Покер () — картачная гульня, мэта якой — выйграць стаўкі, сабраўшы найлепшую покерную камбінацыю або вымусіўшы ўсіх супернікаў спыніць удзельнічаць у гульні. Гульня ідзе з цалкам або часткова закрытымі картамі. Канкрэтныя правілы могуць вар’іравацца ў залежнасці ад разнавіднасці покера. Агульнымі элементамі ўсіх разнавіднасцей покера з’яўляюцца камбінацыі і наяўнасць торгу ў працэсе гульні.
З прычыны таго, што гулец не ведае карт сваіх праціўнікаў, покер з’яўляецца гульнёй з няпоўнай інфармацыяй, як і многія іншыя картачныя гульні, у адрозненне ад, напрыклад, шахмат, у якіх абодва гульцы бачаць становішча ўсіх фігур на дошцы.
Правілы гульні У покер гуляюць рознымі калодамі — па 32, 36 або 54 карты, але часцей за ўсё выкарыстоўваецца стандартная калода з 52 карт з раўназначнымі масцямі. Гуляе некалькі удзельнікаў (два і больш, звычайна да дзесяці за адным сталом). Значэнні карт ляжаць у сыходным парадку ад туза і далей (кароль, дама, валет, 10) да двойкі. Туз можа разглядацца і як малодшая карта для утварэння паслядоўнасці (стрэйт) да 5 уключна, і як старэйшая (у камбінацыі туз — кароль — дама — валет — 10). Гульня складаецца з некалькіх фаз (у залежнасці ад разнавіднасці покера), а іменна раўндаў торгу (вуліц). Кожная з іх пачынаецца з абавязковых ставак (блайнды, антэ) і раздачы новых карт. Пасля раздачы кожны гулец мае магчымасць зрабіць стаўку або выйсці з гульні. Пераможцам лічыцца той, чыя камбінацыя з пяці карт апынецца найлепшай, або той, хто зможа выцесніць з гульні іншых гульцоў з дапамогай ставак або блеф-ставак і застанецца адзін да адкрыцця карт.
Таксама існуе версія гэтай гульні для гульнявых аўтаматаў — відэапокер, хоць праз адсутнасць торгу эксперты звычайна не лічаць відэапокер разнавіднасцю покера.
Камбінацыі ў покеры
Варта адзначыць, што часам некаторыя тэрміны ўжываюць у традыцыйных недакладных транскрыпцыях: замест стрэйта — стрыт, замест флаша — флэш.
Магчымыя камбінацыі карт у парадку змяншэння вартасці: Роял-флаш або флэш-раяль ( — «каралеўская масць»): не з’яўляецца асобнай камбінацыяй, а з’яўляецца прыватным выпадкам стрэйт-флаша, старэйшым з усіх магчымых, і складаецца з пяці старэйшых (туз, кароль, дама, валет, дзесяць — г. зв. «брадвей») карт адной масці, напрыклад: Т♥ К♥ Д♥ В♥ 10♥.
Стрэйт-флаш ( — «масць па парадку»): любыя пяць карт адной масці па парадку, напрыклад: 9♠ 8♠ 7♠ 6♠ 5♠. Туз можа як пачынаць парадак, так і заканчваць яго. Самы малодшы стрэйт-флаш (ад пяцёркі да туза) часам называюць «сталёвае кола» (англ. steel wheel).
Карэ/Чацвёрка/Покер ( — «чатыры аднолькавыя»): чатыры карты аднаго годнасці, напрыклад: 3♥ 3♦ 3♣ 3♠.
Фул-хаўс/Поўны дом/Тры плюс два ( — «поўны дом», «поўная лодка»): адна тройка і адна пара, напрыклад: 10♥ 10♦ 10♠ 8♣ 8♥.
Флаш ( — «масць»): пяць карт адной масці, напрыклад: К♠ В♠ 8♠ 4♠ 3♠.
