Гісторыя Чылі пачалася з часоў засялення рэгіёну каля 13,000 гадоў таму. У XVI стагоддзі пачалося заваяванне і падпарадкаванне тэрыторый сучаснага Чылі іспанскімі канкістадорамі, у XIX стагоддзі чылійскі народ атрымаў незалежнасць ад каланіяльнай улады. Вельмі значны ўплыў на далейшае развіццё Чылі да пачатку Другой сусветнай вайны аказала здабыча салетры, а некалькі пазней — медзі. Багацце прыроднымі рэсурсамі ў значнай ступені паспрыяла эканамічнаму пад’ёму ў Чылі, але выклікала таксама і залежнасць ад суседніх краін і прывяло нават да войнаў з імі. Пасля амаль што дзесяцігадовага кіраўніцтва на змену хрысціянска-дэмакратычнаму ўраду ў 1970 годзе да ўлады прыйшоў сацыялістычны прэзідэнт Сальвадор Альендэ. Путч Аўгуста Піначэта 11 верасня 1973 года ўсталяваў 17-гадовую дыктатуру ў краіне і выклікаў шэраг радыкальных эканамічных рэформ. З 1988 года ў Чылі вызначылася перакананая тэндэнцыя да дэмакратычнага развіцця краіны.
Гісторыя Чылі да 1520 года
Найстаражытнейшым сведчаннем прысутнасці людзей на тэрыторыі Чылі з’яўляецца археалагічны помнік Монтэ-Вердэ на месцы познепалеалітычнага паселішча, якое існавала ўжо прыблізна 14,8 тысячагоддзяў таму і з’яўляецца старэйшым за культуру Льяна. Яго вывучэнне дазволіла пацвердзіць мадэль ранняй міграцыі продкаў індзейцаў з Берынгіі ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Не пазней за 7 тысячагоддзе да н. э. старажытныя перасяленцы дасягнулі Вогненнай Зямлі.
Заканчэнне ледавіковай эпохі прывяло да падвышэння ўзроўню акіяна, скарачэння берагавой лініі, узнікнення пустыні Атакама і вымірання многіх відаў жывёл. Аднак людзі здолелі прыстасавацца да змен. Так, прадстаўнікі ціхаакіянскай культуры чынчора былі паспяховымі марскімі паляўнічымі і рыбаловамі, раней за старажытных егіпцян навучыліся муміфікаваць нябожчыкаў. Іншыя адступілі ва ўнутраныя раёны, дзе займаліся вандроўным паляваннем і збіральніцтвам. У 2 тысячагоддзі да н. э. дзякуючы ўплыву жыхароў Альтыплана народы поўначы асвоілі ручное земляробства. Такім чынам склаліся 3 асноўныя экалагічна-гаспадарчыя комплексы дакалумбавых культур:
Марскія паляўнічыя і рыбаловы: кавескар, яганы, чона, чанга
Вандроўныя паляўнічыя і збіральнікі: мапучэ, тэўэльчэ, пуэльчэ
Аселыя земляробы: аймара, дыягіта, аканкагуа, атакаменьё
З прыходам да ўлады 10-га інкі Тупака Юпанкі ў 1471 годзе пачынаецца пранікненне інкаў у глыбіню Чылі. Падчас яго кіравання да 1493 года інкі захапілі тэрыторыі да ракі Мауле (Río Maule) паўднёвей Курыко (Curicó). Там яны сутыкнуліся з масіўным супрацьстаяннем мапучэ, таму далейшае іх пранікненне на поўдзень стала немагчымым. Амаль што ўсё карэннае насельніцтва паўночнага Чылі знаходзілася пад уладай інкаў. Інкі пабудавалі крэпасць Пукара-дэ-Кітор (Pukará de Quitor) непадалёку ад Сан-Педра-дэ-Атакама (San Pedro de Atacama), якая ўзнікла на аснове ранейшага ўзмацнення атакаменьё. Менавіта тут пазней адбыліся баі з іспанскімі канкістадорамі.
