Джон Бі Кэлхун (, , Элктан, Тэнесі — ) — амерыканскі этолаг і даследчык псіхалогіі ў сувязі з праблемамі папуляцыйнай шчыльнасці і яе ўплыву на паводзіны. Кэлхун атрымаў вядомасць дзякуючы сваім вопытам з супольнасцямі грызуноў — мышэй і пацукоў. Ён лічыў, што лагічных прычын, па якіх назіраныя ў эксперыментах сацыяльныя эфекты не могуць адбыцца ў чалавечым грамадстве, не існуе.

У сваіх даследаваннях увёў паняцце «паводніцкая клаака» (), якое апісвае пагаршэнне і распаўсюджванне паталагічных і адхіляючыхся формаў паводзін мышэй ва ўмовах іх павышанай цеснаты. Паколькі даследчык у сваіх працах шырока выкарыстоўваў антрапаморфную тэрміналогію, яго ідэі хутка набылі грамадскі інтарэс і значны культурны ўплыў. У прыватнасці, тэрмін «паводніцкая клаака» стаў выкарыстоўвацца і для абмеркавання чалавечых паводзінаў.

Эксперыменты з пацукамі У 1947—1949 гадах Кэлхун у рамках праекта па даследаванню экалогіі грызуноў, які праводзіўся ўніверсітэтам Джонса Хопкінса, назіраў за шэрымі пацукамі ў іх натуральным асяроддзі — у агароджаным загоне пад адкрытым небам плошчай 10 тысяч квадратных футаў (930 м²). Хоць колькасць пацукоў у загоне такіх памераў пры бескантрольным размнажэнні тэарэтычна магла дасягнуць 5 тысяч, Кэлхун адзначыў, што памер папуляцыі за ўвесь час эксперыменту не перавышаў 200 асобін і стабілізаваўся на значэнні ў 150 асобін. Больш таго, пацукі не рассеяліся па загону бязладна, а ўтварылі 12-13 арганізаваных калоній, у кожнай з якіх пражывала па 12 пацукоў. Кэлхун выказаў здагадку, што менавіта такі памер групы з’яўляецца для шэрых пацукоў найлепшым — пры перавышэнні гэтай колькасці стрэс прыводзіць да распаду групы.

З 1958 па 1962 гады Кэлхун праводзіў серыю эксперыментаў з шэрымі пацукамі ўжо ў штучным асяроддзі — выбудаваным у лабараторыі палігоне плошчай 12 м², вышынёй да 1,5 метра, падзеленым на 4 злучаных адзін з адным адсекі, прычым два канчатковыя адсекі — першы і чацвёрты — не мелі кантактаў паміж сабой. Палігон быў ізаляваны ад навакольнага свету, забяспечваўся ежай і вадой у неабмежаванай колькасці. Засяляючы гэты «пацучыны рай», Кэлхун даследаваў змены ў паводзінах пацукоў у залежнасці ад натуральнай змены колькасці іх папуляцыі. У кожны з чатырох адсекаў была змешчана група з 12 пацукоў, усяго 48 асобін. Каб не дапусціць празмернага перанасялення, па дасягненні колькасці 80 асобін даследчыкі прыбіралі з палігона лішніх маладых пацукоў, якія перажылі дзіцячы ўзрост. Аказалася, што канчатковыя адсекі былі захопленыя моцнымі самцамі-лідарамі, кожны з якіх жыў у гарэме з 8-12 самак, а іншых самцоў выганяў у цэнтральныя адсекі. Каля 60 пацукоў, якія скучваліся ў цэнтральных адсеках, дэманстравалі разнастайныя формы дэвіянтных паводзін: павялічаную агрэсіўнасць, беспадстаўныя напады адзін на аднаго, знікненне цікавасці да спарвання, спробы спарвацца з усімі самкамі або нават з усімі пацукамі запар, незалежна ад полу. Назіраўся канібалізм (у прыватнасці, паглынанне пацучат) нават ва ўмовах празмернасці ежы.