Стрэйт ( — «парадак»): пяць карт па парадку любых масцей, напрыклад: 5♦ 4♥ 3♠ 2♦ Т♦. Туз можа як пачынаць парадак, так і заканчваць яго. У даным прыкладзе Т♦ пачынае камбінацыю і яго вартасць ацэньваецца ў адзінку, а 5♦ лічыцца старэйшай картай. Самы малодшы стрэйт (ад пяцёркі да туза) часам называюць «кола» ().
Сэт/Трыплет/Трыпс/Тройка ( — «тры аднолькавых», «набор»): тры карты адной годнасці, напрыклад: 7♣ 7♥ 7♠ . Сэтам называюць такую тройку, калі на руках у гульца пара, а трэцяя карта на стале, а трыпсам — усе другія варыянты.
Дзве пары (): дзве пары карт, напрыклад: 8♣ 8♠ 4♥ 4♣.
Адна пара (): дзве карты адной вартасці, напрыклад: 9♥ 9♠.
Старэйшая карта (): ні адна з вышэйпералічаных камбінацый, напрыклад (камбінацыя называецца «старэйшы туз»): Т♦ 10♦ 9♠ 5♣ 4♣. У некаторых варыянтах гульні таксама выкарыстоўваецца камбінацыя фор флаш — чатыры карты адной масці і адна карта іншай (пры ўмове, што не створана ніякая іншая камбінацыя), якая па свайму становішчу знаходзіцца паміж адной парай і дзвюма парамі.
Пры супадзенні мацнейшай з’яўляецца камбінацыя са старэйшымі картамі, напрыклад 8♣ 8♠ 4♥ 4♣ 2♠ мацнейшая за 7♣ 7♠ 5♥ 5♣ K♠, а камбінацыя 6♠ 5♦ 4♥ 3♠ 2♦ мацнейшая за 5♦ 4♥ 3♠ 2♦ Т♦.
Пры супадзенні камбінацый і старэйшай карты — кікера — (калі ён знаходзіцца сярод пяці адкрытых карт) выйгрыш дзеліцца пароўну паміж гульцамі з аднолькавай камбінацыяй. У выпадку супадзення першай старэйшай карты параўноўваюцца другія, а ў выпадку пары і трэція старэйшыя карты.
У некаторых разнавіднасцях покера, якія называюцца Хай-Лоў ( ад High-Low) выйгрыш можа дзяліцца пароўну паміж гульцамі, якія маюць на руках самую моцную камбінацыю з карт любога вартасці (разгледжаны вышэй) і самую слабую камбінацыю з няпарных карт вартасцю не больш за 8, напрыклад: Т♣ 7♥ 2♠ 4♦ 8♠ (у слабых камбінацыях туз лічыцца картай ніжэйшай вартасці). Пры гэтым адзін і той жа гулец можа адначасова мець на руках самую моцную і самую слабую камбінацыю карт.
У гульнях з джокерам камбінацыя покер/пяцёрка ( — «пяць аднолькавых») — карэ і джокер, напрыклад: T♥ Т♦ T♣ T♠ Дж, лічыцца найвышэйшай камбінацыяй і цэніцца нават вышэй, чым «Royal Flush».
Торг У большасці варыянтаў покера кожная раздача мае некалькі колаў торгу. У некаторых варыянтах покера перад здачай усе гульцы ўносяць аднолькавую пачатковую стаўку — антэ () У некаторых варыянтах покера некаторыя гульцы ўносяць першую стаўку ўсляпую — блайнды (). У працэсе торгу гулец можа рабіць наступныя дзеянні: Паставіць, «бэт» () — зрабіць стаўку; Паставіць усе грошы, «ва-банк», «ол-ін» (англ. all-in) — зрабіць стаўку на ўсе грошы; Адказаць, «кол» () — паставіць столькі ж, колькі паставіў супернік — зраўнаць; Падняць, атакаваць, задушыць, «рэйз» () — павялічыць стаўку — паставіць больш, чым супернікі; Спасаваць, скінуць карты, «фолд» () — адмовіцца ад далейшага ўдзелу і скінуць карты; Адзначыцца, «чэк» () — у сітуацыях, калі стаўкі не былі зробленыя супернікамі або стаўка ўжо была зробленая ўсляпую — не падымаць стаўкі, пакінуць «як ёсць». Кола торгу сканчаецца, калі ўсе сапернікі зрабілі роўныя стаўкі або скінулі карты. Зробленыя стаўкі складаюцца ў банк (). Калі ў працэсе апошняга кола торгу засталося больш за аднаго гульца, то карты адкрываюцца і камбінацыі параўноўваюцца паміж сабой. Калі ў гульні застаецца толькі адзін гулец, то ён забірае банк. Пры гульні ў казіно частку банка казіно забірае сабе ў якасці платы за гульню (). Калі больш за аднаго гульца перамаглі ў гульні, банк дзеліцца пароўну паміж усімі, хто выйграў (). Пры гэтым трэба сказаць, што не заўсёды пры гульні ў покер выйграе найлепшая рука, бо з добра прадуманай стратэгіяй гульні і з блефам можна выйграваць і з горшымі за саперніка картамі.