Народ рапануі, што насяляе аднайменны ціхаакіянскі востраў, развіваўся да канца XIX ст. асобна ад астатніх карэнных народаў Чылі. Ён мае не індзейскае, а палінезійскае паходжанне. Рапануі насялілі востраў паміж VII ст. і XIII ст. У 1250—1500 гг. яны стварылі развітую культуру, знакамітую статуямі мааі. Заняпад культуры адбыўся ў выніку вынішчэння лесу і наступнай экалагічнай катастрофы.
Іспанскае засяленне
Канкістадоры
Першым еўрапейцам, ступіўшым на чылійскую зямлю, быў Фердынанд Магелан, караблі якога дасягнулі ў 1520 годзе паласы сушы непадалёку ад сённяшняга Пунта Арэнас (Punta Arenas). Імем мараплаўца назвалі Магеланаў праліў. Месца, дзе высадзіўся Магелан, мела назву «Tchili» на мове індзейцаў і значыла снег. Адсюль і ўзнікла сённяшняя назва краіны. Некаторыя даследчыкі лічаць таксама, што назва краіны ўзнікла ад слова «chili» (там, дзе канчаецца свет), якое было распаўсюджана ў плямён кечуа.
У 1533 годзе ўзначальваемыя Францыскам Пісара іспанскія канкістадоры без асаблівых цяжкасцей захапілі царства інкаў, але войска Пісара не змагло пераадолець пустыню Атакама і Анды і парабаваць тэрыторыі ізаляванага Чылі. Першымі еўрапейцамі, якія змаглі дасягнуць Чылі па сушы, былі Дыега дэ Альмагра і яго каманда, якія пачалі сваё падарожжа з Куска (Cuzco) ў Перу ў 1535 годзе. Дыега дэ Альмагра рушыў у паход у пошуках золата, але так і не змог яго знайсці. Свайго спадарожніка Гомеса дэ Альварада ён адправіў у паўднёвым напрамку. Да ракі Мауле (Río Maule) яны змаглі дабрацца, не сутыкнуўшыся з супраціўленнем карэннага насельніцтва. Але каля ракі Ітата (Río Itata) іх чакалі цяжкія баі з індзейцамі мапучэ, і атраду Гомеса дэ Альварада не засталося нічога іншага, як адступіць.
У 1540 годзе Педра дэ Вальдывія (Pedro de Valdivia), афіцэр з падчынення Пісара, вырушае з невялікім атрадам салдат і шукальнікамі прыгод колькасцю каля сотні чалавек з Перу ў Чылі. Нягледзячы на тое, што яму прыйшлося сутыкнуцца з жорсткім супраціўленнем карэннага насельніцтва мапучэ, ён усё ж такі змог заснаваць там першыя еўрапейскія паселішчы. Як вынік захопу зямель, узніклі гарады Сант’яга, Ля Сэрэна і Вальпараіса, якія спачатку служылі іспанцам у якасці невялікіх умацаваных паселішч. Індзейцы мапучэ хутка пачалі абараняцца і ўжо ў верасні 1541 года напалі на Сант’яга. Войску іспанцаў супрацьстаяла ажно 20.000 воінаў мапучэ. Іспанскіх канкістадораў выратаваў толькі цуд — нечаканае вынаходніцтва каханай Педра дэ Вальдывіі, Інес дэ Суарэс: да смерці перапалоханыя мапучэ панічна кінуліся разбягацца па лясам.
Вайна мапучэ Іспанцы працягвалі пашыраць свае ўладанні на поўдні краіны: у 1550 годзе быў заснаваны горад Кансепсьён (Concepción), а ў 1552 — Вальдывія (Valdivia). Індзейцы мапучэ на чале з Лаўтарам (Lautaro) аказвалі вельмі жорсткае супраціўленне іспанцам. Восенню 1553 года індзейцы напалі на іспанскія гарнізоны непадалёку ад форта Тукапель і забілі Педра дэ Вальдывія. Лічыцца, што ён быў захоплены ў палон індзейцамі, якія прымусілі яго піць вадкае золата. Мапучэ знішчылі большую частку заснаваных і пабудаваных іспанцамі гарадоў.
