«Кнігазбор» — прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства, якое ажыццяўляла выпуск мастацкай, навукова-папулярнай, вытворча-практычнай, даведачнай літаратуры.
Гісторыя 17 сакавіка 1995 года выбітнымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі быў заснаваны Міжнародны Фонд «Беларускі кнігазбор», галоўнай мэтай якога было — збор матэрыялаў і падрыхтоўка да друку аднайменнага 200-томнага кніжнага праекта. Ідэя была распрацавана беларускім пісьменнікам і літаратуразнаўцам Кастусём Цвіркам. У сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве ў 2006 годзе грамадскія аб’яднанні больш не маглі займацца камерцыйнай дзейнасцю і Управа МГА «Белкнігазбор» прапанавала выканаўчаму дырэктару аб’яднання Вінярскаму Г. Д. зарэгістраваць самастойнае выдавецтва «Кнігазбор», якое б працягвала выдавецкую справу «Беларускага кнігазбора». У лютым 2006 ПУП «Кнігазбор» было зарэгістравана, а з мая 2006, атрымаўшы ліцэнзію, пачало самастойную выдавецкую дзейнасць.
У студзені 2021 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, аднак ужо ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
Але ўжо ў лютым 2022 года Міністэрства інфармацыі прыпыніла выдавецкую дзейнасць ПУП «Кнігазбор». У снежні 2022 у выдавецтве адбылася пазапланаваная комплексная праверка пад кіраўніцтвам пракуратуры горада Мінска. У склад правяраючых, апроч прадстаўнікоў пракуратуры, ўвайшлі ўпаўнаважаныя ад Інспекцыі па падатках і зборах, Міністэрства інфармацыі і Мінгарвыканкама. Праверка доўжылася болей за месяц. Падчас праверкі Міністэрства інфармацыі паўторна прыпыніла выдавецкую дзейнасць прадпрыемства. У выніку праверкі былі толькі выяўлены невялікія парушэнні ў ліцэнзійнай дзейнасці, але выдавецтву было прапанавана падаць на ліквідацыю. У лютым 2023 ПУП «Кнігазбор» спыніў сваю дзейнасць. У кастрычніку 2023 года найвялікшае прыватнае выдавецтва Беларусі, якое спецыялізавалася на выданні кніг на беларускай мове было афіцыйна ліквідавана.
Спецыялізацыя Выдавецтва працягвае працу над кніжным праектам «Беларускі кнігазбор», каардынуе працу даследчыкаў і літаратараў, рыхтуе макеты для кніг праекта для далейшага іх самастойнага выдання, а таксама выдання праз іншыя выдавецтвы, у прыватнасці — «Беларуская навука».
Сумесна з партнерамі — ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і МГА «Згуртаванне Беларусаў свету „Бацькаўшчына“» рыхтуюцца да друку і выдаюцца кнігі серыі сучаснай літаратуры «Кнігарня пісьменніка», дзіцячая серыя «Каляровы ровар» і кніжная серыя беларускіх эмігрантаў-літаратараў і кніг аб беларускай дыяспары «Бібліятэка Бацькаўшчыны».
Штогод у выдавецтве выходзіць каля ста найменаванняў кніг. Сярод вядомых беларускіх аўтараў, выдаеваемых выдавецтвам: Віктар Марціновіч, Рыгор Барадулін, Віктар Казько, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Віктар Шалкевіч, Андрэй Хадановіч.
Кнігі выдадзеныя ў «Кнігазборы» штогод прызнаюцца найлепшымі кнігамі Беларусі ў розных намінацыях, з’яўляюцца пераможцамі літаратурных прэмій.
Кіраўніцтва выдавецтва Дырэктар і заснавальнік — Генадзь Вінярскі. Галоўны рэдактар — пісьменнік, кандыдат гіст. навук Кастусь Цвірка.
Літаратура
Спасылкі Старонка выдавецтва «Кнігазбор» на Фэйсбуку
Катэгорыя:Выдавецтвы Беларусі