Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова Беларусі, заснаваная ў Мінску ў 1954 годзе ў якасці тэхнічнага вучылішча № 2.
Месціцца ў Партызанскім раёне Мінска па вуліцы Будзённага, д. 8. Навучанне за бюджэтны кошт прадугледжвае год адпрацоўкі на прадпрыемстве ў Мінску: ААТ «Белэлектрамантаж», «Прамтэхмантаж», «Упраўленне механізацыі № 79», Трэст № 15 «Спецбуд», ЗАТ «Электрасервісбуд» і Беларуская асацыяцыя міжнародных аўтаперавозчыкаў. На 2013 год каледж быў адзіным у Беларусі, дзе рыхтавалі машыністаў вежавага крана і мантажнікаў вонкавых трубаправодаў. На навучанне прымалі толькі юнакоў. Пры каледжы працавала аўташкола з уласнымі аўтадромам і аўтатранспартам для падрыхтоўкі вадзіцеляў катэгорыі «В» (легкавых аўтамабіляў — вагой да 3,5 тоны). Сярод 70 аўташкол Мінска каледж займаў 4-е месца па здачы вучнямі экзаменаў у Дзяўжаўнай аўтаінспекцыі (ДАІ) з першай спробы. Вучняў забяспечвалі за кошт бюджэту харчаваннем, спецадзеннем і падручнікамі.
Спецыяльнасці Мінскі каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ прапануе навучанне па 8 рабочых спецыяльнасцях. Пасля 9 класаў (атрымання базавай адукацыі) на працягу 3 гадоў вучняў рыхтавалі на: электрагазазваршчыкаў на аўтаматычных машынах; электрамантажнікаў па асвятляльных і сілавых сетках, электраабсталяванні; слесараў па рамонце аўтамабіляў; вадзіцеляў аўтамабіляў катэгорыі С (вагой звыш 3,5 тон). Пасля 11 класаў (атрымання агульнай сярэдняй адукацыі) вучні атрымлівалі спецыяльнасці: на працягу года — машыніста маставога крана, стропальшчыка, электраманцёра электраабсталявання, аўтаслесара і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С для міжнародных перавозак; на працягу года і 6 месяцаў — машыніста аўтамабільнага крана.
Гісторыя У 1954 годзе заснавалі Мінскае тэхнічнае вучылішча № 2. У 1958 годзе побач з вучылішчам адкрылі інтэрнат для вучняў на 288 месцаў. Пазней вучылішча атрымала назву каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ. У 2015 годзе інтэрнат каледжа паўторна адкрылі пасля рамонту з месцамі на 158 вучняў.
Кіраўнікі Вікенцій Мышкоўскі (1954—1962) Эдуард Шаўлюкевіч (1962—1969) Аркадзь Пуцькоў (1969—1979) Георгій Сысоеў (1980—1987) Мікалай Кісялёў (1987—2000) Валянцін Шулякоўскі (2000—2007) Тацяна Ястраб (2007—2013) Андрэй Гота (з 2013)
Выпускнікі Станіслаў Лукашэвіч — старшыня Мінгарвыканкама (1977—1980) Уладзімір Шафарэнка — намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі (2008) Андрэй Заяц і Павел Клышэўскі — салісты гурта «Цягні-Штурхай» Яўген Місюля — бронзавы прызёр ЧС па лёгкай атлетыцы (1991, 1995) Настасся Старавойтава — чэмпіёнка Беларусі ў марафонскім бегу Максім Яловік — прызёр першынства Еўропы па сілавым трохбор’і Сяргей Шпанюк — ігрок зборнай Беларусі Аляксей Шынкароў — чэмпіён Беларусі па лыжных гонках
Катэгорыя:Каледжы Мінска Катэгорыя:Тэхнічныя навучальныя ўстановы Катэгорыя:Партызанскі раён (Мінск) Катэгорыя:З’явіліся ў 1954 годзе