Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Бу́дслаў» (польск.: Batalion KOP «Budsław») — першы батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Будславе ў 1924—1939 гадах. Падчас польскай абарончай вайны сфармаваў батальён у складзе 207-га пяхотнага палка, у складзе якога прымаў удзел у бітве за Львоў, а падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь — у абароне дзяржаўных межаў.
Гісторыя На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На першым этапе яго арганізацыі ў 1924 г. паводле загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 г. была сфармавана трэцяя брыгада, а ў яе складзе — першы памежны батальён.
Першапачаткова ў яго склад увайшлі дружына камандавання батальёна, узвод сувязі і чатыры пяхотныя роты. Штат служачых складаўся з 25 афіцэраў, 200 унтэр-афіцэраў і 603 шараговых. Ва ўзбраенні знаходзіліся 2 станкавыя і 48 ручных кулямётаў, 48 мушкетонаў, 439 вінтовак, 280 карабінаў і 32 пісталеты. З ліку транспартных сродкаў існавалі 15 конных вазоў, 1 матацыкл і 7 ровараў.
Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы ў пачатку яго існавання складала 101 км (у 1934 г. — 113.243 км), з іх ліку на адну памежную роту даводзілася 25 км, а на стражніцу — 5 км. Аддаленасць камандавання батальёна ад камандавання брыгады ў Вілейцы складала 55 км.
3 кастрычніка 1924 г. маёр Баляслаў Міргалоўскі быў пераведзены з пятнаццатага пяхотнага палка «Вілкаў» у Корпус аховы памежжа на пасаду камандзіра першага батальёна, які да канца месяца прыступіў да працы на абшарах Віленскага ваяводства. У 1926 годзе на ўзроўні брыгады была арганізавана школа для падрыхтоўкі ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была адчынена ў Вілейцы, аднак праз два гады ліквідавана. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў заснаваны школьны батальён Корпуса аховы памежжа. Акрамя таго, дзеля павышэння колькасці кваліфікаваных кадраў 1 красавіка 1928 года пры батальёне ўтварыўся цэнтр падрыхтоўкі сапёраў. Улетку 1929 года пасля скасавання трэцяй памежнай брыгады батальён быў уключаны ў склад створанага палка «Вілейка». На той час ва ўзбраенні падраздзялення былі 953 вінтоўкі Бярц’е ўзора 1916 года, 64 ручныя кулямётамы «Шаша» узора 1915 года і 2 станкавыя кулямёты «Гочкіс» узору 1914 года.
У ліпені 1929 г. было прынята правіла, згодна з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назву згодна з мясцовасцю іх размяшчэння, у выніку чаго першы памежны батальён быў пераназваны ў батальён «Будслаў». Разам з тым, абавязковая нумарацыя адзінак КАП захоўвалася да 1931 г., пакуль не была цалкам скасавана. Пасля праведзенай рэарганізацыі «R.2» камандаванню батальёна сталі падпарадкоўвацца ўзвод сувязі, кулямётная, школьная, рэзервоая і чатыры памежныя роты. У штаце служачых налічвалася 22 афіцэры, 83 унтэр-афіцэраў, 29 звыштэрміновых і 736 шараговых жаўнераў.
Загадам ад 23 лютага 1937 года распачалася першая фаза рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.3», адным з вынікаў якой стала рэфармаванне батальёна «Будслаў» шляхам надання яму статуса адміністрацыйнай адзінкі з адначасовай рэарганізацыяй камандавання. У той жа час адміністрацыйнай адзінкай для батальёна стаў полк «Вілейка». У выніку рэалізацыі праграмы «R.3» будынак стражніцы «Скарада» роты «Альковічы» было загадана перанесці ў вёску Сачыўкі з прызначэннем кватэры для яго камандавання.
Згодна з распараджэннем камандзіра Корпуса аховы памежжа Яна Крушэўскага, 1 красавіка 1939 г. было ліквідавана падкватэрмайстарства батальёна з утварэннем кватэрмайстарства. Ад 15 мая таго ж года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра. Улетку 1939 года «Будслаў» стаў мабілізацыйнай адзінкай для выведвальнай роты і першага батальёна 207-га пяхотнага палка. Гэтыя падраздзяленні былі сфармаваны падчас усеагульнай мабілізацыі напачатку верасня 1939 г. і ўвайшлі ў склад 35-й рэзервовай пяхотнай дывізіі. У складзе гэтага палка батальён прымаў удзел у бітве за Львоў.
Па заканчэнні мабілізацыі сваіх падраздзяленняў у 207-ы пяхотны полк батальён «Будслаў» адрадзіў сваю дзейнасць з прыцягваннем рэкрутаў і рэзервістаў. Непрацяглы час ахоўваў мяжу з БССР даўжынёй 112.143 км. Ад 17 верасня прымаў удзел у абароне дзяржаўнай мяжы падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.
Напад на батальён Памежнікі з батальёна «Будслаў» пад кіраўніцтвам маёра Мечыслава Бачкоўскага 17 верасня 1939 г. распачалі баі з другой стралковай дывізіяй, 14-й і часткова 13-ым і 15-ым аддзеламі памежных войскаў НКУС, якія атакавалі мяжу з усходу. Стражніцы з чацвёртай памежнай роты «Докшыцы» збольшага не змаглі аказаць належнага супраціву. Выняткам стала стражніца «Парэчча», у ходзе бою з якой загінулі два савецкія салдаты з трынаццатага аддзела памежных войскаў, а адзін салдат з другой стралковай дывізіі быў паранены. Усё ж стражніца была захоплена а шостай гадзіне раніцы. Стражніца «Камайск» была атакавана 157-ым кавалерыйскім палком, у выніку чаго апынулася захопленай. Як паведамілі савецкія крыніцы наконт нападу на стражніцу «Камайск»: «Польскія жаўнеры ў ніжняй бялізне з вінтоўкамі схаваліся ў лесе. Палеглых няма».
