Касцё́л Свято́га Ду́ха і кля́штар дамініка́нцаў — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Вільні. Размяшчаецца ў Старым горадзе па адрасе вуліца Дамінікону (Дамініканская), 8 (), працягнуўшыся ўздоўж гэтай вуліцы бакавым фасадам, а заднім фасадам выходзячы на вуліцу Святога Ігната ().
Помнік архітэктуры высокага і позняга барока, а таксама ракако. Інтэр'еры касцёла і кляштара вызначаюцца надзвычай багатым мастацкім аздабленнем, уключаючы ўнікальныя фрэскавыя роспісы і ілюзорны манументальны жывапіс. Набажэнствы ў касцёле традыцыйна праводзяцца на польскай мове.
Гісторыя У 1408 годзе будаўніцтва першага, яшчэ невялікага касцёла Святога Духа фундаваў вялікі князь Вітаўт. Асноўны аб’ём гэтага храма меў план прамавугольнай формы, які заканчваўся прэсбітэрыем з гранёнай апсідай. З паўночнага боку да яго прымыкала сакрыстыя. У другой чвэрці XV стагоддзя касцёл быў павялічаны ў даўжыню.
У 1501 годзе паводле загаду вялікага князя Аляксандра Ягелончыка касцёл разам з забудовай вакол яго быў перададзены запрошаным з Польшчы манахам-дамініканцам. Яны пашырылі і часткова перабудавалі касцёл, а таксама ўзвялі каля паўднёва-заходняга вугла квадратную ў плане вежу-званіцу, якая была прыстасаваная для абароны. Побач з храмам быў пабудаваны мураваны кляштар (ён прымыкае да галоўнага і паўночнага фасадаў касцёла).
У 1655 годзе касцёл і кляштар былі моцна пашкоджаны падчас акупацыі Вільні маскоўскім войскам. Комплекс быў адноўлены на сродкі мецэната М. Вайніловіча і нанова асвечаны ў 1688 годзе. У XVII і асабліва ў XVIII стагоддзях касцёлу і кляштару былі нададзены выразныя барочныя рысы. Будынкі моцна пацярпелі падчас разбуральных віленскіх пажараў 1748 і 1749 гадоў. За параўнальна кароткі тэрмін дзякуючы намаганням манахаў і ахвяраванням магнатаў (у тым ліку Людвіка Паца, Брыгіты Салагуб з роду Радзівілаў) да 1770 года храм і кляштар былі цалкам адбудаваны і набылі свой сучасны вытанчаны познебарочны выгляд. У гэты ж час быў створаны ўнікальны фрэскавы ансамбль у калідорах кляштара.
У 1812 годзе храм пацярпеў ад французскіх салдат, пасля чаго рамантаваўся ў 1813—1815 гадах. У 1818 годзе бурай сарвала дах, які прыйшлося перакрываць нанова.
Пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ў 1844 годзе скасавалі кляштар дамініканцаў. Касцёл стаў звычайным парафіяльным, але працягваў дзейнічаць на ўсім працягу XIX і XX стагоддзяў. У 1849 годзе жылы корпус кляштара быў ператвораны ў турму. Па распараджэнні віленскага генерал-губернатара М. М. Мураўёва ў гэтых памяшканнях трымалі ў няволі ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. Сярод вязняў былі Якуб Гейштар, Кастусь Каліноўскі, яго найбліжэйшы паплечнік Цітус Далеўскі, брат Цітуса — адзін з заснавальнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі Францішак Далеўскі і іншыя паўстанцы. У 1993 годзе на будынку кляштара з боку вуліцы Святога Ігната была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Кастуся КаліноўскагаЛявон Луцкевіч. Вандроўкі па Вільні. Вільня: Рунь, 1998. ISBN 9986-9228-2-8. С. 59. працы беларускага скульптара Аляксандра Мірончыка.
Набажэнствы ў касцёле традыцыйна адбываюцца на польскай мове. 5 верасня 1993 года тут адбылася сустрэча Папы Рымскага Яна Паўла II з вернікамі польскага паходжання (пры ўдзеле віленскага архібіскупа Аўдрыса Юозаса Бачкіса, прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа, архібіскупаў Тадэвуша Кандрусевіча і Казіміра Свёнтака)Jan Paweł II. Polacy i Litwini są powołani do współpracy]Šventojo Tėvo kalba Lietuvos lenkams Šventosios Dvasios bažnyčioje.