У покеры існуе правіла, па якім гулец удзельнічае ў гульні толькі тымі грашыма, якія ён паклаў на стол — стэк (). Папаўняць стэк можна толькі паміж гульнямі. Забіраць са стэка нельга без сыходу з-за стала. У выпадку, калі ў гульца скончыліся грошы ў працэсе торгу, ён працягвае ўдзельнічаць у гульні, але не ўдзельнічае ў далейшым торгу і на стале ўтворыцца дадатковы або пабочны банк (ці банкі) (), якія могуць выйграць толькі тыя сапернікі, што засталіся.
Часта існуе некалькі разнавіднасцей адной і той жа гульні, адрозненне паміж якімі заключаецца ў памерах стаўкі, якія могуць рабіць гульцы: Ліміт () — гульцы могуць рабіць толькі фіксаваныя стаўкі або падымаць толькі на суму фіксаванай стаўкі. Пот-ліміт () — гульцы могуць рабіць стаўкі ад мінімальнай да бягучага памеру банка. Без ліміту, ноў-ліміт () — гульцы могуць рабіць стаўкі ад мінімальнай да памераў свайго стэка.
Стратэгія гульні У клубным покеры, як і ў любой іншай гульні, якая не мае канчатковай колькасці станаў, не існуе чыстай аптымальнай стратэгіі гульні. Гэта тлумачыцца вялікай ступенню нявызначанасці — гульцы не ведаюць карт адзін аднаго. Ім даступная толькі абмежаваная інфармацыя — уласныя карты, агульныя карты, а таксама ход торгу. Каб заблытаць апанентаў і атрымаць перавагу, гульцы выкарыстоўваюць цэлы шэраг стратэгічных прыёмаў, такіх як блеф (або паўблеф, сутнасць якіх заключаецца ў тым, каб адвесці ўвагу гульца ад рэальнага становішча спраў у раскладзе гульні), атрыманьне бясплатнай карты, чэк-рэйз, стыл (крадзеж блайндаў). Ва ўмовах нявызначанасці для прыняцця аптымальнага рашэння ў покеры шырока выкарыстоўваецца імавернасны падыход з вызначэннем матэматычнага чакання магчымых дзеянняў. Падчас гульні звычайна выкарыстоўваецца падлік шанцаў банка і параўнанне іх з шанцамі на паляпшэнне для прыняцця рашэння аб працягу гульні.