Эксперыменты з мышамі

Найбольш знакамітая серыя эксперыментаў Кэлхуна, у якіх рост папуляцыі ніяк не абмяжоўваўся, была пастаўлена на мышах. Умоўная назва эксперыменту — «Сусвет 25» (), а лічба «25» — парадкавы нумар эксперыменту. У ліпені 1968 года ў драцяны загон у лабараторыі на базе Нацыянальнага інстытута псіхічнага здароўя былі змешчаныя 4 пары мышэй. Загон з 256 скрынямі-гнёздамі, кожнае з якіх было разлічана на 15 мышэй, быў абсталяваны раздатчыкамі вады і корму і дастатковай колькасцю матэрыялу для будаўніцтва гнёздаў. Кэлхун апісваў загон як «утопію» для мышэй: па разліках даследчыкаў, месца для гнёздаў у загоне хапіла б на 3840 мышэй, а пастаянна падаванай ежы — на 9500. На практыцы колькасць папуляцыі спынілася на максімальным значэнні ў 2200 асобін і пасля яго толькі скарачалася. Да чэрвеня 1972 года, калі Кэлхун завяршыў эксперымент, у загоне заставаліся толькі 122 мышы, якія выйшлі з рэпрадукцыйнага ўзросту. Таму вынік эксперыменту ўжо быў ясны.

Перыяд асваення тэрыторыі першымі чатырма парамі мышэй Кэлхун назваў стадыяй А. Стадыя B пачалася з моманту нараджэння першых дзіцянятаў. Гэта стадыя экспаненцыяльнага росту колькасці папуляцыі ў баку ў ідэальных умовах — колькасць мышэй падвойваецца кожныя 55 дзён. Пачынаючы з 315 дня правядзення эксперыменту, тэмп росту папуляцыі значна запаволіўся, і колькасць мышэй падвойвалася кожныя 145 дзён. Пачалася трэцяя стадыя (C) эксперыменту. У гэты момант у баку пражывала 620 мышэй, і сфармавалася пэўная сацыяльная іерархія. З’явілася катэгорыя маладых самцоў, якія не знайшлі для сябе сацыяльнай ролі ў мышынай іерархіі ў калоніях па перыметры загону і былі выгнаны ў цэнтр бака. Адрозніць групу «адрынутых» магчыма было па пакусаным хвастам, выдранай поўсці і слядах крыві на целе. Праблема адсутнасці падыходзячых сацыяльных роляў была выкліканая тым, што ў ідэальных умовах бака мышы жылі доўга, старыя мышы не вызвалялі месца для маладых грызуноў. Пасля выгнання самцы ламаліся псіхалагічна, характарызаваліся пасіўнасцю альбо празмернай агрэсіўнасцю з нападам на любых іншых мышэй. Цяжарныя самкі станавіліся менш абароненымі ад выпадковых нападаў. У выніку яны самі сталі праяўляць агрэсію, менавіта яны — а не самцы — сталі актыўна абараняць сваю тэрыторыю, пры гэтым агрэсія выяўлялася ў адносінах і да сваіх дзяцей. У выніку нараджальнасць значна ўпала, а смяротнасць маладняку дасягнула значных узроўняў.

Неўзабаве пачалася апошняя стадыя існавання мышынага раю — фаза D або фаза смерці, як яе назваў Джон Кэлхун. На дадзенай стадыі Кэлхун назіраў узрастанне колькасці яшчэ адной групы самцоў, якіх ён назваў «прыгажунамі» (), з-за адсутнасці ран і рубцоў. Гэтыя мышы не ўступалі ў барацьбу за самак і тэрыторыю, не праяўлялі актыўнасці да размнажэння і толькі сілкаваліся, спалі і чысцілі поўсць. Самкі таксама перасталі спарвацца з самцамі. Калега Кэлхуна, доктар Хэлсі Марсдэн, у 1972 годзе перанёс некалькі самак і самцоў-«прыгажуноў» у асобныя загоны, выявіўшы, што мышы і там не спрабуюць спарвацца.

Па выніках даследавання Кэлхун зрабіў выснову, што пры перавышэнні пэўнай шчыльнасці насельніцтва і запаўненні ўсіх сацыяльных роляў у папуляцыі ўзнікае праслойка маладых «ізгояў», якая расце. Вострая канкурэнцыя паміж імі і старэйшымі асобінамі прыводзіць да распаду сацыяльных сувязяў і катастрофы грамадства ў цэлым, і пераходу ў такі стан, калі пры нізкай смяротнасці нормай становіцца прымітыўныя «аўтыстычныя» паводзіны, якія вядуць да вымірання папуляцыі. Выкарыстоўваючы адсылку да Адкрыцця Яна Багаслова, Кэлхун апісаў распад грамадства як «смерць у квадраце» (), пры гэтым «першую смерць», смерць духу, мышы перажывалі яшчэ пры жыцці.

Знакаміты эксперымент быў у далейшым выкарыстаны як аснова развіцця канцэпцыі праксемікі Эдварда Хола. Паняцце клаакі паводзінаў таксама аказала ўплыў на развіццё сацыялогіі горада і псіхалогіі.

Распрацоўкі Кэлхуна аказалі ўплыў на даследаванні агрэсіі.

Крытыка эксперыменту «Сусвет 25» На сімпозіуме «Чалавек і яго месца ў прыродзе» ў 1972 годзе даклад Кэлхуна падвергнуўся крытыцы:

Няма звестак аб паходжанні першых 8 мышэй, якія далі пачатак усёй папуляцыі. У прыватнасці, не было праверана, ці не з’яўляюцца яны разам з братамі і сёстрамі з аднаго прыплоду. Блізкароднасныя сувязі маглі аказаць самы негатыўны ўплыў на ўсе далейшыя пакаленні мышэй. Тэмпература ў загоне магла дасягаць +32 градусаў, што неспрыяльна для мышэй. Загон чысцілі раз у 1-2 месяцы, гэта значыць вялікую частку часу мышы праводзілі ў памяшканні, забруджаным фекаліямі, мачой, трупамі і рэшткамі ежы. Няма дакладнага апісання метадаў падліку мышэй. Ацэнкі колькасці дадзены прыблізна. На апошняй стадыі Кэлхун апісвае з’яўленне групы «мышэй-прыгажуноў» (мышы не ўступалі ў барацьбу за самак і тэрыторыю, не праяўлялі актыўнасці да размнажэння і толькі сілкаваліся, спалі і чысцілі поўсць…), адзначаючы такія паводзіны як анамальныя, аднак не ясны ўзрост гэтых мышэй. Паказана аднак, што сярэдні ўзрост мышэй на апошняй стадыі складаў 770 дзён. Да гэтага часу рэпрадуктыўны перыяд у самцоў даўно завершаны, і апісаныя паводзіны з’яўляюцца для іх нармальнымі. Прычыны смерцяў і бясплоддзя самак не былі дастаткова даследаваны. Загон не быў абаронены ад траплення якіх-небудзь інфекцый, якія маглі паўплываць на смяротнасць і рэпрадуктыўную функцыю.

Памылкі адносна эксперыментаў

Няправільная выснова аб тым, што чым большая колькасць папуляцыі, тым мацнейшая тэндэнцыя да яе дэградацыі. Кэлхун ставіў асноўнай задачай даследаванне паводзін мышэй ва ўмовах перанаселенасці: у мышэй быў неабмежаваны доступ да ежы і вады, але тэрыторыя, якая з’яўляецца не менш важным фактарам для нармальнага існавання, была зрэзаная да мінімуму. Калі тэрыторыя не абмежаваная, рост папуляцыі ў ідэальных умовах можа працягвацца практычна бясконца без сацыяльных і генетычных наступстваў (прыкладам таму можа быць дэмаграфічны выбух папуляцыі трусоў у Аўстраліі).

У мастацтве Па матывах работ Кэлхуна была напісана кніга «Mrs. Frisby and the Rats of NIMH» і зняты мультфільм «Сакрэт пацукоў».

Гл. таксама

Бібліяграфія

Кнігі

Артыкулы

Катэгорыя:Сацыяльныя эксперыменты Катэгорыя:Псіхолагі ЗША Катэгорыя:Этолагі Катэгорыя:Вучоныя ЗША