Каралеўская бібліятэка — прыватная прыдворная бібліятэка Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Гісторыя заснавання бібліятэкі Бібліятэка была заснавана ў 1764 годзе пасля засялення ў Каралеўскі палац у Варшаве новаабранага польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Бібліятэка была заснавана на базе прыватных збораў Панятоўскага і закупленых ім іншых прыватных кнігазбораў.
У 1780—1784 гадах для патрэб бібліятэкі было пабудавана новае памяшканне, якое прылягала да паўночнага крыла палаца «Пад бляхай». Інтэр’ер бібліятэкі спраектаваў каралеўскі архітэктар італьянскага паходжання Дамінік Мерліні. Будынак меў 56 метраў даўжыні і 9 метраў шырыні. З паўночнага боку будынак меў 15 вакон. На даху будынка знаходзілася назіральная тэраса. Кароль і яго госці выходзілі на тэрасу з Залы Каналета.
Пасля смерці караля ўладальнікам збораў, як тых, якія знаходзіліся ў будынку каралеўскай бібліятэкі, так і збораў у бібліятэках іншых каралеўскіх рэзідэнцый, такіх як Казяніцы і Лазенкі, стаў князь Юзаф Панятоўскі. У 1803 ці ў 1809 у бібліятэцы налічвалася 158 тыс. тамоў (паводле іншых даных, 15 580 тамоў) таксама астранамічныя і матэматычныя інструменты, медалі (54 тыс. штук), мінералы і помнікі старажытнасці, якія на суму 25 тыс. злотых набыў Тадэвуш Чацкі. Усё гэта было перавезена ў Крэмэнэць у бібліятэку Крамянецкага калегіума. Пасля зачынення калегіума ў 1834 годзе, зборы бібліятэкі калегіума, разам са зборамі бібліятэкі Панятоўскага былі вывезены ў Кіеў, дзе яны сталі асновай для бібліятэкі Кіеўскага імператарскага ўніверсітэта святога Уладзіміра.
Каралеўская бібліятэка з’яўляецца адзіным будынкам з комплекса Каралеўскага замка, які ацалеў у часы Другой сусветнай вайны, а ў яе інтэр’ерах захаваліся арыгінальныя архітэктурныя ўпрыгожванні.
Бібліятэчныя зборы
Панятоўскі быў бібліяфілам, аматарам мастацтва і мецэнатам літаратуры. Акрамя кніг, ён збіраў карціны, манеты і медалі, астранамічныя і метэаралагічныя прылады. На працягу 31 года свайго панавання Панятоўскі сістэматычна павялічваў зборы, набываючы кнігі і рукапісы гістарычнай і геаграфічнай тэматыкі, купляючы карты, атласы і глобусы. Калекцыю павялічвалі дарункі, куплянні і пастаянныя падпіскі. Пасля смерці караля кошт сабраных кніг ацэньваўся ў 222354 злотых.
На момант заснавання бібліятэкі ў 1778 годзе зборы налічвалі каля 5 тыс. тамоў. У 1783 годзе, калі бібліятэка была перанесена ў палац «Пад бляхай», яна налічвала каля 7,5 тыс. тамоў; у 1793 годзе каля 13 тыс. тамоў, а ў канцы існавання бібліятэкі (1795—1798) колькасць кніг у ёй складала 15-20 тыс. тамоў. Гэта былі кнігі большай часткай на замежных мовах, паводле зместу іх можна было падзяліць на тры часткі: філасофія, мастацкая літаратура і гісторыя. Большая частка кніг мела пераплёты, выкананыя са скур, афарбаваных у бронзавы, чырвоны ці зялёны колер, упрыгожаныя ажурнымі рамкамі, ціснёнымі золатам, з размешчаным у цэнтры каралеўскім гербам, які з’яўляўся адначасова суперэкслібрысам.
Асобны аддзел складаў збор альбомаў, які налічваў 30 000 гравюр і малюнкаў у 596 тамах, а таксама некалькі сотняў тамоў з калекцыі гістарычных і гісторыка-літаратурных рукапісаў. Станіслаў Аўгуст валодаў таксама зборамі, размешчанымі ў іншых каралеўскіх рэзідэнцыях, напрыклад, у Лазенках, дзе знаходзілася 2128 тамоў, ці ў Казяніцах, дзе было 349 тамоў, галоўным чынам мастацкай літаратуры: паэзія, апісанні падарожжаў, раманы і аповесці.
Бібліятэкары Першым бібліятэкарам Бібліятэкі Станіслава Аўгуста быў француз Жазэф Дзюгамэль. У 1766—1790 гадах гэтую пасаду займаў Марэк Людвік Рэвердзіл, які ў 1783 годзе стварыў першы бібліятэчны каталог збораў. Пасля яго смерці ў 1790 годзе функцыю бібліятэкара выконваў Ян Баптыст Альбертандзі. Ён пакінуў новы сістэматычны каталог, які ўтрымліваў 14 500 адзінак, падзеленых на дзесяць раздзелаў.
Архіў Станіслаў Аўгуст рабіў запісы сваіх размоў з высокапастаўленымі гасцямі. Стэнаграфісты на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў склалі шмат дакументаў аб яго панаванні. Архіў знаходзіўся ў Каралеўскім замку ў Варшаве, яго захавальнікам быў Хрысціян Вільгельм Фрызэ, а пасля яго, з сярэдзіны 1794 года, епіскап Ян Альбертрандзі. Архіў Станіслава Аўгуста складаўся з каля тысячы пераплеценых кніг, звязак папер, розных пакетаў і г. д. Пасля ад’езду Станіслава Аўгуста ў студзені 1795 года ў Пецярбург, архіў быў падзелены на чатыры часткі:
Першая частка — каля 100 тамоў было адаслана ў Пецярбург, дзе расійскія архівісты надалі збору памылковую назву «Архівы Польскага Каралеўства». Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года савецкая ўлада вярнула гэты збор Польшчы. Другая частка — 152 папкі і 133 тамы рукапісаў, іх атрымаў ад караля Тадэвуш Чацкі, а пасля яго смерці збор апынуўся ў Адама Ежы Чартарыйскага і цяпер знаходзіцца ў Музеі Чартарыйскіх у Кракаве. Трэцяя частка — 372 тамы дакументаў атрымаў на захаванне Марцін Бадэні. Гэты каштоўны збор (дакументы датычацца замежнай палітыкі) апынуліся пазней у кракаўскай сям’і Попелаў. У 1930 годзе ўрад дзяржавы выкупіў гэтыя дакументы, і цяпер яны знаходзяцца ў Галоўным Архіве Старажытных Актаў у Варшаве. Чацвёртая частка ўтрымлівае дакументы, якія тычацца першых дзесяці гадоў праўлення Станіслава Аўгуста. Дакументы былі вывезены з Польшчы Станіславам Панятоўскім у 1804 годзе, і іх далейшы лёс невядомыJerzy Stanisław Łojek August Poniatowski i jego czasy, Warszawa 1998..
Гл. таксама Манускрыпт Станіслава Аўгуста
Літаратура
Катэгорыя:Бібліятэкі Польшчы Катэгорыя:З’явіліся ў 1764 годзе Катэгорыя:1764 год у Еўропе Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Варшаве