Крошынскія — вялікалітоўскі княжацкі род.

Гісторыя Напэўна, галіна смаленскіх або чарнігаўскіх князёў Рурыкавічаў. Ужывалі герб, у геральдычных творах XVI—XVII ст. называны «Ліхтар», магчыма, мадыфікацыю трызуба Рурыкавічаў. Першы вядомы прадстаўнік роду князь Іван Раманавіч згадваецца ў 1446—1450 гадах. У 2-й палове XV ст. некалькі князёў Крошынскіх мелі вотчыны на ўсходзе Смаленскай зямлі, занятыя ў 1487 годзе войскамі вялікага князя маскоўскага Івана III. Узамен князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі (? — пасля 1513) атрымаў ад вялікага князя літоўскага Аляксандра ў 1503 годзе «двор» Дубна ў Гарадзенскім павеце да часу вызвалення смаленскіх уладанняў.

Адна з галін роду згасла ў 1561 годзе, другая жыла ў Літве і Жамойці да канца XVII ст.

Вядомыя прадстаўнікі Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі (? — пасля 1513), акольнічы і скарбнік смаленскі. Піліп Крошынскі Іван Піліпавіч Крошынскі (? — каля 1527). Васіль Іванавіч Крошынскі (? — да 1539). Іван Васілевіч Крошынскі (каля 1510—1561), апошні з гэтай галіны Крошынскіх. Цімафей Піліпавіч Крошынскі (? — каля 1543), акольнічы смаленскі. Іван Цімафеевіч Крошынскі (? — каля 1570), намеснік упіцкі (1546), браслаўскі (1554—1558).

Літаратура

Сліж Н. Маёмасныя справы Мар’і Канстанцінаўны Крошынскай у святле яе тастаменту // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 14. — 2021. — С. 151—163.