Стражніцы другой роты «Гняздзілава» былі атакаваны падраздзяленнямі 13-га аддзела памежных войскаў НКУС, якія знішчылі рэзервовую роту. На стражніцы роты «Даўгінава» пачаў наступ 14-ы аддзел памежных войскаў. Стражніца «Мільча» змагалася на працягу гадзіны і была захоплена: у палон трапіў яе камандзір, але некалькі памежнікаў здолелі ўцячы ў кірунку Даўгінава. Стражніца «Пагост» таксама ўступіла ў бой, падчас якога памерлі камандзір заставы і некалькі жаўнераў; з савецкага боку загінуў камандзір атакуючага аддзелу лейтэнант Пятроў, а яго намеснік, палітрук Канькоў, быў паранены. Стражніца «Караліна» таксама прыняла ўдзел у сутыкненнях, у выніку чаго тры служачыя былі забіты, а пяцёра апынуліся ў савецкім палоне.
Падраздзяленні, размешчаныя ў Даўгінаве, без бою адышлі ў кірунку Будслава, дзе далучыліся да адступаючых частак. Стражніцы першай роты «Альковічы» падвергліся нападу 14-га памежнага аддзелу НКУС і падраздзяленняў другой стралковай дывізіі. Стражніца «Пасекі» пасля непрацяглага бою была ўзята: 13 жаўнераў былі забіты і 6 узяты ў палон, паранены 5 чырвонаармейцаў. Астатнія памежныя заставы з гэтай роты не прымалі ўдзелу ў бітвах, таму што здолелі адступіць да Альковічаў. Іншыя вайсковыя часткі, размешчаныя ў гэтым мястэчку таксама рэціраваліся ў кірунку Будслава і на наступны дзень далучыліся да адыходзячых батальёнаў, сярод якіх было і кіраўніцтва рэзервоай роты.
Здарэнні Захаваліся звесткі аб здарэннях на тэрыторыі, якую ахоўваў батальён з 20 па 27 студзеня 1925 г.: 20 студзеня 1925 г. у хаце нейкага Стасяка ў Будславе выбухнула граната, параніўшы яго дваіх сыноў і дачку. Хата была асабістым жыллём Стасяка, у ёй не кватаравалі польскія жаўнеры. 24 студзеня 1925 г. савецкія памежныя войскі на адлегласці 150 м. ад мяжы з Польшчай пры дарозе з Вардамічаў на ўсход пабудавалі назіральную вышку вышынёй каля 2 м. 25 студзеня 1925 г. а другой гадзіне ночы жаўнеры батальёна «Будслаў» выратавалі нейкага Генрыка Янковіча, які тануў у Сэрвачы каля Будслава. Тапелец апынуўся злодзеем, якога адшуквала паліцыя, куды ён і быў перададзены. Структура У склад батальёна «Будслаў» уваходзілі камандаванне батальёнам, узвод сувязі, рэзервовая, кулямётная і чатыры памежных роты:
1 памежная рота «Альковічы» Стражніца «Сачыўкі» Стражніца «Скарада» Стражніца «Пасекі» Стражніца «Пруднікі» Стражніца «Зацемень»
2-я памежная рота «Гняздзілава» Стражніца «Верацейка» Стражніца «Вараны» Стражніца «Вардамічы» Стражніца «Смалярня»
3 памежная рота «Даўгінава» Стражніца «Саланое» Стражніца «Мільча» Стражніца «Пагост»
4-я памежная рота «Докшыцы» Стражніца «Парэчча» Стражніца «Антанопаль» Стражніца «Пагулянка» Стражніца «Камайск» Стражніца «Рашкаўка»
Кіраўніцтва
Камандзіры батальёна 3 кастрычніка 1924 — 5 лістапада 1928 — маёр пяхоты Баляслаў Міргалоўскі 19 жніўня 1929 — 18 красавіка 1935 — падпалкоўнік пяхоты Юліян Чубрыт 18 красавіка 1935 — лістапад 1936 — маёр пяхоты Адам Абтуловіч лістапад 1936 — красавік 1938 — маёр пяхоты Яўген Сакольскі 1 мая 1938 — студзень 1939 — маёр пяхоты Адольф Галіноўскі 1 сакавіка 1939 — 31 жніўня 1939 — падпалкоўнік пяхоты Яўген Юрусь 1 верасня 1939 — 17 верасня 1939 — маёр пяхоты Мечыслаў Бачкоўскі
Штат батальёна ў чэрвені 1939 года Камандзір — падпалкоўнік Яўген Юрусь Намеснік камандзіра — маёр Вацлаў Майхроўскі Ад’ютант — паручнік Эдмунд Гойскі Камандзір першай памежнай роты — капітан Ян Шчэсняк Камандзір другой памежнай роты — капітан Стэфан Вітольд Пшэдпелскі Камандзір трэцяй памежнай роты — капітан Славамір Накельскі Камандзір чацвёртай памежнай роты — капітан Зыгмунт Станіслаў Валігорскі Камандзір рэзервовай роты — паручнік Уладзіслаў Зыгмунт Галька Камандзір кулямётнай роты — капітан Уладзіслаў Ставоўскі
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Корпус аховы памежжа Катэгорыя:Будслаў