Архітэктура
Шматлікія рамонты і перабудовы значна змянілі першапачатковую гатычную архітэктуру храма. Цяпер касцёл Святога Духа ўяўляе сабой тыповую познабарочную трохнефавую базіліку з купалам над сяродкрыжжам. Незвычайнай рысай з'яўляецца тое, што галоўны фасад касцёла не мае вежаў, а адзіная гістарычная вежа-званіца прыбудавана асобна з паўднёва-заходняга боку. Сцены раскрапаваныя пілястрамі на асобныя праслы. Галоўны ўваход зроблены з боку паўднёвага фасада і аформлены манументальным парталам з дарычнымі калонамі, пілястрамі і рэльефным картушам. Да галоўнага і паўночнага фасадаў касцёла шчыльна прымыкаюць карпусы кляштара, якія ўтвараюць замкнёны ўнутраны дворык (клуатр).
Інтэр’ер і манументальны жывапіс
Інтэр’ер касцёла адрозніваецца надзвычайнай пышнасцю і з'яўляецца адным з найпрыгажэйшых узораў стылю ракако і позняга барока ў Літве. Галоўныя дэкаратыўныя акцэнты храма — 16 вялікіх алтароў складанай і арыгінальнай кампазіцыі, багата аздобленых скульптурай і ляпнінай, а таксама манументальны амбон. Купал і скляпенні касцёла распісаны фрэскамі на тэмы з жыцій святых і алегарычнымі сюжэтамі.
Фрэскі кляштарных калідораў Выключную каштоўнасць уяўляе манументальны насценны жывапіс, створаны каля 1756—1770 гадоў у калідорах першага паверха кляштара, якія абгінаюць унутраны дворык (клуатр). Гэты фрэскавы ансамбль з'яўляецца ўнікальным для ўсяго рэгіёна былога ВКЛ. Значная частка кампазіцый, на жаль, дайшла да нашага часу ў моцна пашкоджаным або зафарбаваным выглядзе, аднак іх іканаграфічная праграма была рэканструявана даследчыкамі дзякуючы захаваным фрагментам і архіўным фотаздымкам Яна Булгака пачатку XX стагоддзя.
Іканаграфічная праграма гэтых фрэсак цалкам падпарадкавана дамініканскай тэматыцы і адлюстроўвае гісторыю ордэна, яго выбітных святых, а таксама малітоўную практыку Ружанца, папулярызатарамі якой з'яўляліся менавіта дамініканцы. Сюжэты размяркоўваюцца па розных галерэях кляштара: У заходняй галерэі (каля ўваходу) размешчаны сцэны, звязаныя з тэмай смерці і замагільнага жыцця: «Смерць», «Чысцец», «Пакуты пекла» і «Райскі сад». Далей ідуць гістарычныя сцэны з жыцця ордэна: «Святы Дамінік і Святы Францыск падтрымліваюць Латэранскую базіліку», «Зацвярджэнне ордэна дамініканцаў», дзе папа рымскі ўручае статут Святому Дамініку, і выявы іншых святых і мучанікаў ордэна, напрыклад, Тамаша Аквінскага, Пятра Мучаніка. Асноўная частка калідораў прысвечана ілюстрацыі Ружанцовай малітвы. У крыжовых скляпеннях паслядоўна намаляваны 15 Таямніц Ружанца, падзеленых на тры часткі: Радасныя таямніцы: Звеставанне, Адведзіны Лізаветы, Нараджэнне Хрыста, Ахвяраванне ў храме, Адшуканне Хрыста ў храме. Балесныя таямніцы: Малітва ў Гефсіманскім садзе, Хвастанне, Укаранаванне цернем, Крыжовы шлях, Укрыжаванне. Слаўныя таямніцы: Уваскрасенне, Ушэсце, Сашэсце Святога Духа, Унебаўзяцце Марыі, Каранаванне Марыі. Усходняя галерэя кляштара ўтрымлівае 21 невялікую эмблему, прысвечаную Ларэтанскай літаніі (Litanija Loretańska). Кожная фрэска ілюструе асобны зварот да Дзевы Марыі з літаніі (напрыклад, «Люстэрка справядлівасці», «Вежа Давідава», «Залаты дом» і інш.), якія суправаджаюцца лацінскімі надпісамі.
Многія з гэтых фрэсак выкананы з выкарыстаннем прыёмаў ілюзорнага жывапісу і квадратуры. Мастацтвазнаўцы, у прыватнасці, Д. Клаюмене, дапускаюць, што гэты манументальны ансамбль мог стварыць вядомы віленскі мастак-манументаліст Мацвей Слушчанскі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Дамініканскія кляштары Літвы Катэгорыя:Касцёлы Вільні Катэгорыя:З’явіліся ў 1408 годзе Катэгорыя:1408 год у Еўропе Катэгорыя:Касцёлы Віленскай архідыяцэзіі Катэгорыя:Збудаванні Вільні ў стылі барока