Дом Левінсона — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва. Размешчаны па Ленінскай вуліцы, 5/2.

Гісторыя Пабудаваны ў другой палове XIX ст. на вул. Вялікай Садовай пабудаваны як жылы будынак. Належаў Э. З. Левінсону. На першым паверсе размяшчалася аптэка Э. З. Левінсона, на другім — жылыя пакоі.

У 1922 г. дом прызнаны безгаспадарным, нацыяналізаваны і ўзяты на ўлік Гарадскім жыллёвым камітэтам. У 1923 г. перададзены пад жыллё. На першым паверсе тут размяшчалася 1-я Саваптэка, на другім — жылыя памяшканні (2 кватэры на 7 пакояў). У 1927 г. у доме абвалілася столь і з’явіліся расколіны ў тыльнай сцяне. У 1928—1929 гг. праведзены капітальны рамонт.

У час Вялікай Айчыннай вайны 1941—1944 гг. будынак быў пашкоджаны. Адноўлены ў канцы 1940-х гг. і выкарыстоўваўся ў ведамстве Гаржылкамунгаса як камунальнае жытло.

Пасля адсялення жыльцоў у сярэдзіне 1980-х гг. будынак быў занядбаны і знаходзіўся ў аварыйным стане. Прыватызаваны ў 1998 г. Згодна з дазволам Міністэрства культуры ад 9 ліпеня 2003 г. № 01-07/2003 у ходзе рэканструкцыі надбудавана мансарда з трохвугольным франтонам.

У 2009—2012 гг. пасля рэстаўрацыі і капітальнага рамонту тут размясціліся адміністрацыйна-гаспадарчыя аб’екты ТАА «Велес-К»

Архітэктура Помнік архітэктуры эклектыкі.

Дамы № 3, 5/1 і 5/2 ствараюць адзіны комплекс забудовы з будынкам былой гарадской управы (№ 1). Дом № 5/2 уяўляе сабой двухпавярховы, прамавугольны ў плане цагляны будынак. Накрыты двухсхільным дахам, крытым бляхай. Гладкая сцяна фасада члянёна прамавугольнымі аконнымі праёмамі, на другім паверсе дэкарыравана прамавугольнымі нішамі і падаконнымі плітамі. Паверхі падзелены міжпавярховым прафіляваным гзымсавым паяском. Унутранная планіроўка анфіладная.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Магілёва Катэгорыя:Ленінская вуліца (Магілёў) Катэгорыя:Стары горад (Магілёў) Катэгорыя:З’явіліся ў XIX стагоддзі Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Магілёве Катэгорыя:Збудаванні Магілёва ў стылі эклектыкі