Юліянія або Ульяна з Гальшанскіх (; каля 1375 — паміж 27 кастрычніка 1432 і 25 верасня 1433) — вялікалітоўская арыстакратка.

Дачка літоўскага арыстакрата, кіеўскага намесніка Івана Альгімонтавіча і смаленскай княжны Агрыпіны Святаслаўны. Мела братоў Андрэя, Міхаіла, Сямёна і Аляксандра.

У першым шлюбе была з карачаўскім князем , пэўна яго асоба не вызначана, магчыма, гэта Іван Мсціславіч Хоцет. Паводле нямецкага храніста Ёгана фон Пасільге, вялікі князь Вітаўт загадаў адсекчы галаву князю Івану, каб ажаніцца са сваёй палюбоўніцай (amye) Юліянай, ці праўда гэта — пэўна невядома.

31 ліпеня 1418 года памерла Вітаўтава жонка княгіня Ганна, а 13 лістапада ён ажаніўся з Юліяніяй. Нябожчыца Ганна была цёткай (сястрой маці) Юліяніі, то-бок Вітаўт даводзіўся ёй сваяком трэцяй ступені. Таму віленскі біскуп адмовіўся вянчаць іх без дыпенсы ад Папы. Вянчаў улацлавацкі біскуп , які меў прыязныя адносіны з Вітаўтам. Вяселле чынілі ў Гародні з вялікім з’ездам князёў і баяр, быў і польскі кароль Ягайла з жонкай Эльжбетай Граноўскай. Браўшы шлюб Юліянія перайшла ў каталіцтва. Урэшце, на мяжы 1418—1419 гадоў вялікалітоўскае пасольства на чале з да Папы Марціна V атрымала дыспенсу на ўжо заключаны шлюб у кананічна забароненай трэцяй ступені сваяцтва.

Ян Тэнгоўскі называе шлюб «раптоўнай прыхамаццю» (nagły afekt) і «чыстым капрызам» (czystу kaprys) вялікага князя Вітаўта, а Яраслаў Нікодэм і Вільям Урбан бачаць і палітычны матыў, што сваяцтва з Гальшанскімі ўмацоўвала пазіцыі Вітаўта на рускіх землях дзяржавы, а магчымы сын мог бы стаць спадчыннікам стальца.

У шлюбе не было дзяцей. У адрозненне ад Ганны, Юліянія не брала актыўнага ўдзелу ў палітыцы, звесткі пра яе фрагментарныя. Напрыклад, у 1421 годзе пасол англійскага караля, падарожнік Жыльбер дэ Лануа сустрэўся з Вітаўтам і Юліяніяй у Камянцы, атрымаў ад вялікай княгіні як падарунак залаты ланцужок і вялікую татарскую манету (дукачам), каб насіць на шыі як знак яе двара. Юліянія таксама атрымлівала падарункі, напрыклад ад вялікага магістра Паўля фон Русдарфа, а калі ў 1425—1426 гадах княгіня цяжка захварэла, Русдарф на просьбу Вітаўта даслаў лекі і лекара Генрыка (arczt meister Henrich)CEV, nr. 1216, s. 716. У 1429 годзе стала членам Ордэна Дракона. Адзіны вядомы яе ўраднік (чашнік) — князь Канстанцін Друцкі-Прыхабскі.

Перахрышчаная па каталіцкім абрадзе Юліянія засталася прыхільнай праваслаўю. Менавіта «на просьбу и на жоданье» жонкі Вітаўт надаў добры праваслаўнаму манастыру Раства Прачыстай Багародзіцы ў Троках, на думку Юрыя Мікульскага, княгіня магла быць заснавальніцай гэтага манастыра. Для асабістых патрэб Юліяніі пабудавалі мураваную царкву святога Георгія на адным з астравоў возера Гальве паблізу астраўнога Троцкага замка.

1 красавіка 1428 года Вітаўт запісаў сваёй жонцы вена на Наваградку з шэрагам «двароў» і сёл, а менавіта з Новым Сялом (ці Кубаркай), Гарадзечнам, Брацянкай, Басіным, Поўберагам, Дзяляцічамі, Любчай, Асташыным, Нягневічамі, Паланай, Карэлічамі, Свержанем, Цырыным, Палонкай, Пачапавым, Ляхавам, Бабрамі(?) і CEV, nr. 1321, s. 793—794. Паводле Яна Длугаша, паміраючы, Вітаўт даручыў апеку над жонкай Ягайлу. Паводле Длугаша ж, на пахаванні Юльяна рыдма галасіла, паўтараючы, што засталася сіратой.

Па смерці вялікага князя Вітаўта князь Свідрыгайла прысягаў Юліяніі, што будзе бараніць яе, але неўзабаве зняволіў і загадаў «ўмарыць», пра гэта нагадвае каралю Ягайле князь Жыгімонт Кейстутавіч лістом ужо ад 25 верасня 1433 года.

Паводле ж Тэадора Нарбута, Юліянія памерла ў 1448 годзе ў Дубровіцы каля Львова ва ўзросце 70 гадоў і пахавана ў віленскім касцёле св. Ганны, але сучасныя даследчыкі адхіляюць гэтыя звесткі як неверагодныя.

Крыніцы

Літаратура

Юліянія Іванаўна Гальшанская Катэгорыя:Вялікія княгіні літоўскія