Куба () — астраўная дзяржава ў паўночнай частцы Карыбскага мора. З 1959 года Кубу нярэдка называюць «Востравам Свабоды»

Тэрыторыя краіны — 110,86 тыс. км². Сталіца — Гавана (2,2 млн чал.). Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне — 14 правінцый і 169 муніцыпій, адна з якіх — Хувентуд — цэнтральнага падначалення. Насельніцтва — 11,15 млн чал. (2017); гарадское — 77 %; 64 % — белыя, 26 % — мулаты, 9 % — негры. Афіцыйная мова — іспанская. Рэлігія — каталіцызм, пратэстанцтва, афра-кубінскія культы.

Адна з нешматлікіх краін свету, дзе дагэтуль пануюць марксіцка-ленінская ідэалогія, планавая эканоміка, а кіруючая роля камуністычнай партыі прапісана ў канстытуцыі.

У сусветнай гаспадарцы Куба вылучаецца экспартам тытуню, цукру, нікелю і кобальту; кваліфікаванай працоўнай сілы (пераважна ўрачоў)

Куба — член ААН, Руху недалучэння (у 2006—2009 Куба — старшыня Руху недалучэння), Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў, Лацінаамерыканскай эканамічнай сістэмы, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі, з’яўляецца назіральнікам у Карыбскай супольнасці, удзельнічае ў Ібераамерыканскім форуме.

Этымалогія Назва «Куба», верагодней за ўсё, паходзіць з мёртвых моў індзейцаў таіна. Дакладны сэнс назвы невядомы, ёсць пункт гледжання, што яна можа быць вытворнай ад слоў cubao, «месца, дзе ўрадлівая зямля багатая»http://www.alfredcarrada.org/notes8.html, альбо coabana, «цудоўнае месца». Таксама ёсць гіпотэза, што Хрыстафор Калумб назваў востраў у гонар паселішча Куба ў раёне Бежа ў Партугаліі.

Геаграфічнае становішча Займае востраў Куба, найбуйнейшы ў складзе Вялікіх Антыльскіх астравоў, і буйны востраў Хувентуд (2200 кв.км) на поўдзень, а таксама каля 1600 дробных выспаў і каралавых рыфаў, што прымыкаюць да іх. На паўночным захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, на паўночным усходзе — Мексіканскім залівам, а на поўдні — Карыбскім морам. Ад Гаіці аддзеленая Наветраным пралівам шырынёю 77 км, ад Ямайкі — пралівам Калон (140 км); ад Паўночнай Амерыкі — двума пралівамі: Фларыдскім (180 км) на поўначы і Юкатанскім (210 км) на паўднёвым захадзе. Самая вялікая дзяржава Вест-Індыі. Востраў, які працягнуўся з захаду на ўсход на 1250 км, нярэдка параўноўваюць з яшчаркаю, галава якой павернута да Атлантыкі, а хвост знаходзіцца ля ўвахода ў Мексіканскі заліў.

Прырода Рэльеф Кубы пераважна раўнінны. Горы і ўзвышшы займаюць каля траціны тэрыторыі. Рэльеф паўднёва-ўсходняй часткі вострава Куба, сфармаваны ўзаемадзеяннем Карыбскай і Паўночна-Амерыканскай літасферных пліт, мае гарысты характар — горы Сіера-Маэстра працягласцю 250 км з вышэйшай кропкай краіны пікам Туркіна (1974 м.). З поўдня горы Сіера-Маэстра «падкрэслены» глыбакаводным жолабам Кайман. На Кубе паўсюдна развіты карст. Размешчаныя на захадзе вострава маляўнічыя невысокія горы Гуанігуаніка мудрагеліста расчлененыя. Тут маецца мноства карстовых пячор, буйнейшая з іх, Санта-Томас, мае разгалінаваную сетку падземных галерэй агульнай працягласцю 25 км. У даліне Віньялес, сустракаюцца так званыя «маготас» — формы трапічнага карсту, якія ўяўляюць сабой узвышшы з амаль вертыкальнымі схіламі і плоскімі вяршынямі. Берагі, як правіла, нізкія, часам забалочаныя, але ёсць і доўгія пясчаныя пляжы.

