Іаан V Палеалог (; , Дыдымотыка — , Канстанцінопаль) — візантыйскі імператар з 1341 па 1376 і з 1379 па 1391 годы.

Біяграфія Сын імператара Андроніка III Палеалога і Ганны Савойскай. У юнацтве кіраваў пад апекай імператрыцы-ўдавы Ганны, патрыярха Іаана XIV Калекі і мегадукі Аляксея Апакаўка. У выніку перамогі ў грамадзянскай вайне (1341—1347) імператарам-суправіцелем быў прызнаны Іаан VI Кантакузін, які стаў сваяком Іаана V, выдаўшы за яго сваю дачку Алену. C 1347 па 1354 год кіраваў разам з Іаанам VI.

Адзінаўладным кіраўніком Іаан Палеалог стаў у 1355 годзе, хоць і вымушаны быў змагацца каля трох гадоў з сынам Іаана VI Матфеем, які быў абвешчаны суправіцелем бацькі і каранаваны яшчэ ў 1354 годзе. Туркі тым часам накіравалі ўсе свае высілкі на заваяванне Балканскага паўвострава. У 1357 годзе яны авалодалі Галіпалі, у 1361 годзе — Адрыянопалем, які стаў цэнтрам турэцкіх уладанняў на паўвостраве; у 1368 годзе султану Мураду I падпарадкавалася Ніса (загараднае рэзідэнцыя імператараў), і туркі апынуліся ўжо пад сценамі Канстанцінопаля. Пад ціскам акалічнасцей Іаан Палеалог паехаў у Рым, дзе ўрачыста вызнаваў веру па лацінскім абрадзе; тым не менш дапамогі з Захаду не прыйшло. На шляху назад Іаан быў затрыманы ў Венецыі за даўгі да таго часу, пакуль не былі высланы грошы з Канстанцінопаля. З прычыны няўдач на Захадзе Іаан Палеалог пагадзіўся ў 1373 годзе стаць даннікам і васалам султана. Гэта не перашкодзіла, аднак, туркам авалодаць Фесалонікамі (Салунню) і дапамагчы ў 1376 годзе Андроніку IV адняць у бацькі прастол: Іаан Палеалог разам з астатнімі яго сынамі быў кінуты ў турму.

Праз тры гады Іаан Палеалог вызваліўся з няволі, абавязаўшыся павялічыць штогадовую даніну туркам і ўтрымліваць іх дапаможны атрад у 12 тысяч чалавек. Новы асманскі султан Баязет I запатрабаваў ад Іаана знішчэння зноў адбудаваных умацаванняў Канстанцінопаля. Праз некалькі дзён пасля выканання гэтага патрабавання Іаан Палеалог памёр.

Шлюб і дзеці Іаан V ажаніўся з Аленай Кантакузін, дачкой свайго суправіцеля Іаана VI. У шлюбе нарадзіліся: Андронік IV — візантыйскі імператар 1376—1379 Мануіл II Палеалог — візантыйскі імператар 1391—1425 Міхаіл Феадор I Палеалог — дэспат Марэі Ірына — жонка свайго кузена Халіля, сына султана Архана і Феадоры Кантакузін.

Літаратура

Большая Российская энциклопедия: В 30 т. / Председатель Науч.-ред. совета Ю. С. Осипов. Отв. ред. С. Л. Кравец. — Т. 11 (Излучение плазмы — Исламский фронт спасения). — : Большая Российская энциклопедия, 2008. — С. 509. — ISBN 978-5-85270-342-2 (Т. 11).

Катэгорыя:Візантыйскія імператары XIV стагоддзя Катэгорыя:Палеалогі