«Беларускі кнігазбор» — кніжны праект класікі беларускай літаратуры і літаратуры пра Беларусь ад старажытнасці да нашых дзён. Заснаваны Міжнародным Фондам «Беларускі кнігазбор» у 1995 годзе. Асноўная дзейнасць — падрыхтоўка кніг праекта. Галоўны рэдактар праекта — беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца Кастусь Цвірка.
У праекце «Беларускі кнігазбор» прадстаўлены найлепшыя творы мастацкай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і гістарыяграфіі. Праект складаецца з трох серый: мастацкая літаратура, гісторыка-літаратурныя помнікі і пераклады замежнай літаратуры. Самай маштабнай сярод іх з’яўляецца мастацкая літаратура.
Гісторыя
17 сакавіка 1995 года выбітнымі беларускімі навукоўцамі і пісьменнікамі як з Беларусі, так і замежжа быў створаны і зарэгістраваны Міжнародны Фонд «Беларускі кнігазбор», галоўнай мэтай якога было — збор матэрыялаў і падрыхтоўка да друку аднайменнага 200-томнага кніжнага праекта. Ідэя была распрацавана беларускім пісьменнікам і літаратуразнаўцам Кастусём Цвіркам. Сярод заснавальнікаў Фонда былі: Н. Гілевіч, Р. Барадулін, С. Шушкевіч, Р. Гарэцкі, В. Зуёнак, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, А. Клышка, К. Цвірка, Г. Вінярскі, В. Кіпель, Я. Запруднік, А. Баршчэўскі, А. Каўка, В. Сёмуха і іншыя. Нязменнымі кіраўнікамі з’яўляюцца К. Цвірка (прэзідэнт, надалей кіраўнік і галоўны рэдактар) і Г. Вінярскі (выканаўчы дырэктар). У «Беларускі кнігазборы» было два філіялы — у Вільні (кір. Лілея Плыгаўка) і ў СПБ (кір. Мікалай Нікалаеў). Распачыналі дзейнасць тры чалавекі — К. Цвірка (прэзідэнт), Г. Вінярскі (выканаўчы дырэктар) і Марына Адамовіч (гал. бухгалтар і юркансультант).
У 1995 годзе была выдадзена брашура план-каталог серыі. Першай надрукаванай кнігай стала «Ян Чачот. Выбраныя творы» (1996 год). Першыя тамы Фонд выдаваў пры частковай дзяржсубсідыі, пазней — за ўласныя сродкі і пры дапамозе спонсараў. Наклады першых тамоў былі ад 4000 да 10000 («Філаматы і Філарэты»).
У сувязі з зменамі ў заканадаўстве ў 2006 годзе змяняліся назвы з МФ «Беларускі кнігазбор» на МГА «Беларускі кнігазбор» і на МГА «Белкнігазбор». Пад канец 2018 года Аб’яднанне спыніла сваю дзейнасць, але каардынаванне працы па зборы і апрацоўцы матэрыялаў, па падрыхтоўцы да друку кніг праекта «Беларускі кнігазбор» працягвае ПУП «Кнігазбор». З запланаваных 200 на 2019 год было выдадзена каля 100 кніг; шэраг аўтараў выдадзены ўпершыню пасля замоўчвання ў савецкія часы.
Выдавецкая дзейнасць Праект «Беларускі кнігазбор» складаецца з трох асноўных серый: «Мастацкая літаратура»; «Гістарычна-літаратурныя помнікі»; «Пераклады замежнай класікі».
Узнагароды 2019 год — у снежні 2019 года падчас, прэзентацыі 100-тага тома выдання, нагрудным знакам імя У. М. Ігнатоўскага быў адзначаны кіраўнік праекта «Беларускі кнігазбор» і ўкладальнік кніг Кастусь Цвірка. Падзяку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі атрымала ўкладальніца кніг праекта Лідзія Савік. Граматамі аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўзнагароджаны навуковы супрацоўнік і ўкладальнікі выданняў кнігазбору Міхась Тычына, Аляксандр Бразгуноў, Тэрэза Голуб, Генадзь Вінярскі.
Літаратура
Спасылкі Старонка «Беларускага кнігазбору» «Літаратура — гэта грунт нацыі». Размова са стваральнікам «Беларускага кнігазбору» // www.svaboda.org 14 лістапада 2019
Катэгорыя:Выданні Беларусі Катэгорыя:Друкаваныя выданні, якія ўзніклі ў 1995 годзе