На ўсходзе значныя паклады нікеля, па запасах якога Куба займае трэцяе месца ў свеце (пасля Новай Каледоніі і Аўстраліі, 2007)https://bigenc.ru/geography/text/2117615 . Маюцца вялікія запасы кобальту (чацвёртае месца ў свеце https://lenta.ru/news/2018/01/14/kobalt/). Таксама востраў Куба валодае запасамі медзі, марганцу, кааліну, на востраве Хувентуд ёсць храміты). На шэльфе маюцца запасы нафты (сціплыя, 124 млн барэляў на 2017) і прыроднага газу (значныя, 70 млрд м³ на 2017)https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/cu.html .

Клімат — трапічны пасатны, якая фарміруецца ў тым ліку і цячэннем Гальфстрым, што зараджаецца на поўнач ад Кубы. Сярэднегадавая тэмпература складае +25,5 °C. Тэмпературы самога цёплага і халоднага месяца адрозніваюцца ўсяго на 5 °C. Летні гадавы максімум ападкаў (май — верасень). Сярэдняя колькасць ападкаў складае 1400 мм. На наветраных схілах гор — да 3400 мм. Асаблівасцю клімату Кубы з’яўляецца тыповая высокая вільготнасць на працягу ўсяго года. У ліпені-лістападзе нярэдкімі гасцямі становяцца ўраганы (у нашым стагоддзі найбольшыя страты прынесла Ірма, верасень 2017).

Рэкі на Кубе кароткія, нешматводныя. Найбуйнейшая рака — Каута на ўсходзе даўжынёй 370 км. Азёры пераважна лагунага тыпу, саланаватыя.

Звыш 50 % прадстаўнікоў флоры Кубы з’яўляюцца эндэмікамі. Раўніны займаюць саваны з хвоямі і каралеўскай пальмай, якая адлютравана на гербе краіны. Лясы, што пакрываюць каля 14 % тэрыторыі, захаваліся толькі ў горных і забалочаных (мангравыя лясы) раёнах. На наветраных схілах гор — трапічныя лясы (махагоні, дальбергія, кампешавае дрэва). Зрэшты, у апошнія гады, дзякуючы лесанасаджэнням, лясістасць узрасла. Жывёльны свет Кубы адносна бедны, млекакормячыя предстаўлены амаль вынішчанымі кубінскім щыліназубам і грызунамі хуціі, ёсць 23 віды кажаноў, мноства птушак (драздовыя, салаўі, калібры, ара). Сустракаюцца тэрміты і жаба-бык. У гарах Сіера-Маэстра знаходзіцца нацыянальны парк Аляксандра Гумбальта, занесены, як і даліна Віньялес, у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

Гісторыя

У даеўрапейскі час Вялікія Антыльскія астравы засялялі плямёны індзейцаў таіна. Першым з еўрапейцаў, што апынуліся тут, быў Калумб, які высадзіўся на ўсходзе архіпелага ў кастрычніку 1492 года. Насельніцтва Кубы ў XV стагоддзі складала каля 1 800 000 чалавек. Каланізацыя праходзіла ва ўмовах барацьбы з карэнным насельніцтвам вострава — індзейцамі таіна, якія складалі 75 % насельніцтва. Калумб дакладваў аб мільённым забітым індзейцы. У 1511 годзе Дыега Веласкес дэ Куэльяр падпарадкаваў карэннае насельніцтва астравоў, пабудаваў форт Баракоа і стаў першым іспанскім губернатарам Кубы. Да 1514 года было заснавана сем паселішчаў. У 1515 годзе Куэльяр перанёс штаб-кватэру ў Сант’яга-дэ-Куба, які стаў першай сталіцай Кубы. У складзе Іспанскай кароны Куба лічылася цукерняй з-за неабсяжных плантацый цукровага трыснягу, на якіх працавалі негры-рабы.

