Discord — кросплатформавы прапрыетарны чат-сэрвіс з функцыямі месэнджара, VoIP і відэаканферэнцый, прызначаны для выкарыстання рознымі супольнасцямі па інтарэсах. Першапачаткова праграма была арыентаваная на карыстальнікаў відэагульняў, але зараз выкарыстоўваецца і іншымі супольнасцямі. Найбольшую папулярнасць Discord мае сярод геймераў і вучняў.
Распрацоўшчыкам сэрвіса з’яўляецца кампанія Discord Inc. (раней — Hammer & Chisel) з Сан-Францыска. Існуюць праграмы для Windows, macOS і Linux на базе фрэймворка Electron, мабільныя праграмы для Android і iOS, а таксама вэб-кліент. Серверы Discord размешчаны ў 11 цэнтрах апрацоўкі даных у розных частках свету. Па стане на 13 мая 2019 года ў Discord было зарэгістравана больш за 250 млн удзельнікаў, сярэдняя колькасць карыстальнікаў анлайн складала 56 мільёнаў штомесяц.
Гісторыя Канцэпцыю Discord стварылі амерыканскі прадпрымальнік Джэйсан Сітрон і праграміст Станіслаў Вішнеўскі, абодва зацятыя геймеры. Сітрон у 2008 годзе выпусціў мабільную гульню Aurora Feint і пазней разам з партнёрамі дапрацаваў адну з сеткавых функцый гэтай гульні да самастойнай платформы OpenFeint — сацыяльнага сэрвісу, які апісвалі як Xbox Live для iPhone. У 2011 годзе сэрвіс набыла японская кампанія Gree; Сітрон некаторы час працягваў працаваць генеральным дырэктарам OpenFeint і ў гэты перыяд пазнаёміўся з Вішнеўскім, які тады быў супрацоўнікам Gree. Вішнеўскі таксама меў досвед стварэння праграм і сайтаў для патрэб геймераў — некалі ён лічыўся адным з найлепшых гульцоў у анлайн-гульню Final Fantasy XI ва ўсім свеце і распрацоўваў уласныя інструменты для зносін з іншымі гульцамі. У перыяд працы ў стартапах у Крэмніевай даліне ён стварыў гульнявую платформу Guildwork, якая прадастаўляе хостынг для анлайн-супольнасцей геймераў.
У 2012 годзе Джэйсан Сітрон і Станіслаў Вішнеўскі заснавалі кампанію Hammer & Chisel, якая распрацоўвала MOBA-гульню для планшэтаў Fates Forever. Гульня была выпушчана ў 2014 годзе, аднак ёй не ўдалося дасягнуць камерцыйнага поспеху і ў канцы 2014 года Вішнеўскі прапанаваў партнёру пераарыентаваць кампанію на распрацоўку інструмента для галасавой сувязі геймераў падчас гульняў. Спачатку кампанія атрымала фінансаванне праз праграму падтрымкі стартапаў YouWeb’s 9+ , затым прыцягнула інвестыцыі ад Benchmark і Tencent. Распрацоўшчыкі імкнуліся стварыць праграму сувязі з нізкай затрымкай, якая аб’ядноўвала б найлепшыя магчымасці іншых VoIP-праграм, такіх як Skype і TeamSpeak.
Сэрвіс быў папулярызаваны кіберспартсменамі, уключаючы вядомых карыстальнікаў Twitch, а таксама гульнявымі супольнасцямі, такімі як Star Citizen.
На пачатку 2016 года колькасць зарэгістраваных карыстальнікаў дасягнула 11 мільёнаў чалавек, пры гэтым штомесячны прырост карыстальнікаў складаў каля 2 мільёнаў.
У кастрычніку 2017 года ў Discord быў даданы відэачат , а таксама функцыя дэманстрацыі экрана. Па стане на 2018 год максімальная колькасць удзельнікаў у відэаразмове складала 10 чалавек. 11 сакавіка 2020 года кампанія часова, у перыяд карантыну падчас пандэміі COVID-19, павялічыла максімальную колькасць удзельнікаў відэаразмовы да 50 чалавек.
Па стане на 2023 год кожны карыстальнік можа ўсталяваць праграму бясплатна, аднак 23 студзеня 2017 года была дададзена платная падпіска Discord Nitro, якая дазваляе выбіраць персанальны ярлык для ўліковага запісу, усталёўваць анімаваны аватар і выкарыстоўваць анімаваныя эмодзі, а таксама павышаць якасць выявы пры дэманстрацыі экрана і павялічваць ліміт памеру загружаемага файла з 25 да 500 МБ (50 МБ у Nitro Basic). Ужо ў 2021 годзе з’явілася магчымасць змяняць профільную выяву, адкрываць новыя магчымасці для ўдзельнікаў сервера, а да эмодзі дадаліся стыкеры.
У 2020 годзе стваральнік Discord Джэйсан Сітрон абвясціў, што платформа больш не будзе абапірацца выключна на геймераў і цяпер будзе прыцягваць людзей з самымі рознымі густамі і інтарэсамі.
У маі 2021 года Discord абвясціў пра змяненне дызайну. Колер фону лагатыпа быў заменены са светла-фіялетавага на сіні, таксама быў абноўлены шрыфт (як у лагатыпе, так і ў настольных праграмах). Акрамя таго, сімвал Discord па імені Клайд стаў меншым і больш акуратным (самі стваральнікі адзначалі, што стары лагатып нават не быў сіметрычным). Карыстальнікі неадназначна ўспрынялі гэтыя змены, адзначаючы, што Discord пайшоў на саступкі рынку ў бок спрашчэння свайго стылю, з-за чаго страціў сваю ўнікальнасць.
На пачатку 2024 года Discord падтрымаў глабальную тэндэнцыю на масавыя скарачэнні ў IT-індустрыі, скараціўшы 17 % штату (каля 170 чалавек).
У верасні 2024 года Discord укараніў скразное шыфраванне аўдыё- і відэазванкоў E2EE, якое выкарыстоўваецца ў шэрагу вядомых месенджараў. Тэхналогія атрымала назву Discord Audio and Video End-to-End Encryption або скарочана DAVE.
28 красавіка 2025 года Джэйсан Сітрон абвясціў, што пакідае пасаду генеральнага дырэктара кампаніі, аднак застанецца ў савеце дырэктараў. На месца Сітрона прыйшоў Хумам Сахніні, былы кіраўнік студыі King, вядомай распрацоўкай гульні Candy Crush Saga.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Праграмы імгненнага абмену паведамленнямі Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне для відэаканферэнцыі Катэгорыя:IP-тэлефанія Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне для macOS Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне для Windows Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне для Linux Катэгорыя:Freeware Катэгорыя:Сувязь Катэгорыя:Інфармацыйныя тэхналогіі