераход на станцыю «Залатыя вароты» працуе з 05:50 да 0:27.
Спасылкі Звесткі на афіцыйным сайце Кіеўскага метрапалітэна Старонка станцыі на неафіцыйным сайце Кіеўскага метрапалітэна Тэатральная (станцыя метро) на ВЕК
Катэгорыя:Станцыі Кіеўскага метрапалітэна