Фунда́тар (ад , ад дзеяслова fundare — засноўваць, мацаваць, будаваць з падмурка; праз польск.: fundator) — асоба, якая з’яўляецца ініцыятарам стварэння чаго-небудзь або дае ўласныя фінансавыя сродкі на заснаванне і будаўніцтва ўстаноў грамадскага карыстання (храм, манастыр ці кляштар, шпіталь, бібліятэка) ці твораў мастацтва (помнік, алтар, абраз). Таксама фундатарам называюць заснавальніка дабрачыннага або культурнага фонду.
Гісторыя і прававы статус
Дзейнасць фундатара, якая прадугледжвала ахвяраванне манастырам, храмам і іншым установам зямельных угоддзяў, грошай, каштоўнасцей і іншай маёмасці, называлася фундацыяй (ад — заснаванне). Дакумент (дароўная), згодна з якім адбывалася перадача сродкаў, а таксама самі перададзеныя сродкі або маёмасць, мелі назву фундуш (ад ). Ахвяраванні (фундушы) звычайна рабілі феадалы або дзяржава для заснавання пераважна духоўных устаноў і іх матэрыяльнага забеспячэння.
На землях Вялікага Княства Літоўскага ў XV — пачатку XVI стагоддзя былі шырока вядомы фундацыі каталіцкім рэлігійным установам. Разам з тым, паводле пастановы вялікага князя літоўскага Казіміра ў 1481 годзе будаўніцтва праваслаўных храмаў на тэрыторыі дзяржавы было забаронена. Толькі ў 1507 годзе, пасля амаль трыццацігадовага перапынку, з'явілася першая грамата аб фундацыі на праваслаўную царкву.
Асноўнай формай фундацыі з боку дзяржавы і насельніцтва на цэрквы і касцёлы ў першай палове XVI стагоддзя з'яўлялася дзесяціна — натуральны падатак збожжам. У выніку правядзення валочнай памеры дзесяціна ў дзяржаўных уладаннях адмянялася, а цэрквы і касцёлы надзяляліся зямлёй памерам у адну ці дзве валокі. Ахвяраванні і завяшчанні асобных феадалаў на карысць царквы былі вельмі разнастайныя: яны маглі ўключаць зямлю з сялянамі, пустаўшчыны, сенажаці, лясы, гарадскія юрыдыкі, вёскі, цэлыя маёнткі, а таксама грошы, каштоўнасці і іншую рухомую маёмасць.
Фундатараў варта адрозніваць ад блізкіх па значэнні гістарычных тэрмінаў. У адрозненне ад данатара (ад лац. даравальнік), які з’яўляецца толькі ахвярадаўцам і можа ўдзельнічаць у калектыўнай дабрачыннасці шляхам грашовага ўнёску або завяшчання без заснавання самога аб'екта, фундатар дзейнічае як галоўны ініцыятар і стваральнік з нуля. У традыцыі Праваслаўнай царквы блізкім сінонімам фундатара выступае тэрмін кцітар.
У мастацтве
У сакральным мастацтве фундатараў часцей за ўсё адлюстроўвалі ў позе адаранта (у малітве). На рэлігійным жывапісе і ў скульптуры яны звычайна паказваліся меншымі па памеры ў параўнанні з галоўнымі святымі персанажамі або ўкленчанымі. Вельмі часта фундатар трымаў у руках мініяцюрную мадэль заснаванага ім будынка. Такія выявы размяшчаліся на бакавых створках гатычных алтароў, на спецыяльных фундацыйных табліцах, вітражах і сценах, звычайна побач з выявай святога патрона заснавальніка.
Гл. таксама Данатар Кцітар Спонсар Мецэнат Фундуш Фундацыя
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Дабрачыннасць Катэгорыя:Права Вялікага Княства Літоўскага