Ігар Іванавіч Бузоўскі (нар. 10 ліпеня 1972, в. Кашалёва, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць, БССР, СССР) — беларускі дзяржаўны функцыянер. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2014—2016 гадах, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь у 2018—2024 гадах, рэктар Акадэміі кіравання (2024—2025). Фігурант Чорнага спісу Еўрасаюза, санкцыйных спісаў шэрагу іншых краін.
Біяграфія У 1993 годзе скончыў Мінскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча па спецыяльнасці «Сацыяльны педагог — псіхолаг».
У 1993—1994 гадах праходзіў службу ў афіцэрскім складзе арміі. У 1994—1998 гадах працаваў у Цэнтры пазашкольнай працы ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама (педагог-псіхолаг, загадчык аддзела сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай працы). У 1998—2002 гадах працаваў на кіруючых пасадах у маладзёжных грамадскіх арганізацыях і аб’яднаннях. У 2002—2003 гадах намеснік генеральнага дырэктара Дырэкцыі прамаціравання Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
У 2003—2005 гадах другі сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У 2005 годзе скончыў Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і муніцыпальнае кіраванне».
У 2005—2010 гадах саветнік-кансультант, галоўны саветнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2010—2014 гадах першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Са снежня 2014 года намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У снежні 2016 года вызвалены з пасады ў сувязі з пераходам на іншую працу.
Член саветаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў і па падтрымцы таленавітай моладзі.
У 2012 годзе абраны членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу 5-га склікання.
У сакавіку 2017 года прызначаны кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. З чэрвеня 2018 года намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Займаў гэтую пасаду да чэрвеня 2024 года, калі быў прызначаны рэктарам Акадэмія кіравання.
Сям’я Бацька — Іван Іванавіч Бузоўскі, палкоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Маці — Вера Бузоўская, бухгалтар. Сястра — Вольга Іванаўна Бузоўская, эканаміст.
Жанаты, мае сына.
Узнагароды ордэн Пашаны (2016), ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровая грамата Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровая грамата Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ганаровая грамата Камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ганаровая грамата Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2020), ордэн святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІ ступені, падзяка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзяка Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы, юбілейныя медалі.
Міжнародныя санкцыі 6 лістапада 2020 года ўнесены ў чорны спіс Еўрасаюза, санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі і Канады. Пры ўвядзенні санкцый Савет Еўрапейскага саюза адзначыў, што Бузоўскі як намеснік міністра інфармацыі адказваў за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці за рашэнне Міністэрства інфармацыі пра спыненне доступу да незалежных вэб-сайтаў і абмежаванне доступу ў інтэрнэт агулам у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года як інструмента рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, мірных дэманстрантаў і журналістаўConsolidated text: Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus .
24 лістапада 2020 года да санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, а 11 снежня — і Швейцарыя.
Крыніцы
Спасылкі Бузоўскі Ігар Іванавіч. Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Члены Савета Рэспублікі. Бузоўскі Ігар Іванавіч
Катэгорыя:Кіраўнікі адміністрацый раёнаў Мінска Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання Катэгорыя:Намеснікі міністраў Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Рэктары Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС