За́мчышча або Замэ́чак — колішні фальварак на правым беразе Свіслачы, цяпер у межах горада Мінска.

На поўначы ад Замчышча месціцца Архірэйская Слабада, па паўночным захадзе — Архірэйская Пустынь, на захадзе — Чыжоўка, на ўсходзе — Падлоссе.

Гісторыя

Засценак Замэчак вядомы прынамсі з другой паловы XIX стагоддзя, уласнасць Варатніцкіх, двор якіх быў у Падлоссі. Уваходзіў склад Мінскага павета Мінскай губерні. Пасля 1861 года ў Сеніцкай воласці Мінскага павета.

У 1876 годзе ўласнасць двараніна рыма-каталіцкага веравызнання Аўгусціна Вінцэнтавіча Варатніцкага (нар. 1822), разам з Падлоссем было 56 дзесяцін зямлі, права валодання паводле купчых крэпасцяў ад 1855 і 1860 гадоў, гаспадарку вёў уладальнік.

У 1914 годзе ўладальнікамі Замшчышча былі Антоні (нар. 1849) і Зянон-Францішак (нар. 1854) Аўгуставы Варатніцкія, мелі 28 і 32 дзесяціны адпаведна.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1930 годзе арыштаваны і сасланы Шаблоўскі Франц Язэпавіч (нар. 1869), уласнік аднаасобнай гаспадаркі на хутары Замшчышча, тады Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі. Уласнасць нацыяналізаваная, тут размясціўся Дом адпачынку «Замчышча».

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

Пасля вайны размешчанае педагагічнае вучылішча. У 1975 годзе тут утворанае Мінскае авіяцыйнае вучылішча.

Насельніцтва

1908 год — 3 двары, 8 жыхароў 1917 год — 1 двор, 18 жыхароў (10 беларусаў і 8 палякаў)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска