Віктар Якаўлевіч Гапано́віч ( — ) — беларускі вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі, доктар медыцынскіх навук (1969), прафесар (1973). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Біяграфія Нарадзіўся 15 красавіка 1921 года ў вёсцы Сераднякі (Сярэднікі) Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер — Слуцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1940 годзе скончыў Магілёўскі медыцынскі тэхнікум, працаваў фельчарам у абласной паліклініцы ў МагілёвеГапанович Виктор Яковлевич // Сайт ДУА «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт».

З 1940 года ў Чырвонай Арміі. У 1940—1941 гадах — фельчар стралковага батальёна Прыбалтыйскай ваеннай акругі. У час Вялікай Айчыннай вайны старшы фельчар, камандзір санітарнага ўзвода стралковага батальёна, фельчар упраўлення палявога эвакуацыйнага пункта. У 1942 годзе быў цяжка паранены.

У 1951 годзе скончыў Мінскі медыцынскі інстытут і працаваў у ім (аспірант, дацэнт кафедры). У 1955 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1970 годзе — доктарскую. Адначасова з працай у інстытуце, 1972—1990 гадах — галоўны отарыналарынголаг Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1973—1989 гадах — загадчык кафедрай вуха, горла, носа Мінскага медыцынскага інстытута, з 1989 года — прафесар кафедры.

Памёр 12 жніўня 2009 года. Пахаваны на Паўночных могілках пад МінскамВиктор Яковлевич Гапанович — человек большой души // Наследие слуцкого края.

Навуковая дзейнасць В. Я. Гапановічу належаць навуковыя працы па біялагічных і крыягенных метадах лячэння ў отарыналарынгалогіі. Распрацаваў і ўкараніў у практыку методыку атрымання аўтагенных фібрынных плёнак (біялагічны прэпарат крыві) і іх выкарыстання ў якасці стымулятара працэсу рэгенерацыі пасля хірургічных аперацый. Прымаў удзел у распрацоўцы фантомаў-трэнажораў для падрыхтоўкі спецыялістаў па аказанні хуткай і неадкладнай дапамогі.

Вучонаму належаць каля 190 навуковых прац. Аўтар двух вынаходніцтваў і 76 рацыяналізатарскіх прапаноў. Падрыхтаваў трох кандыдатаў медыцынскіх навук.

Сярод апублікаванага: Аутогенные фибринные плёнки в оториноларингологии. — Мн., 1979. Ангина и хронический тонзилит. — Мн., 1982. Оториноларингологический атлас. — Мн., 1989. (разам з В. М. Аляксандравым)

Грамадская дзейнасць Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні II і III з’ездаў отарыналарынголагаў Беларусі, двух навуковых канферэнцый. Удзельнік арганізацыі Усесаюзнага пленума отарыналарынголагаў у 1978 годзе. У 1972—1990 гадах — старшыня праўлення Беларускага навуковага медыцынскага таварыства отарыналарынголагаў. Быў членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства отарыналарынголагаў, членам рэдакцыйных саветаў часопісаў «Вестник оториноларингологии», «Журнал ушных, носовых и горловых болезней», старшынёй Рэспубліканскай праблемнай камісіі па отарыналарынгалогіі.

Узнагароды два ордэны Чырвонай Зоркі; Ордэн Айчыннай вайны III ступені; медаль «За абарону Ленінграда» 19 баявых медалёў; ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, ганаровая грамата Прэзідыума Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў; значок Міністэрства аховы здароўя СССР «Выдатніку аховы здароўя»; медаль імя М. І. Пірагова.

Літаратура

Профессор Виктор Яковлевич Гапанович: (К 60-летию со дня рождения) // Вестник оториноларингологии. — 1981. — № 3. — С. 89. Здравоохранение Белоруссии. — 1981. — № 6. — С. 76-77. Гапанович Виктор Яковлевич: (К 70-летию со дня рождения) // Здравоохранение Беларуси. — 1991. — № 5. — С. 73.

Спасылкі Гапанович Виктор Яковлевич // Сайт ДУА «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» Карулис В. В. Виктор Яковлевич Гапанович — человек большой души // Наследие слуцкого края

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Слуцкім раёне Катэгорыя:Медыкі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Отарыналарынголагі СССР Катэгорыя:Отарыналарынголагі Беларусі Катэгорыя:Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР