Дом Вульфа Мазо  — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 8. Пабудаваны сярэдзіне ў XIX ст. з цэглы.

Гісторыя

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года.

У канцы XIX стагоддзя ўладальнікам гэтага пляца на вуліцы Праабражэнскай стаў купец Вульф Мазо. У 1892 годзе ён накіраваў у Мінскую гарадскую ўправу праект на будаўніцтва новага мураванага двухпавярховага дома. Гэты праект быў зацверджаны і цалкам рэалізаваны. Паводле праекта новы дом Мазо меў складаны план і быў накрыты двухсхільным дахам. На першым і другім паверхах былі жылыя пакоі. У двары размяшчаўся комплекс гаспадарчых пабудоў.

У 1908 годзе гэты дом разам з зямельным пляцам перайшоў да мінскіх мяшчан Гутманаў, якія адразу выканалі капітальны рамонт будынка, што закрануў толькі яго інтэр’еры. Адначасова ў будынку быў зроблены водаправод.

Паводле інвентарызацыі 1910 года ў будынку было толькі дзве жылыя кватэры: у адной пражывалі яго ўладальнікі, а другая кватэра здавалася. Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад камунальныя кватэры.

У гады Другой сусветнай вайны былы дом Мазо не пацярпеў.

Архітэктура

Двухпавярховы прамавугольны ў плане, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад расчлянёны па гарызанталі карнізным поясам і фланкіраваны лапаткамі з фігурнымі філёнкамі. 1-ы паверх вырашаны строга. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вокны 2-га паверха дэкарыраваны ліштвамі, сандрыкамі, руставанымі падаконнымі плітамі. У цэнтры 2-га паверха невялікі балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Праём балконных дзвярэй аздоблены зверху ляпной вазай з кветкамі, абапал кручаныя калонкамі, фігурным сандрыкам з лепкай. У бакавой частцы будынка — арачны праезд, перакрыты скляпеннямі. Выкарыстоўваецца як жылы.

Літаратура

Спасылкі

ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ. БУДЫНАК № 8. ДОМ ВУЛЬФА МАЗО

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Інтэрнацыянальная вуліца (Мінск) Катэгорыя:З’явіліся ў XIX стагоддзі Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Мінску