Андрэ́й Гена́дзевіч Скурко́ (нар. 12 сакавіка , Крывічы, Мядзельскі раён) — беларускі журналіст, рэдактар газеты «Наша Ніва».

Біяграфія Скончыў філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Беларуская філалогія». Аўтар «Нашай Нівы» з 1998 года, з 2000 года намеснік галоўнага рэдактара. У 2006 годзе абраны намеснікам старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтра. Выйшаў з яго ў 2019 годзеФілосаф Алесь Анціпенка заявіў пра выхад з Беларускага ПЭН-Цэнтр // nashaniva.by 30 кастрычніка 2019.

З 1 снежня 2006 года да 2017 года галоўны рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва»Тое, што нас яднае // Наша Ніва, 7 снежня 2006. Пасля перадачы паўнамоцтваў Ягору Марціновічу стаў кіраўніком аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» і сцэнарыстам дзіцячага часопіса «Асцярожна: дзеці!».

Палітычны пераслед 8 ліпеня 2021 года разам з іншымі журналістамі «Нашай Нівы» быў арыштаваны нібыта за арганізацыю пратэстаў. 12 ліпеня 2021 года сумеснай заявай дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, прызнаны палітычным зняволеным.

Па заканчэнні трох сутак арышту абвінавачванне за падрыхтоўку пратэстаў не было высунутае, але затрыманне было працягнутае паводле ч. 2 арт. 216 КК («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання»). Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што рэдактараў «Нашай Нівы» трымаюць за кратамі за нібыта нявыплату камунальных паслуг на суму 3500 BYN. Увесь час зняволення ў ізалятары на Акрэсціна рэдактары «Нашай Нівы», як і іншыя палітычныя вязні, сядзелі без зменнай бялізны, перадач. Ім не выдавалі матрацы і пасцельнай бялізны, яны спалі на доле або голых металічных ложках. 21 ліпеня 2021 года пераведзены ў СІЗА-1 Мінска. Скурко, які хварэе на дыябет, 13 дзён не атрымліваў неабходных лекаў, яму была дыягнаставана пнеўманія.

15 сакавіка 2022 года Скурко атрымаў два з паловай гады калоніі за нявыплату камунальных паслуг.

Для маленькага сына ўвесь час зняволення пісаў дзіцячыя вершы, якія склалі аснову зборніка «Пра сланоў і барсучкоў», выдадзенага ў 2022 годзе. Таксама за кратамі Скурко пераклаў «Доктара Айбаліта» Карнея Чукоўскага, які ў перакладзе стаў беларускім «Доктарам Будзь-Здароў».

Цалкам адбыўшы прысуджаны тэрмін зняволення, вызваліўся з магілёўскай калоніі 18 жніўня 2023 года.

Сям’я Жанаты з Паўлінай Скурко. У шлюбе гадуе сына.

Узнагароды Лаўрэат прэміі імя Льва Сапегі (2025).

Спасылкі Старонка Андрэя Скурко на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна»

Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі газеты «Наша Ніва» (1991) Катэгорыя:Палітвязні Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»