У 1823 годзе было задушана першае антыіспанскае паўстанне. У 1868 годзе пачалася Дзесяцігадовая вайна за незалежнасць Кубы; паўстанцы мелі падтрымку з боку ЗША. Вайна вялася толькі ва ўсходніх правінцыях, Камагуэй і Ар’ентэ. У 1878 годзе было падпісана мірнае пагадненне, якое адмяніла найбольш непрыемныя для жыхароў вострава заканадаўчыя акты. У 1895 годзе на Кубе высадзіўся атрад кубінскіх патрыётаў пад кіраўніцтвам Хасэ Марці. Гэта падзея стала адпраўной кропкай новай вайны з іспанцамі, падчас якой кубінцы дамагліся кантролю амаль над усёй тэрыторыяй вострава, выключаючы буйныя гарады. Іспанія прызнае незалежнасць Кубы ў 1898 годзе пасля паразы ў вайне з ЗША. Куба становіцца залежнай ад ЗША. У канстытуцыі было агаворана права ЗША ўвесці войскі на тэрыторыю краіны. Гэты пункт быў адменены ў 1934 годзе.

У 1933 годзе ў выніку перавароту, арганізаванага рэвалюцыянерамі на чале з сяржантам Фульхенсіа Батыста-і-Сальдзівар, быў зрынуты дыктатар Херарда Мачада-і-Маралес і ўсталяваны дэмакратычны рэжым. 10 сакавіка 1952 года Фульхенсіа Батыста ажыццявіў дзяржаўны пераварот і ўсталяваў асабістую дыктатуру. 26 ліпеня 1953 года група новых рэвалюцыянераў на чале з Фідэлем Кастра паспрабавала захапіць казармы Манкада. Спроба аказалася няўдалай, і ўдзельнікі штурму патрапілі ў турмы, але штурм стаў адпраўной кропкай Кубінскай рэвалюцыі. Гэтыя падзеі пацягнулі за сабою палітычныя рэпрэсіі. У 1955 годзе рэвалюцыянеры былі амніставаныя. 2 снежня 1956 года група рэвалюцыянераў на чале з Фідэлем Кастра высадзілася з яхты «Гранма» на ўсходзе вострава і пачала партызанскія ваенныя дзеянні супраць урада Батысты. 1 студзеня 1959 года дыктатар Батыста ўцёк з Кубы. У той момант паўстанцкія сілы занялі горад Санта-Клара ў цэнтры вострава і кантралявалі вялікія ўчасткі мясцовасці на ўсходзе, хоць сталіцы непасрэдная небяспека не пагражала і ў распараджэнні Батысты заставаліся значныя вайсковыя сілы. 8 студзеня калона паўстанцаў трыумфальна ўступіла ў Гавану.

У выніку перамогі рэвалюцыі ўладу на Кубе атрымаў урад «левай» арыентацыі на чале з Фідэлем Кастра, які затым схіліўся на шлях будаўніцтва сацыялізму. Кіруючай і адзінай дазволенай партыяй краіны стала Камуністычная партыя Кубы. Урад Фідэля Кастра правёў аграрную рэформу, нацыяналізацыю прамысловых актываў, разгарнуў шырокія сацыяльныя пераўтварэнні. Гэта выклікала незадаволенасць часткі насельніцтва і адбылася масавая эміграцыя, галоўным чынам у ЗША, дзе стварылася буйная дыяспара апанентаў Кастра і яго палітыкі. Эміграцыі таксама спрыяў прыняты ў 1966 годзе Кангрэсам ЗША «Кубінскі Акт», які гарантуе пастаяннае жыхарства любому кубінцаў, які прыбыў у ЗША легальна ці нелегальна.

Адразу ж з рэвалюцыяй 1959 года пачаліся палітычныя рэпрэсіі, у першую чаргу скіраваныя супраць дзеячаў зрынутага рэжыму дыктатара Батысты і агентаў ЦРУ. У красавіку 1961 года кубінскія эмігранты пры актыўнай падтрымцы ЗША высадзілі ўзброены дэсант на паўднёвым узбярэжжы вострава з мэтай у перспектыве арганізаваць масавае выступленне супраць палітыкі новага ўрада, аднак інтэрвенцыя была хутка спынена, а чаканы сацыяльны выбух так і не адбыўся. Пасля эмігранцкія арганізацыі неаднаразова арганізоўвалі тэрарыстычныя акты і маламаштабныя дэсанты на Кубу, але без асаблівых вынікаў. У 1962 годзе Куба была цэнтральным месцам падзей Карыбскага крызісу, што лезь не прывялі свет да ядзернай вайны. З пачатку 1960-х гадоў па пачатак 1990-х Куба была саюзнікам СССР, які аказваў ёй значную фінансавую, эканамічную і палітычную падтрымку; дзейна падтрымлівала марксісцкіх паўстанцаў і марксісцкія ўрады Лацінскай Амерыкі (Пуэрта-Рыка, Гватэмалы, Сальвадора, Нікарагуа, Панамы, Балівіі, Перу, Бразіліі, Аргенціны, Чылі), Афрыкі (Эфіопія, Ангола) і Азіі, а таксама праводзіла палітыку аказання дапамогі гуманітарнага профілю розным краінам свету. У канцы 1980-х за мяжой у рамках ваенных і гуманітарных місій знаходзілася больш за 70 тыс. кубінцаў. Кастра адмоўна паставіўся да палітыкі Перабудовы ў СССР і нават забараніў распаўсюд на Кубе шэрагу савецкіх выданняў («Маскоўскія навіны», «Новы час» і інш.) і ў той жа час падтрымаў галоўнага апанента Гарбачова — Ельцына. Паводле ўспамінаў Ельцына, Кастра выказваў яму сімпатыю і ў гады апалы, і пазней, пасля яго прыходу да ўлады, нягледзячы на відавочны антысацыялістычны характар рэформаў у Расіі. Пасля распаду СССР эканамічнае становішча Кубы істотна пагоршылася (у 1990—1993 гады ВУП зменшыўся на 33 %Brundenius, Claes. Revolutionary Cuba at 50: Growth with Equity revisited Latin American Perspectives Vol. 36 No. 2 March 2009 pp.31-48), і аналітыкі прадказвалі хуткае падзенне ўрада Кастра, аднак да 1994 году сітуацыя ў асноўным стабілізавалася.

19 лютага 2008 года праз газету «Гранма» Фідэль Кастра абвясціў пра выхад у адстаўку з пасады прэзідэнта Дзяржсавета і галоўнакамандуючага кубінскімі войскамі. «Маім дарагім суграмадзянам, якія аказалі мне каласальны гонар абраць мяне членам Парламента, у якім будуць прыняты важнейшыя для лёсу рэвалюцыі рашэнні, я паведамляю, што не намерваюся і не дам сваёй згоды на тое, каб заняць пасаду старшыні Дзяржсавета і Галоўнакамандуючага», — гаворыцца ў звароце. 5 лістапада 2016 года ў 22:29 па кубінскім часе пасля працяглай хваробы Фідэль Кастра сканаў.

Прэзідэнтам Дзяржсавета стаў Рауль Кастра, які паабяцаў выйсці на пенсію ў 2018 годзеКастро пообещал уйти на пенсию в 2018 году. Финам 25.02.2013 . 24 лютага 2019 года грамадзяне Кубы на рэферэндуме прагаласавалі за зацвярджэнне новай канстытуцыі.

Палітыка

Дзеючая Канстытуцыя была ўхваленая ўсенародным рэферэндумам 15 лютага 1976 года. У чэрвені 2002 года ў тэкст Канстытуцыі быў унесены шэраг паправак, якія замацавалі сацыялістычны выбар развіцця краіны і кіруючую ролю Кампартыі.