Касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля — рымска-каталіцкі храм у Гродне.
Гісторыя У 1993 годзе у мікрараёне Дзевятоўка ў Гродне паўстала новая парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля. Першым пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Ян Зубель, які паклапаціўся пра пляц пад будаўніцтва касцёла і пра падрыхтоўку яго архітэктурных планаў. Улетку 1994 годзе на скрыжаванні вул. Курчатава і Ліможа гэты пляц быў асвечаны, таксама была пабудавана часовая капліца, асвечаная 28 жніўня 1994 г. пад тытулам Найсвяцейшага Адкупіцеля. У ёй да снежня 2009 года праводзіліся ўсе набажэнствы. 22 снежня 1996 года адбылося першае набажэнства Няспыннай Навэнны перад абразом Маці Божай Няспыннай Дапамогі, змешчаным у капліцы. З таго часу набажэнства Навэнны збірае вернікаў кожную сераду. У 1997 годзе дырэктар «Радыё Марыя» перадаў фігуру Маці Божай Фацімскай у капліцу на Дзевятоўцы.
14 лістапада 1997 года дзякуючы намаганням кс. Вальдэмара Слоты распачалося будаўніцтва касцёла і душпастарскага цэнтра рэдэмптарыстаў.
15 кастрычніка 2011 года касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля быў урачыста кансэкраваны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
Да Дзевятоўскай парафіі належаць капліцы ў Багушоўцы і Русоце, а таксама каплічка на могілках у Малышчыне. Айцам рэдэмптарыстам у парафіяльнай працы дапамагаюць сёстры назарэтанкі з Гродна. Пры касцёле знаходзіцца катэхетычны дом, у якім адбываюцца катэхезы і сустрэчы душпастарскіх груп.
У 2014 годзе ў касцёле стварылі самую вялікую батлейку ў Беларусі. Яе памеры - 5,5 м у даўжыню і 5 м у шырыню. На ёй размешчаны больш за 100 лялек. Сканструяваў батлейку айцец Казімір Зымула. Частка яе зроблена ў Тухаве (Польшча).
Архітэктура Праект велічнага комплекса распрацавала праектнае бюро «Inarko» (архітэктар Генрык Зубаль; ) у польскіх Глівіцах і адаптаваны гродзенскім праектным інстытутам «Гроднаграмадзянпраект» (2000-я, арх. А. Штэн, І. Казлоўскі, Т. Чорная)Т. В. Габрусь. Актуальныя сродкі архітэктурна-мастацкай выразнасці сучасных каталіцкіх храмаў). Гэты праект блаславіў падчас аўдыенцыі Папа Рымскі Ян Павел II.
7 лістапада 2000 года у муры касцёла і душпастарскага цэнтра быў умураваны вугольны камень, які паходзіць з гробу Св. Пятра ў Рыме. Камень быў падораны і асвечаны бл. Янам Паўлам II. Умураванне каменя здзейсніў Яго Эксцэленцыя кс. бп Антоній Дзям’янка ў прысутнасці правінцыяла Варшаўскай правінцыі рэдэмптарыстаў.
Святыня пабудавана ў стылі неаканструктывізму з клінкеру, бутавага каменю і бетону. Касцёл уяўляе сабой працяглы трохнававы прамавугольны ў плане аб’ём пад сегментарным бляшаным дахам. Да бакавога фасада асіметрычна далучана магутная, трохвугольная ў сячэнні, вежа-званіца. Да другога бакавога фасада прымыкае, утвараючы клаўструм, карэ з двух-трохпавярховых кляштарных корпусаў і парафіяльных памяшканняў пад двухсхільнымі бляшанымі дахамі.
У галоўным алтары знаходзіцца вялікая фігура Хрыстаhttp://slowo.grodnensis.by/index.php?option=com_content&view=article&id=2558%3A17-357&catid=12%3Aparafii-i-swiatynie&Itemid=430&lang=by.
Касцёл з'яўляецца самым вялікім ў Гродне.
Пробашчы Ян Зубель Юзаф Гэнза Станіслаў Станеўскі
Спасылкі Гродна — парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) на Catholic.by
Катэгорыя:Касцёлы Гродна Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:З’явіліся ў 2011 годзе Катэгорыя:2011 год у Гродне Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Аляксандра Штэна Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Ігара Казлоўскага