Новы губернатар Чылі Гарсія Гуртада дэ Мендоса (García Hurtado de Mendoza) з яшчэ большай жорсткасцю прыціскаў мапучэ. Па яго загаду Франсіска дэ Вільягра (Francisco de Villagra) вырушыў у ваенны паход супраць туземцаў. 26 лютага 1554 года яго войска было нагалаву разбіта індзейцамі мапучэ ў бітве пры Марыгуэнью (Marigueñu). Пасля сваёй перамогі мапучэ зноў пачалі знішчаць іспанскія паселішчы. Пасля таго як паў Кансепсьён у 1555 годзе, мапучэ рушылі на Санцьяга дэ Чылі. Але, знішчыўшы крэпасць Петэроа (Peteroa), мапучэ нечакана спынілі наступальныя дзеянні, разлічваючы на тое, што іспанцы рыхтуюць моцную атаку. Педра дэ Вільягран, які ўзначальваў форт Імперыял (Imperial), здолеў 1 красавіка 1557 года забіць стаяўшага на чале індзейцаў мапучэ Лаўтару (Lautaro) пры нечаканым для туземцаў начным наступленні.
Іспанскаму пісьменніку Алонса дэ Эрсілья-і-Суньіга (Alonso de Ercilla y Zúñiga) быў дадзен загад стварыць апісанне чылійскіх ваенных паходаў губернатара Гарсіі Гуртада дэ Мендоса (García Hurtado de Mendoza) 1557—1559 гадоў. Але тое, што было зроблена пісьменнікам, значна адрознівалася ад таго, што чакаў ад яго губернатар. Раман Альфонса дэ Эрсілья-і-Суньіга «Ля Араўкана» паведамляў пра зверствы і жорсткасць падкіх на золата і ўладу канкістадораў і падкрэсліваў у першую чаргу мужнасць і гераізм араўканцаў, якія абаранялі сябе ад захопнікаў. Асноўным персанажам рамана быў індзейскі главар мапучэ Каўпалікан (Caupolicán), зверскі забіты іспанцамі пад час паходу 1558 года.
16 снежня 1575 года горад Вальдывія быў знішчаны землетрасеннем, моц якога набліжалася да мацнейшага з дагэтуль вядомых чалавецтву землетрасенняў 22 мая 1960 года. У выніку землетрасення з гор зышлі шматлікія земляныя селі і перакрылі вытоку возера Рыньіўэ (Riñihue). Праз некалькі месяцаў створаныя селямі дамбы прарваліся пад напружаннем вады, і возера затапіла горад. Адміністратар горада і храніст Чылі Педра Марынья дэ Лабера (Pedro Mariño de Lobera) аказаў вялікую дапамогу і падтрымку ахвярам, а таксама зрабіў значны ўнёсак у адраджэнне і адбудову знішчанай Вальдывіі.
У 1597 годзе Пелантара (Pelantaro) быў абраны новым военачальнікам (Toqui) мапучэ. Пелантара развязаў масіўныя наступленні на гарады Вальдывія і Асорна, а таксама і на шматлікія іншыя гарады ў асяроддзі Араўканіі і ў самім рэгіёне. У 1599 пала захопленая мапучэ Вальдывія, пасля чаго іспанцы страцілі кантроль над горадам на некалькі дзесяцігоддзяў. Губернатар Альфонса дэ Рыбера (Alfonso de Ribera) быў вымушаны адступіць з падначаленай яму арміяй іспанцаў за раку Бія Бія (Río Bío Bío). У 1641 годзе іспанцы падпісалі ў Куілліне мірнае пагадненне з мапучэ, згодна з якім мяжа пралягла па рацэ Бія Бія. Але мірнае пагадненне пры Куілліне пратрымалася ўсяго некалькі год. Іспанцы час ад часу спрабавалі адваяваць згубленыя некалі тэрыторыі, але беспаспяхова. У 1770 годзе пеуэнчэ і мапучэ нагалаву разбілі армію іспанцаў. Толькі праз некалькі стагоддзяў у 1881 годзе чылійскія і аргенцінскія войскі змаглі зноў адваяваць захопленыя пеуэнчэ і мапучэ тэрыторыі. Гэты канфлікт, які працягваўся 300 год, атрымаў назву вайны Араўка. Канфлікт існуе і па сённяшні дзень: у 2000 годзе ў пратэст супраць перадзелу чылійскіх зямель група мапучэ захапіла бюро Еўрапейскага Саюза ў Санцьяга дэ Чылі.
Эканамічнае і грамадскае развіццё Паколькі залежы такіх каштоўных металаў, як золата і серабро, у Чылі былі невялікія і амаль што цалкам выкарыстаны, тэмпы развіцця краіны былі адносна невысокія. Сельская гаспадарка была асноўнай галіной эканомікі. Пладародныя даліны цэнтральнага Чылі забяспечвалі жыхароў паўночнай часткі неабходнымі прадуктамі харчавання. У Чылі прыжылася сістэма гасьенд ці, як яна называлася пазней, эканам'енда, пры якой аўтахтоннае насельніцтва пад сістэмай патранажу і рэпрэсій фактычна ператваралася ў рабоў. Час ад часу гандаль рабамі афіцыйна забараняўся еўрапейскімі кіраўнікамі, але потым уводзіўся зноў, што на самой справе ніяк не ўплывала на прыгнёт. Па аднаму з загадаў, іспанцам забаранялася жыць сумесна з індзейцамі. Вынікам такой сегрэгацыі стала паасобнае існаванне іспанскіх і індзейскіх пасяленняў. Тых, хто не падпарадкоўваўся, чакала выдварэнне з краіны і канфіскацыя ўласнай маёмасці. Расавае абасабленне распаўсюджвалася на метысаў і афрыканскіх рабоў, ім таксама забаранялася жыць сумесна з туземцамі.
У 1578 годзе Фрэнсіс Дрэйк па загаду англійскай кароны разрабаваў порт Вальпараіса і беспаспяхова спрабаваў захапіць горад Ля Серэна. У наступныя дзесяцігоддзі на Чылі неаднаразова нападалі англійскія піраты. Акрамя нашэсцяў індзейскіх плямён, на развіццё краіны негатыўна ўплывалі шматлікія землетрасенні, цунамі і вывяржэнні вулканаў. Многія гарады былі цалкам знішчаны, як, напрыклад, Вальдывія ў 1575 годзе і Кансепсьён у 1570 і 1751 годзе. 13 мая 1647 года мацнейшае землетрасенне знішчыла Санц’яга дэ Чылі, пры гэтым загінула 12.000 чалавек, у 1730 і 1783 гадах стыхія зноў знішчала горад. Паміж 1598 і 1783 гадамі каланізаваны іспанцамі Чылі неаднаразова рабавалі англійскія піраты і галандскія гандляры.
Шатландскі мараплаўца Аляксандр Селкірк (Alexander Selkirk) выжыў у 1704 годзе караблекрушэнне і трапіў на адзін з астравоў архіпелага Хуана Фернандэса, дзе ён адзін правёў чатыры гады. Яго гісторыя стала прататыпам рамана «Рабінзон Круза», напісанага Даніэлем Дэфо ў 1719 годзе.
Адміністрацыйнае падпарадкаванне ў перыяд каланізацыі У перыяд іспанскай каланізацыі Чылі ўваходзіла ў склад іспанскага Віцэ-каралеўства Перу, заснаванага ў 1542 годзе. У 1609 годзе была ўведзена чылійская Рэальная Аўдыенцыя (Real Audiencia de Chile), якая надавала Чылі дастаткова шырокія паўнамоцтвы на ўтварэнне аўтаномнага права, напрыклад, у справах, што закраналі права на водныя тэрыторыі. У 1778 іспанцы змянілі статус чылійскіх правінцый: Чылі быў нададзены статус самастойнага генеральнага капітанату ў складзе іспанскага каралеўства. З 1749 года ў Чылі пачалі чаканіць залатыя і срэбныя манеты.
гл. таксама: Спіс губернатараў Чылі
Незалежнасць