«Паляўнічы Беларусі» — прыродазнаўчы часопіс, орган Беларускага прамыслова-кааператыўнага саюза паляўнічых. Выдаваўся ў 1927—1933 гадах перыядычнасцю 12 нумароў на год.
Першы нумар выйшаў у красавіку 1927 г. тыражом 5000 экз., апошні — № 4 за 1933 г. выйшаў тыражом — 12800 экз. Тыраж цалкам разыходзіўся па падпісцы сярод паляўнічых, найбольшы тыраж сабраў у 1930 г. — 17500 экз.
Змяшчаў афіцыйныя матэрыялы датычныя продажу зброі і пораху, загатоўкі пушніны, пачатку паляўнічага сезону на розную дзічыну. Таксама вёў рубрыкі «Сабакагадоўля», «Рыбніцтва і рыбалоўства», «Трусагадоўля», «Аружэйная тэхніка», «Жыццё на мясцох» і інш. Праз часопіс Беларускі саюз паляўнічых сабраў грошы на пабудову самалёта «Паляўнічы Беларусі», які пабудавалі і перадалі ў Чырвоную армію ў 1932 годзе. Друкаваў мастацкія творы на паляўнічую тэматыку: вершы і апавяданні Валерыя Маракова, Макара Паслядовіча, Міхася Чарота, Міколы Цэлеша, Яўгена Замерфельда. Мастацкае афармленне ствараў выдатны беларускі анімаліст Генадзь Змудзінскі.
Часопісам кіравала рэдкалегія з прадстаўнікоў саюза паляўнічых, адказныя рэдактары: Янка Крывец (1927 г.), Міхаіл Шміт (1928—1931 гг.), К. Дамарацкі (1931 г.), П. Тамашэўскі (1931 г.), А. Вільдфлуш (1932—1933 гг.), К. Волдынь (1933 г.).
Літаратура Периодическая печать СССР 1917—1949. Библиографический указатель. Журналы, труды и бюллетени: сводные указатели. — М., 1963. — С. 359.
Катэгорыя:Часопісы Беларусі Катэгорыя:Часопісы Беларусі на беларускай мове