Дом па праспекце Незалежнасці, 18 — жылы дом у Мінску, размешчаны на рагу праспекта Незалежнасці і Камсамольскай вуліцы. Пабудаваны ў 1948—1952 гг. (архіт. Г. Баданаў). Помнік савецкай грамадзянскай архітэктуры з выкарыстаннем класіцыстычнай спадчыны.
Архітэктура Цагляны будынак складаецца з 2 крылаў, аб’яднаных заглыбленым адносна «чырвонай лініі» корпусам са скразным арачным праездам. Сярэдні пяціпавярховы аб’ём з мезанінамі, дзе размешчаны майстэрні мастакоў. Кампазіцыя фасадаў двух’ярусная. Ніжні ярус руставаны, верхні члянёны масіўнымі пілястрамі карынфскага ордара і завершаны балюстрадай. Пластыку фасадаў узбагачае чаргаванне франтончыкаў і балконаў. Вуглавы аб’ём дома Г-падобны ў плане. Памяшканні першага паверха заняты магазінамі, кафэ і інш.
У аснове планіроўкі жылых паверхаў тыпавыя секцыі з двух- і трохпакаёвымі кватэрамі (архіт. С. Кавыкоў). Вуглавыя секцыі выкананы паводле індывідуальнага праекта.
Літаратура
Катэгорыя:1952 год у Мінску Катэгорыя:Праспект Незалежнасці (Мінск) Катэгорыя:Камсамольская вуліца (Мінск) Катэгорыя:Жылыя будынкі Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі савецкага класіцызму Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Генадзя Баданава