Існуе так званая «фундаментальная тэарэма покера», аўтарамі якой з’яўляюцца Дэвід Скланскі (David Sklansky) і Мэйсан Малмут (Mason Malmuth): «Кожны раз, калі вы разыгрывае камбінацыю не так, як бы вы гулялі, калі б бачылі карты ўсіх вашых праціўнікаў, яны выйграюць; і кожны раз, калі вы разыгрываеце камбінацыю так, як паступілі б, бачачы ўсе іх карты, яны прайграюць. І наадварот: кожны раз, калі апаненты разыгрываюць свае камбінацыі не так, як яны б гэта зрабілі, бачачы ўсе вашы карты, вы выйграеце; і кожны раз, калі яны разыгрываюць рукі такім жа чынам, як калі б бачылі ўсе вашы карты, вы прайграваеце». Гэтая тэарэма наўрад ці ўжываецца падчас гульні наўпрост, аднак яна падкрэслівае важнасць дзвюх рэчаў: якаснай ацэнкі карт суперніка і аптымальнага прыняцця рашэнняў з улікам гэтай ацэнкі. Але самы вялікі ўклад у навучанне покерным стратэгіям унеслі Дэн Харынгтан, які таксама вядомы ў прафесійных покерных колах як «Завадны Дэн», і Дойл Брансан. Дэн Харынгтан у адрозненне ад іншых настаўнікаў покера разглядаў не толькі тэорыю, а і мноства жывых прыкладаў, узятых з асабістага вопыту, а знакамітай працай Дойла Брансона з’яўляецца кніга «Суперсістэма: курс па моцнай гульні ў покер».
Банкрол Банкрол () — гэта сума грошай на рахунку гульца, якую ён выкарыстоўвае для гульні ў покер на грошы. Банкрол прынята вымяраць ў бай-інах — узносах за ўдзел у гульні, турніры. Кіраванне банкролам — важная частка гульні ў покер на грошы.
Асноўнае правіла кіравання банкролам — наяўнасць на рахунку гульца сумы, якая дазваляе бяспечна гуляць на выбраных лімітах. Вылучаюць кансерватыўны метад кіравання банкролам — яго велічыня складае 5000 — 6000 вялікіх блайндаў ці 50 — 60 бай-інаў для рынгавых гульняў па стратэгіі вялікіх стэкаў і 200 бай-інаў для турніраў, класічны — 3000 — 4000 вялікіх блайндов для рынгавых гульняў і 100 —150 бай-інаў для турніраў, агрэсіўны — 2000 вялікіх блайндаў ці 20 бай-інаў для рынгавых гульняў і 50 бай-інаў для турніраў. Спосаб кіравання банкролам падбіраецца ў залежнасці ад стылю гульні і псіхалагічных асаблівасцей гульца, а таксама мэты гульні (для гульні на пастаяннай аснове прафесіяналу патрабуецца больш кансерватыўны метад банкрол-менеджменту). Пры зніжэнні сумы грошай на рахунку гульца трэба знізіць ліміты, на якіх вядзецца гульня ў покер.
Гісторыя Аб паходжанні самой гульні і нават яе назвы да гэтага часу ідуць спрэчкі. Па адной з версій, назва паходзіць ад нямецкага слова pochen (стукаць). Покер як картачная гульня існуе больш за 450 гадоў. Зарадзіўся ён у Еўропе, правілы былі тадыі іншымі і з цягам часу мяняліся. Першыя ўспаміны аб гульні, падобнай на покер, адносяцца да 1526 года: у Італіі і Іспаніі любілі гуляць у «primero», у Францыі гэтую ж гульню называлі «la prime».
У ХІХ ст. французскія каланісты з Луізіяны распаўсюдзілі покер у Амерыцы, дзе гульня стала надзычай папулярна і набыла сучасныя рысы. Першыя пісьмовыя згадкі аб сучасным варыянце покера з’яўляюцца ў 1829 годзе ў мемуарах артыста Джо Каўэла. У 1834 годзе ў покер сталі гуляць калодай з 52 карт. Аднак, як бы ні мяняліся правілы, пераможца вызначаўся па наяўнасці ў яго покерных камбінацый. Вяртанне покера ў Еўропу адбылося ў 1870 годзе, калі пасол ЗША ў Вялікабрытаніі палкоўнік Джэйкаб Шэнк рэпрэзентаваў гульню пры двары каралевы Вікторыі.
Покер з’яўляецца самай распаўсюджанай картачнай гульнёй у ЗША.
Штогод праводзіцца мноства міжнародных турніраў, самым знакамітым з якіх лічыцца Сусветная серыя покера (World Series of Poker або скарочана WSOP). Таксама значнай лічыцца Еўрапейская серыя (ECP — European Poker Tour).
Разнавіднасці